Высакаякасныя айчынныя раялі “Беларусь” перадалі Мінскаму дзяржаўнаму музычнаму каледжу імя М.І. Глінкі і Магілёўскаму дзяржаўнаму каледжу мастацтваў. Інструменты з унікальнай гісторыяй пабывалі на шматлікіх сцэнах падчас рэспубліканскай культурна-грамадскай акцыі “Марафон адзінства”.
Урачыстыя цырымоніі зладзілі 11 сакавіка. Каштоўны падарунак паднеслі дзвюм найстарэйшым установам адукацыі ў сферы культуры, якія нядаўна адзначылі стогадовы юбілей.
З прывітальным словам да прысутных у вялікай зале сталічнага каледжа звярнуўся міністр культуры Рэспублікі Беларусь, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі.
— Вось ужо сто гадоў выпускнікі легендарнага каледжа годна берагуць і перадаюць нацыянальныя музычныя традыцыі маладым пакаленням, — сказаў Руслан Іосіфавіч. — Велізарная падзяка Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якая набыла і падарыла гэтыя раялі. Інструменты — сапраўдныя марафонцы, якія праехалі ўсю краіну ў рамках маштабнай акцыі. Іх клавішы памятаюць гукі цудоўнай кампазіцыі “Славянскае сузор’е”, што выконвалася ў кожным горадзе, дзе разгортваўся патрыятычны праект.
Міністр культуры адзначыў, што раялі дапамогуць юным талентам развіць свае творчыя здольнасці і ў перспектыве атрымаць шмат высокіх узнагарод, у прыватнасці грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Ва ўрачыстасці ў Магілёўскім дзяржаўным каледжы мастацтваў паўдзельнічаў першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Шляхцін.
— Шмат таленавітых людзей, якія могуць знайсці сябе ў мастацтве, жывуць у Беларусі. Наша задача — ствараць усе неабходныя ўмовы для гэтага, — падкрэсліў Дзмітрый Генадзевіч.
У завяршэнне мерапрыемстваў навучэнцы каледжаў прадставілі канцэртную праграму, што прадэманстравала багатую палітру магчымасцей музычных інструментаў.