Назіральнік за выпадковасцю

Апублiкавана: 22 сакавiка 2025 Стужка Музеі Мінск Вернісаж

Аўтар: СВІРЫН Ілья

Рэтраспектыва легенды беларускай фатаграфіі Віктара Бутры ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў мае назву “Эфект назіральніка”. Гэты навуковы тэрмін адлюстроўвае цікавую амбівалентнасць: з аднаго боку, назіральнік — той, хто апрыёры не ўмешваецца ў падзеі, з другога — ужо сама яго прысутнасць нейкім чынам на тыя падзеі ўплывае. Менавіта ў статусе назіральніка бачыць сябе аўтар выставы:“Праз пасрэдніцтва фота я збіраю матэрыял для тых, хто можа яго даследаваць”. Каго ён меў на ўвазе ў гэтай загадкавай фармулёўцы? Напэўна, кожнага, хто прыйдзе ў залы НЦСМ, каб пазнаёміцца з творчым наробкам фатографа, які ніколі не імкнуўся браць на сябе шмат увагі.

ЗДЫМАЦЬ ТОЕ, ШТО НАВОКАЛ… 

Самыя даўнія з прадстаўленых на выставе здымкаў зробленыя яшчэ ў 1959-м. Падлеткі з цікаўнасцю атачылі трубы з гарачай вадой, з якіх віецца пара… Тады аўтару было 15, але ён лічыць, што творчы шлях пачаў на два гады раней! 

Віктар Бутра наўмысна не фрагментуе сваю творчасць на стандартныя перыяды: вучоба, сталенне, майстэрства… “Ды які я майстар, перастаньце!” — любіць казаць ён. І ў гэтым ёсць нешта большае за звычайную сціпласць. Бо як тады, у савецкім дзяцінстве, так і цяпер ён кіруецца адзіным памкненнем: “Мне цікава здымаць тое, што навокал мяне”. Большасць здымкаў, зробленых за амаль сем дзесяцігоддзяў творчасці, не пастановачныя, а “ўбачаныя”. Фатограф і сапраўды абраў у дачыненні да рэальнасці сціплую ролю назіральніка. Адхрысціўшыся ад уласцівага многім творцам жадання зрабіць гэты свет прыгажэйшым ды цікавейшым — прынамсі, на сваіх добра зрэжысіраваных здымках, якія атрымаліся з сотага дубля. 

На фота Віктара Бутры жыццё паўстае… такім, якое яно ёсць. То-бок поўным дзівосаў і натуральнай, непрыдуманай, “нефільтраванай” прыгажосці, што тоіцца ў самых звыклых, здавалася б момантах. 

НЯСПЫНЕНЫЯ ІМГНЕННІ 

Вядома, крытэрыі добрага фота ў кожнага аўтара свае. У дадзеным выпадку сфармуляваць іх — задача не з простых. Цяжка зразумець, паводле якіх параметраў Бутра вылучыў гэты момант рэчаіснасці сярод іншых — каб паспець яго зафіксаваць ды потым змясціць у рамку. 

— Ніякіх вызначаных крытэрыяў у мяне няма, — прызнаецца ён. — Хіба толькі мурашкі па скуры. Цябе нешта чапляе, ты нібы адчуваеш штуршок: здымай, пакуль не позна! Бо жыццё не стаіць на месцы. Часцей мне ўдаецца зрабіць усяго адзін-два кадры, а потым нешта мяняецца. Бывае, не паспеў, і гэты кадр доўга і помсліва вымалёўваецца ў свядомасці... Некаторыя моманты заставаліся ў памяці гадамі — на той выпадак, калі гэта нейкім цудам паўторыцца, каб я быў гатовы. Але звычайна шанц даецца толькі аднойчы. 

Пытаю, ці не было жадання рэкан- струяваць тыя “няспыненыя імгненні” штучным чынам. Маўляў, паўтарыце, калі ласка, яшчэ раз… Ды фатограф адказвае катэгарычным “не”. Выдаваць пастановачнае фота за спантаннае не ягоны метад. 

— Бывала, калі кажаш знаёмаму: “Стоп, замры, не рухайся, нічога не мяняй… Я пакуль вазьму здымач”, — згадвае фотамастак. — Аднак звычайна за той адцінак часу, які мне патрэбны, каб дастаць камеру, людзі ўсё адно мяняюцца. І я разумею, што момант сышоў… Зрэшты, мо кожная няўдача была невыпадковай? Мо гэта абарона ад нейкіх неспрыяльных наступстваў для мяне або таго, хто мог апынуцца на здымку? 

СПРЫНТАРСКІЯ НАВЫКІ 

З героямі сваіх фота аўтар не дамаўляўся папярэдне. Ды і як тут дамовішся, калі фіксуеш выпадковыя моманты? Вось, скажам, убачыў ногі, што тырчаць з акна верхняга паверху студэнцкага інтэрната (дзяўчына загарала, рыхтуючыся да экзамену). Або ў маскоўскім парку аматарка загару накрылася газетамі, каб не атрымаць залішнюю дозу сонца. 

— Я паспеў зрабіць хіба пару кадраў, — успамінае Віктар Бутра. — У люстэркавых фотаапаратаў вельмі гучны шчаўчок, а я здымаў з адлегласці меней чым два метры. Жанчына пачула і была… не надта задаволеная. І сапраўды, людзі зазвычай дбайна выбіраюць, у якія моманты, у якім выглядзе і ў якіх ролях ім належыць быць зафіксаванымі на фота. Пераважна іх паставы парадныя, а сітуацыі — дакладна вывераныя. Ды лішне казаць, што гэта не наш выпадак. — Не, пра наступствы сваіх здымкаў я не хваляваўся, бо яшчэ шкаляром выйграваў прызы на спаборніцтвах па бегу, — усміхаецца Віктар Бутра. 

Аднак у адказ на заканамернае пытанне прызнаецца: выкарыстоўваць спрынтарскія навыкі пакуль не даводзілася — прынамсі, у рамках фотакар’еры. 

ВЕЧНЫ АМАТАР 

Гэты фатограф сёння мае ўсе падставы жартаваць пра адноснасць успрымання ўзросту (“Тыя людзі, якіх раней лічыў старымі, здаюцца цяпер… проста сталымі”). І ў ахвоту згадвае, як 13-гадовы Віця разам з іншымі радыёаматарамі лавіў у эфіры сігналы першага спадарожніка. А ў 1961-м настаўнікі папрасілі вучня выпускнога класа тэрмінова наладзіць працу радыёвузла — каб школа своечасова пачула навіну пра першы палёт чалавека ў космас. 

Здавалася б, эпоха праходзіла побач…. Аднак Бутра прызнаецца: памкнення зрабіць эпахальнае фота ніколі не меў:

— Для гэтага ёсць фотарэпарцёры. Я ж аматар. Як стаў ім у 1957-м, так і застаюся. Здымаю тое, што мне блізка. Праўда, дасылаў свае фота ў СМІ, іх прымалі. На ганарары купляў фотапаперу, каб мець магчымасць нейкі час спакойна рабіць тое, што хочацца… 

Здымкі Віктара Бутры займелі вядомасць яшчэ ў савецкія часы. Аднак ён абраў іншую спецыяльнасць — медыцыну. Прычым ці не ў самым сур’ёзным яе вымярэнні: доўгі час займаўся мікраскапічнай дыягностыкай пухлінаў і пухлінападобных працэсаў. Ніякіх повязяў і ўзаемаўплыву паміж гэтай галіной і фатаграфіяй не бачыць. 

— Што такое фатаграфія? — пытаецца ён. — Гэта вынік сінтэзу паміж прачытаным, пачутым, убачаным, ператраўленым табою папярэдне — і тым момантам, які ты бачыш непасрэдна. Самае дакладнае вызначэнне — рэзананс таго, што ў цябе ўнутры, з тым, што адбываецца тут і цяпер. Нешта актывізуецца з твайго мінулага досведу — і вока выхоплівае імгненна складзены вобраз. У мяне часта і вобраз, і назва з’яўляюцца адразу, у адзін момант. Як гэта адбываецца, які механізм?.. Шчыра кажучы, ніколі нават не спрабаваў тое зразумець і патлумачыць. З галавой наогул разабрацца складана. Падчас вучобы ў Рыжскім медінстытуце я здаў калёквіум, як у нас казалі, “па галаве” раз мо на восьмы, што было вельмі неблагім вынікам. Але і дасюль… шмат пытанняў узнікае з гэтай нагоды. 

“НЕПРЫЧАСАНАЕ” ЖЫЦЦЁ 

Здавалася б, гэты культавы фотамастак ужо даўно вымагае па-музейнаму класічнай выставы — з апірышчам на самыя знакавыя, бадай іканаграфічныя творы і дакладнай адбіўкай па тэмах ды храналогіі. Аднак куратарка рэтраспектывы ў НЦСМ Дзіна Даніловіч абрала іншы прынцып выбудоўвання экспазіцыі. 

— Звычайна ўсе згадваюць асобныя фота Віктара Бутры, той звыклы набор вобразаў, з якімі асацыюецца аўтар, — а ён ужо нібы забранзавеў для маладзейшых пакаленняў, — тлумачыць яна. — Аднак было важна не будаваць яму помнік пры жыцці, а адлюстраваць творчасць Бутры як несупынны працэс. Падчас многіх гадзін нашых размоў, якія папярэднічалі выставе, падчас карпатлівага адбору твораў я зразумела, што мы ведаем толькі ўрыўкі творчай дзейнасці гэтага шанаванага ўсімі фатографа. Таму было важна зрабіць пра яго цэласнае выказванне. 

Сам фотамастак робіць кампліменты куратару, звяртаючы ўвагу на прадуманасць нават тых дробязяў у экспазіцыі, на якія не кожны зверне ўвагу. 

— Так, Віктар і сам прасіў, каб я адмовілася ад класічнай развескі твораў, — працягвае Дзіна. — Гэта той аўтар, які адлюстроўвае жыццё, а яно ніколі не бывае ўпарадкаваным ды каталагізаваным. Яно заўсёды нібы на цябе навальваецца, літаральна крычыць нешта ў твар… Вось такога эфекту мы імкнуліся дасягнуць. 

