Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Рыгора Шырмы справіла 85-годдзе. Юбілейная вечарына ўтрымлівала шмат віншаванняў, узнагарод і, вядома, багатую канцэртную праграму, дзе хапала прэм’ер.
Хор гучаў з віяланчэллю (“Святы” сучаснага аўтара Джона Тавенера), флейтай (часткі з літургіі “Захаваны анёл” Радзіёна Шчадрына), беларускім барытонам Кірылам Жаровіным — салістам Дзяржаўнага камернага музычнага тэатра “Санктъ-Петербургъ Опера” (творы Георгія Свірыдава). Але ў цэнтры — менавіта беларускія кампазіцыі і найперш прэм’ерныя.
Своеасаблівым эпіграфам да ўсяго канцэрта сталі словы Экзюперы, скарыстаныя Вячаславам Кузняцовым у “Рэчытатыве і харале”: “Са смерцю кожнага чалавека памірае невядомы свет”. Іх паўторы штораз гучалі з розным сэнсавым адценнем, а харал пакідаў пачуццё прасвятлення. Прэм’ерны хор “У мігценні лампад” Алены Атрашкевіч на словы Людмілы Воінавай з’яднаў традыцыі старадаўніх знаменных распеваў і сучасных патрыятычных песень, уласцівых беларускай эстрадзе. Знакамітае балетнае Адажыа Яўгена Глебава ў харавой версіі Веранікі Астапенка наблізілася да жанру калыханкі, а ціхі ўзыходзячы пасаж у канцы нагадаў лунанне анёла. Значнай падзеяй стала першае выкананне напісанага ў 1996-м “Псалма 150” Алега Янчанкі, дзе да вакалістаў дадаліся трубы, трамбоны, арган. Твор спалучаў харальнасць з авангарднымі гучаннямі. Невыпадковым быў і выбар інструментарыю: кампазітар працаваў арганістам нашай філармоніі, менавіта ён адкрываў усталяваны ў нас гэты магутны інструмент. Духавая ж медзь успрымалася тут дадатковай імітацыяй аргана.
Генеральны дырэктар Беларускай дзяржаўнай філармоніі Аляксандр Нікіта
Капэла працягвае ўзрошчваць уласных аўтараў, якія становяцца чальцамі Саюза кампазітараў. Фальклорнае аддзяленне, дзе, апроч усяго, гучалі часткі з Другой харавой сімфоніі “Поры года” Алега Хадоскі, адкрывалася прэм’ерай Кацярыны Сянкевіч. Пры выкананні сваёй партытуры “Да продкаў” яна не спявала ў хоры, а грала на хангу. Яго чароўныя гукі стваралі асаблівую атмасфернасць, а салісткі, акрамя спеваў, умотвалі клубкі, што дадавала нумару тэатралізацыі.
Сяргей Балыка (флейта)
Незвычайна інтэрпрэтаваліся “Жавароначкі” Людмілы Шлег, якія са свайго з’яўлення ў 1977-м на пэўны час сталі хітом канцэртных праграм. Кіраўнік капэлы Вольга Янум наўмысна прыхавала ў некаторых момантах скарыстаную народную песню, вывела на першы план падгалоскі, што зрабіла кульмінацыйнае спляценне поліфаніі яшчэ больш яркім.
Завяршэнне праграмы харэаграфічнай кампазіцыяй Галіны Гарыновіч прадэманстравала рухавасць, пластычнасць артыстаў. Капэла вярнула выкшталцоным апрацоўкам іх фальклорнае паходжанне, непарыўна звязанае з карагодамі, гульнямі, нескладаным танцавальным атачэннем. У такім варыянце творы набылі зусім іншыя прасторавыя рэаліі гуку.
Першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Шляхцін і галоўны дырыжор капэлы Вольга Янум
На біс салютавала знаная беларуская класіка — “На Палессі гоман, гоман” Уладзіміра Алоўнікава на верш Петруся Броўкі. Крыху сцішаны тэмп надаў твору грунтоўнасць, той стаў сапраўдным клічнікам вечарыны. А суправаджэнне спеваў пастаянным відэакантэнтам не толькі ўпрыгожвала канцэрт і ператварала яго ў лагічную сцэнічную дзею, але і выяўляла ў кожным творы іх глыбінны сэнс.
Віншавальны адрас міністра культуры, заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Руслана Чарнецкага зачытаў яго першы намеснік Дзмітрый Шляхцін. Ён уручыў калектыву-юбіляру Ганаровую грамату ведамства.
Падчас канцэрта
Шмат добрых слоў выказалі дырэктар Беларускай дзяржаўнай філармоніі Аляксандр Нікіта і яе мастацкі кіраўнік, заслужаны артыст Беларусі Юрый Гільдзюк, які назваў капэлу адным з горадаўтваральных калектываў нацыянальнай культуры і перадаў віншаванне ад Саюза музычных дзеячаў.
З прамовамі таксама выступілі старшыні Беларускага саюза кампазітараў Алена Атрашкевіч і чалец праўлення Алег Хадоска. Яны ўручылі падзякі БСК капэле, яе галоўнаму дырыжору Вользе Янум і падзяліліся ўспамінамі пра творчае супрацоўніцтва. Так, Алег Хадоска, які 15 гадоў працаваў артыстам хору, падкрэсліў, што менавіта тут адбылося станаўленне яго як чалавека і кампазітара. Цёпла адгукалася пра калектыў і вядучая канцэрта — музыказнаўца Вольга Брылон.
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА