Рэспубліканская акцыя “Я выбіраю сваю прафесію!”, у рамках якой 22 сакавіка адбудзецца адзіны дзень адчыненых дзвярэй ва ўсіх каледжах і ВНУ, стартавала. Пачатак ёй паклала выстава “Адукацыя і Кар'ера. Навучальныя тэхналогіі”, што праходзіла з 14 па 16 лютага ў Мінску.
Ужо больш за 20 гадоў з пастаянным поспехам выстава дэманструе адукацыйныя дасягненні нашай краіны, сучасныя тэхналогіі навучання, вучэбнае абсталяванне і новыя навучальныя праграмы, а таксама імкнецца звязаць таленавітую моладзь з найлепшымі навучальнымі ўстановамі. На адной выставачнай пляцоўцы з максімальнай эфектыўнасцю для ўдзельнікаў і зручнасцю для наведвальнікаў можна азнаёміцца з усім спектрам адукацыйных паслуг і магчымасцей. Летась выстава сабрала на сваіх плошчах 132 удзельнікі з Беларусі і Расіі, за тры дні працы яе наведала больш за 10 000 чалавек з розных гарадоў краіны. Сёлета на выставачнай пляцоўцы былі сабраныя 46 вышэйшых навучальных устаноў, 68 каледжаў, 42 прадпрыемствы — заказчыкі кадраў з усёй краіны, а таксама ўдзельнікі з Расіі. Асноўнай тэмай выставы стала “Прафарыентацыя. Кадры для эканомікі”.
На стэндах патэнцыяльных працадаўцаў школьнікі і студэнты змаглі даведацца не толькі аб тым, якую навучальную ўстанову неабходна скончыць для атрымання ўпадабанай прафесіі, але і дзе і кім можна пасля працаваць, якімі будуць заработная плата, умовы працы і кар’ерныя перспектывы. Наведвальнікі здолелі асабіста пагутарыць з прадстаўнікамі каледжаў і ВНУ, з першых вуснаў даведаліся пра патрабаванні пры паступленні, кошт навучання, пра стыпендыі і многае іншае. Выстава прыцягнула ўвагу навучэнцаў старэйшых класаў, абітурыентаў і іх бацькоў, студэнтаў і маладых спецыялістаў. У рамках дзелавой праграмы прайшлі шматлікія прэзентацыі, семінары, тэсціраванні і майстар-класы. Каля стэндаў устаноў адукацыі і патэнцыяльных працадаўцаў моладзі раздавалі ўлёткі і прапаноўвалі розныя інтэрактывы.
Упершыню на выставе быў сфарміраваны асобны тэматычны напрамак для вытворчых кампаній, які ўключаў такія аспекты, як абсталяванне навучальных устаноў, інтэрактыўнае абсталяванне, адукацыйныя тэхналогіі, электронныя сродкі навучання, вучэбныя і метадычныя дапаможнікі, адукацыйныя сэрвісы і праграмнае забеспячэнне, развівальныя гульні, спартыўны інвентар і абсталяванне для камбінатаў харчавання.
Шырока былі прадстаўленыя і расійскія ВНУ, сярод якіх Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны універсітэт, Вышэйшая школа эканомікі, Расійскі тэхналагічны ўніверсітэт, Расійскі эканамічны ўніверсітэт імя Пляханава, Маскоўскі інжынерна-фізічны інстытут, Казанскі федэральны ўніверсітэт, Прыволжскі медыцынскі ўніверсітэт ды іншыя.
Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця ўзяў удзел міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй Іванец, які падкрэсліў, што ў рамках выставы на адной пляцоўцы сабраліся прадпрыемствы рэальнага сектара эканомікі, каледжы і вышэйшыя навучальныя ўстановы, што сведчыць аб сумесным вырашэнні адных і тых жа задач. Сёння сістэма адукацыі не проста сродак падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў, але і магчымасць рэалізаваць свой творчы, навуковы, інтэлектуальны патэнцыял. На працягу двух апошніх гадоў была цалкам перафарматаваная работа па прафарыентацыі школьнікаў, і сёння можна сказаць, што слова “кар’ера” стаіць на першым месцы, бо больш за 40 заказчыкаў кадраў — буйных прадпрыемстваў нашай краіны — зацікаўліваюць маладых людзей для таго, каб у будучыні яны выбралі сваё першае месца працы.
Удзельнікаў таксама віталі прадстаўнікі іншых міністэрстваў і ведамстваў. За тры дні пляцоўку наведалі больш за 15 тысяч чалавек, што на траціну больш за леташні паказчык. Налета ёсць планы правесці гэты праект у новым Мінскім міжнародным выставачным цэнтры.
Установы адукацыі ў сферы культуры ўзялі актыўны ўдзел у праграме выставы. Свае стэнды прадставілі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі, Беларуская дзяржаўная харэаграфічная гімназія-каледж, Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А.К. Глебава, Мінскі дзяржаўны каледж рамесніцтва і дызайну імя М.А. Кедышкі, Гродзенскі дзяржаўны музычны каледж і іншыя.
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў правёў прэзентацыю спецыяльнасці “Сацыяльна-культурная дзейнасць” і валанцёрскага клуба, а студэнты факультэта музычнага і харэаграфічнага мастацтва прадставілі ўвазе наведвальнікаў харэаграфічную пастаноўку “Intento”. Таксама адбылася відэапрэзентацыя Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа і выступленне яе навучэнцаў з фрагментам з балета “Эсмеральда” кампазітара Цэзара Пуні, а Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў зладзіў дыялогавую пляцоўку “Крок у будучыню”.
Антон РУДАК
Фота аўтара