На выставе побач з вядомымі фота можна ўбачыць маленькія “кантролькі”, варыянты, нейкія эскізы… А таксама ўзятыя ў рамачку зацемкі фатографа, дзе адзначаны розныя чыста тэхнічныя нюансы, абавязковыя ў тым выпадку, калі працуеш са стужкай. Гэта сёння тэхніка агульнадаступная і, бадай, усёмагутная. У мінулыя часы, каб дасягнуць належнага выніку, трэба было ўлічваць мноства параметраў. 

АДКУЛЬ УЗЯЛОСЯ “НАТХНЕННЕ” 

Зрэшты, фотахіты на выставе таксама прадстаўленыя. Здымак “Натхненне дантыста” займеў немалую папулярнасць яшчэ ў савецкі час. Ды і сёння яго ведаюць нават тыя, хто ніколі не цікавіўся аўтарскай фатаграфіяй. 

— Я ўжо сеў у стаматалагічнае крэсла, але тут раптам прыбег іншы пацыент ды ўзмаліўся: “Доктар, не магу больш трываць…” — распавядае гісторыю кадра Віктар Бутра. — Давялося саступіць яму месца. Я стаў здымаць сімпатычную смяшлівую дантыстку Алу Іванаўну Трубкіну (ну і памяць! Падзея адбылася ў 1966 годзе! — І.С.). Ёй патрапіўся кіслы яблычак, і міміка маладзіцы мяне зацікавіла. Ды тут чую стогн. Паварочваюся. Апарат у мяне ў руках. Паспеў зрабіць пару кадраў. 

Як прызнаецца аўтар, спярша назва была іншай: “Засяроджаны дантыст”. Адпаведна, і пасыл больш сур’ёзны. Аднак фота выклікала крытыку: маўляў, доктар выглядае непарадна, галаўнога ўбору на ім няма… Што за дыскрэдытацыя савецкай медыцыны? І толькі праз дзесяць гадоў здымак выйграў прыз на ўсесаюзным конкурсе… гумарыстычнага фота. Назва была змененая з гэтай нагоды. 

Віктар Бутра памятае імёны людзей і назвы караблёў, якія здымаў болей за паўстагоддзя таму. А таксама ў дэталях можа пераказаць гісторыі, што суправаджалі кожны здымак. Нават прыгадае, колькі кадраў ён паспеў зрабіць. 

Так, кожнае фота Бутры мае канкрэтную гісторыю — але ж яна ў літаральным сэнсе слова застаецца па-за кадрам. Часам гісторыя таямнічая, да канца няўцямная. Вось, скажам, здымак дзвюх маторак, якія разыходзяцца амаль пад прамым вуглом. Што і спарадзіла такую бурапенную геаметрыю, вартую фіксацыі на стужцы. 

Як распавядае аўтар, справа была ў Віцебску, на Дзвіне. Дзве лодкі ішлі амаль усутыч — мабыць, трэніруючыся перад спаборніцтвамі. Ды раптам на ўзбярэжнай з’явілася жанчына, якая зрабіла нейкі знак кіроўцу адной з маторак. Той рэзка павярнуў да берага, ледзь унікнуўшы сутыкнення. 

Пра ўсё гэта Віктар Бутра ахвотна распавядзе кожнаму, калі ў яго запытаць. А што калі такой магчымасці сумоўя з фатографам не будзе? Не можа ж ён увесь час прысутнічаць на выставе… Тады, думаецца, глядач дасць сабе рады сам. Пагатоў, вобразы настолькі выразныя, што здатныя ўражваць і без ведання кантэксту. 

Праўда, успрынятыя яны будуць неяк іначай. Я запытаў у фатографа, ці не бянтэжаць яго выпадкі, калі глядач гэты кантэкст разумее няправільна або дадумвае. 

— Ніколі не хваляваўся адносна таго, як мае фота будуць прачытаныя, — прызнаўся спадар Віктар. — Мне было цікава — я гэта зняў... Кожны вынесе з выставы тое, што ён у стане ўбачыць. У кожнага ўзнікнуць свае думкі або асацыяцыі. А паколькі зробленае і надрукаванае фота пачынае жыць уласным жыццём, якое ад аўтара ўжо не залежыць, права гледача — мець сваё меркаванне. 

Але ж дыялог з гледачом Віктару Бутру патрэбны — прынамсі, ён уступае ў яго ахвотна. Як тлумачыць аўтар, яму заўсёды важна даведацца, чаму яго здымак падабаецца або раздражняе: — 

А потым ужо сумясціць аргументацыю гледача з маім успрыманнем — і, магчыма, прыйсці да высновы: так, ён мае рацыю, я дапусціў тыя ці іншыя хібы. Такі дыялог, дарэчы, часта ўзнікае і сам з сабою. Ён дае вынікі: я разумею, што ў некаторых здымках мне і сапраўды трэба было зрабіць не- шта іначай. Ды хіба гэта магчыма? Імгненне ж ужо не выправіш. 

Ілья СВІРЫН 

Фота Дзіны ДАНІЛОВІЧ