На карысць моладзі

Апублiкавана: 24 сакавiка 2025 Стужка Харэаграфія Мінск

Аўтар: ГРЫНКЕВІЧ Віялета

IV Рэспубліканскі конкурс харэаграфічнага мастацтва “Дэнс кангрэс” стартуе ў Мінску 25 красавіка.

Заснавальнікамі спаборніцтва з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў — адзін з вядучых цэнтраў развіцця айчыннага харэаграфічнага мастацтва. 

Мэта праекта — падтрымка таленавітай, прафесійна- арыентаванай моладзі краіны. І ў рэалізацыі гэтай місіі, па словах рэктара БДУКМ Наталлі Карчэўскай, ёсць прыкметныя поспехі. 

— Пераможцы мінулых гадоў актыўна ўдзельнічаюць у канцэртнай дзейнасці Беларусі. Для лаўрэатаў адкрыты найлепшыя пляцоўкі — найважнейшае дасягненне спаборніцтва, — распавядае рэктар. — Да прыкладу, Карына Мятлікава з Рагачова — прызёр 2024-га — выступіла на заключным гала-канцэрце “Марафону адзінства”. Дзяўчына трапіла ў шэраг выканаўцаў трагічнай мініяцюры “Хані” — аднаго з самых шчымлівых і кранальных нумароў. Важна і тое, што “Дэнс кангрэс” адпавядае ўсім крытэрыям для атрымання заахвочванняў спецфонду Прэзідэнта. 

Сёлета спаборніцтва разгорнецца з 25 па 27 красавіка ў сценах спартыўна-культурнага цэнтра БДУКМ. Да мінскай сцэны канкурсанты пройдуць адборачны тур, які прадугледжвае стварэнне відэазаявак. Іх колькасць, як адзначыла Наталля Карчэўская, традыцыйна перавышае выніковы склад удзельнікаў. 

— “Дэнс кангрэс” адкрыты для сольных выканаўцаў, дуэтаў і калектываў з розных рэгіёнаў Беларусі. Дапускаюцца танцавальныя нумары, створаныя на працягу апошніх трох гадоў. Гэтае правіла дае істотны стымул для развіцця харэографаў Беларусі, — распавядае рэктар. — Спаборніцтва праводзіцца ў дзвюх намінацыях: “Сучасны танец” і “Беларускі танец: традыцыя і навацыя”. 

Спадзяёмся, што і сёлета адкрыем новыя імёны і калектывы, а нашы пастаянныя ўдзельнікі прывязуць цікавыя працы. Унікальныя нумары з году ў год дэманструе, напрыклад, ансамбль з вёскі Пабалова Гомельскай вобласці. Высокі ўзровень майстэрства маюць навучэнцы Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Мноства яркіх аб’яднанняў рознай накіраванасці дзейнічаюць у Баранавічах. Выдатна праяўляюць сябе выканаўцы з Віцебшчыны, творчасць якіх знаходзіцца пад плённым уплывам мясцовага Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі. 

Ацэньваць танцавальнае майстэрства будуць вядомыя прадстаўнікі харэаграфічнага мастацтва Беларусі і замежжа. 

— Упершыню прыедзе артыст балета, тэатральны рэжысёр, народны артыст Расіі Андрыс Ліепа, а таксама выбітныя харэографы з Казахстана, — распавядае Наталля Карчэўская. — Кожны год абнаўляем судзейскі склад, каб больш прафесіяналаў убачылі ўзровень харэаграфічнага мастацтва ў нашай краіне. 

Яркі элемент конкурснай праграмы — “Лінія памяці. Код вайны”. Ваенна-патрыятычны праект рэалізаваны дзякуючы гранту Кіраўніка дзяржавы ў 2023 годзе. Дзясяткі чалавек, чатыры сцэнічныя пляцоўкі, якаснае гукавое і светлавое суправаджэнне, цікавы відэакантэнт — канцэрт зойме годнае месца сярод прысвечаных Вялікай Перамозе мерапрыемстваў. 

Пасля конкурсу запланаваны восем канцэртаў у розных напрамках харэаграфічнага мастацтва, дзе выпускнікі ўніверсітэта прадставяць свае работы. 

— Мерапрыемствы стартуюць у першай палове мая на сцэне спартыўна-культурнага цэнтра БДУКМ. Зможам убачыць, на якім узроўні знаходзяцца нашыя маладыя таленты. Многія з іх — лаўрэаты спецфонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, — расказвае рэктар. — Кастрычнік прысвецім святкаванню 50-годдзя ўстановы — першы сур’ёзны юбілей ВНУ. 

Віялета ГРЫНКЕВІЧ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА