На карысць краіне

Апублiкавана: 16 сакавiка 2025 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Данііл ПІЎКАРЭЦ

Пасяджэнне Рэспубліканскай камісіі па разглядзе кандыдатур, якія вылучаюцца для прадастаўлення грантаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, прайшло ў сталіцы. У рамках мерапрыемства была арганізавана выстава-прэзентацыя вынікаў рэалізацыі праектаў 2024 года.

Падзея адбылася 11 сакавіка на базе Нацыянальнай акадэміі навук. Пасяджэнне ўзначаліў намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімір Каранік. 

Як заўважыў віцэ-прэм’ер, выдзяленне прэзідэнцкіх грантаў на ажыццяўленне ініцыятыў дазваляе падтрымаць таленавітых дзеячаў, забяспечыць фінансаванне і адміністрацыйную падтрымку для ўкаранення іх распрацовак. Уладзімір Каранік асобна адзначыў важнасць рэалізацыі праектаў у сферы культуры. Наступныя пакаленні павінны захаваць традыцыі і культурны код беларускага народа, перадаць яго нашчадкам. 

Падчас пасяджэння камісіі былі разгледжаны справаздачы леташніх атрымальнікаў грантаў, ацэнена практычная каштоўнасць іх праектаў. Быў праведзены аналіз эфектыўнасці грантавай падтрымкі як меры дзяржаўнага стымулявання працы. 

Важнай часткай мерапрыемства стала прэзентацыйная выстава па выніках рэалізацыі праектаў, якія ўдастоены прэзідэнцкіх грантаў у 2024 годзе. Сфера культуры была прадстаўлена дзевяццю стэндамі — па колькасці ініцыятыў, што атрымалі дзяржаўную падтрымку. З імі намесніка Прэм’ер-міністра Уладзіміра Караніка азнаёміў міністр культуры Рэспублікі Беларусь, заслужаны артыст Беларусі Руслан Чарнецкі. Міністр падкрэсліў, што для ўвасаблення ў жыццё любой задумы патрэбны адпаведныя рэсурсы. Людзі, якія хварэюць усёй душой за сваю справу і хочуць зрабіць нешта карыснае для краіны, заслугоўваюць падтрымкі. Гэта дыктуе важнасць наяўнасці праграмы прэзідэнцкіх грантаў, прызванай садзейнічаць важкім і карысным пачынанням. 

Сярод праектаў, рэалізаваных летась, — пастаноўка музычнага спектакля “Трохкутнік Надзеі” на духоўна-патрыятычную тэматыку. Аўтар — саветнік па творчай дзейнасці спартыўна-культурнага цэнтра Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Аляксандр Вавілаў. У падрыхтоўцы прымалі ўдзел студэнты кафедры рэжысуры факультэта мастацкай культуры БДУКМ, а таксама архірэйскі хор Свята-Духава кафедральнага сабора. Прэм’ера спектакля з поспехам адбылася ў маі 2024 года. 

Прыцягвалі ўвагу на выставе інклюзіўныя праграмы, накіраваныя на сацыялізацыю людзей з асаблівымі патрэбамі. Менавіта такім з’яўляецца праект “Музей навобмацак”, які рэалізуецца ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. Ініцыятыву прадстаўляла яе аўтар— намеснік дырэктара ўстановы Марыя Казакевіч. Цяпер мноства экспанатаў, звязаных з жыццём і творчасцю класіка беларускай літаратуры, сталі даступнымі для азнаямлення праз тактыльнае ўспрыманне, гук, пах і маторыку. Падрыхтаваны спецыяльны маршрут па музеі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя. Усё гэта зрабіла музей даступным для розных катэгорый грамадзян. 

Адна з гістарычных ініцыятыў, ажыццёўленых на сродкі гранта, — перасоўны выставачны праект па рэканструкцыі культуры і побыту партызан Заходняга Палесся. Вынікі рэалізацыі прадстаўляў загадчык метадычнага аддзела Іванаўскага раённага цэнтра культуры і народных традыцый Уладзімір Фалітарык. 

Праект ствараўся на працягу 2024-га сіламі клуба гістарычнай рэканструкцыі “Патрыёт”, кіраўніком якога з’яўляецца Уладзімір. Суполка аб’ядноўвае людзей розных узростаў і прафесій, якія праяўляюць шчырую цікавасць да гісторыі роднага краю. Аматары ладзяць тэатралізавана-інтэрактыўныя дзействы, займаюцца даследчыцкай дзейнасцю. І ўсё гэта — з верай у сябе і сваю справу. 

Няма сумневаў, што праекты, на якія выдзелены гранты ў гэтым годзе, будуць патрэбнымі і актуальнымі, прынясуць вялікую карысць краіне і яе грамадзянам. 

Данііл ПІЎКАРЭЦ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА