З пажадання шчасця, поспехаў і прыгажосці ад Прэзідэнта пачаўся гэты тыдзень для 30 жанчын Беларусі. Дзяржаўныя ўзнагароды з рук Аляксандра Лукашэнкі атрымалі прадстаўніцы розных сфер дзейнасці і рэгіёнаў краіны. Сярод іх — і працаўніцы культурнай галіны.
Урачыстая цырымонія, па традыцыі прымеркаваная да свята 8 Сакавіка, адбылася 10 сакавіка ў Палацы Незалежнасці. У гэты дзень, як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, у зале ўручэння дзяржузнагарод панавала дзівосная атмасфера вясны, прыгажосці і радасці. Прэзідэнт растлумачыў, што для правядзення цырымоніі разглядаліся некалькі варыянтаў даты, але, каб прадоўжыць свята для жанчын, вырашана было зрабіць гэта 10 сакавіка.
— Вы ўвасабляеце сабой нашу краіну — любімую Беларусь. Прыгожую, таленавітую, разумную, накіраваную ў светлую будучыню, дзе непарушныя нармальныя, традыцыйныя адносіны, асабліва сямейныя. А дзеці для нас — гэта наогул святое, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Пераважная большасць прысутных на цырымоніі жанчын былі ўдастоены галоўнай узнагароды — ордэна Маці.
— Вы падарылі жыццё і дастойна выхавалі пяцярых і больш дзяцей. Схіляюся перад вамі, таму што ведаю, што такое выхоўваць дзіця. Гэта сапраўдны штодзённы подзвіг, — падкрэсліў Прэзідэнт і ўручыў ордэн Маці 21 прадстаўніцы ўсіх абласцей і Мінска.
Акрамя таго, Кіраўнік дзяржавы ўзнагародзіў ордэнам Францыска Скарыны вядучага майстра сцэны Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Зінаіду Зубкову, медалём Францыска Скарыны — генеральнага дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Кацярыну Дулаву, рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Наталлю Карчэўскую і салістку Духавога аркестра ГУУС Мінгарвыканкама Ганну Благаву. Былі ўшанаваныя і прадстаўніцы іншых сфер дзейнасці.
На завяршэнне цырымоніі Кіраўнік дзяржавы пажадаў жанчынам шчасця, поспехаў і прыгажосці.