Цырымонія ўступлення на пасаду зноў абранага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі адбудзецца 25 сакавіка.
Цэнтральная выбарчая камісія абвясціла дату інаўгурацыі ўчора, 20 сакавіка. А 18-га споўнілася 35 гадоў, як пачалася палітычная кар’ера Аляксандра Лукашэнкі.
“18 сакавіка 1990 года яшчэ ніхто не падазраваў, што гэты энергічны і непадкупны кіраўнік з яркімі лідарскімі якасцямі ўзначаліць Рэспубліку! У той дзень яго абралі дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі, — распавядае “Пул Першага”. — Са старту Лукашэнка праявіў сябе актыўным і бескампрамісным народным дэпутатам са сваёй пазіцыяй па галоўных напрамках развіцця краіны і жыцця грамадства. Сваім прынцыпам цяпер ужо прэзідэнт верны па гэты дзень”.
Вось і ў нядаўнім віншаванні суайчыннікаў з Днём Канстытуцыі, Кіраўнік адзначыў, што абноўлены пры ўдзеле мільёнаў беларусаў Асноўны Закон стаў фундаментам для пабудовы сапраўды народнай дзяржавы, у якой клопат аб чалавеку з’яўляецца прыярытэтам праводнай палітыкі.
— У Беларусі ствараецца грамадства роўных магчымасцей, забяспечваецца абарона правоў і свабод грамадзян, умацоўваецца інстытут сям’і, дзейнічае сістэма падтрымкі моладзі, актыўна развіваюцца ахова здароўя, навука і адукацыя, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Дзяржава аказвае садзейнічанне духоўнаму адраджэнню, захаванню культурнай спадчыны і міжканфесійнага дыялогу.
Гаворачы пра 80-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, Лідар падкрэсліў асаблівае значэнне палажэнняў Канстытуцыі, якія накіраваны на захаванне гістарычнай праўды аб свяшчэнным подзвігу беларускага народа.
— Гэту праўду аб героях, якія адстаялі свабоду Радзімы, павінны ведаць і памятаць нашы дзеці і ўнукі, — заўважыў Прэзідэнт. Ён перакананы, што патрыятызм, з’яднанасць, вернасць канстытуцыйным прынцыпам і каштоўнасцям стануць залогам працвітання і незалежнасці нашай краіны.
Што тычыцца інаўгурацыі, то, згодна з Канстытуцыяй, Кіраўнік дзяржавы ўступае на пасаду пасля прынясення прысягі ва ўрачыстай абстаноўцы ў прысутнасці членаў Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі, суддзяў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў не пазней за два месяцы з дня абрання Прэзідэнта.