Прасякнуцца духоўнасцю

Апублiкавана: 12 сакавiка 2025 Кiно Кіно Мінск Кінасправа

Аўтар: ГРЫНКЕВІЧ Віялета

У шырокі пракат выйшла карціна “Абіцель святой Еўфрасінні”. Над дакументальнай стужкай працавала каманда Нацыянальнай студыі “Беларусьфільм” на чале з рэжысёрам Уладзімірам Луцкім. Убачыць прэм'еру ў кінатэатрах Беларусі можна да 22 сакавіка.

Полацкі Спаса-Еўфрасіннеўскі жаночы манастыр, пра жыццё якога расказвае карціна, сёлета адзначае вялікі юбілей — 900-годдзе з моманту заснавання святой прападобнай Еўфрасінняй Полацкай. Новая дакументальная кінастужка “Беларусьфільма” створана да юбілейнай даты па блаславенні Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі, мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна. 

Здымкі стартавалі вясной мінулага года, калі ў манастыры ішлі будаўнічыя і рэстаўрацыйныя работы. Сцэнарый Уладзімір Луцкі ствараў у супрацоўніцтве з пісьменніцай Людмілай Рублеўскай. Значную ўвагу аўтары карціны надалі “Жыцію прападобнай Еўфрасінні Полацкай”, якое агучыла ігумення манастыра Еўдакія. 

Прэм’ера стужкі адбылася 20 лютага ва ўсіх абласцях краіны. У сталіцы паказ зладзілі ў кінатэатры “Перамога”. 

Урачыстасць наведалі міністр культуры, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі, мітрапаліт Веніямін, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандр Румак, старшыня Сінадальнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы па культуры і царкоўным мастацтве протаіерэй Іаан Задарожзін, іншыя ганаровыя госці. 

Перад кінапаказам з прывітальным словам выступіў Руслан Чарнецкі. Ён адзначыў, што новая карціна здольная выклікаць рэзананс не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. 

— Фільмы аб такіх асобах, святых людзях, неабходны нам, асабліва цяпер, — сказаў міністр культуры. — Я бачу шмат людзей у зале. Для дакументальнага кіно гэта паказчык сапраўды сур’ёзнай цікавасці. Дзякую камандзе “Беларусьфільма” і Уладзіміру Луцкаму за тое, што даверылі мне працу па агучванні, мітрапаліту Веніяміну — за падтрымку і бласлаўленне стужкі, сёстрам манастыра — за дапамогу рэжысёрска-пастановачнай групе. 

Дабрадзейнае кіно, як адзначыў Уладыка Веніямін, прысвечана найстаражытнейшай абіцелі на беларускіх землях і ва ўсім усходнеславянскім свеце. Манастыр, заснаваны святой, прайшоў няпросты шлях, сугучны з гісторыяй беларускага народа: гады выпрабаванняў, радасці, бед, перыяд адраджэння і цяперашні час. 

— Сёння старажытны храм абноўлены дзякуючы намаганням дзяржавы і асабістай падтрымцы Прэзідэнта краіны. Цяпер бачым святыню ў яе велічы і прыгажосці. Гэты фільм — выдатная магчымасць даведацца пра абіцель крыху больш, лепш зразумець значэнне подзвігу прападобнай Еўфрасінні і асаблівасці манаскага жыцця ў сучасным свеце. Ён дае новую ежу для разважанняў, раскрывае шлях храма. Аўтары стужкі знайшлі поўны глыбокай павагі падыход да перадачы жыцця полацкай мясціны, — сказаў мітрапаліт. 

Урачыстасць у сталічным кінатэатры “Перамога” наведалі і насельніцы полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра. Манашка Іусціна агучыла прывітальны адрас настаяцельніцы Еўдакіі, якая шчыра падзякавала здымачнай камандзе. 

— Вялікім суцяшэннем стала згода рэжысёра стварыць традыцыйны дакументальны фільм без пастановачных сцэн. Уладзімір Луцкі з увагай паставіўся да ўсіх прапаноў насельніц манастыра, улічыў іх пажаданні. Здымачная група дзейнічала настолькі тактоўна, дакладна і акуратна, што сёстры зусім не адчувалі ніякай напругі, не выходзілі за рамкі паўсядзённых правілаў манаскага жыцця. Карціна атрымалася жывой, добрай, светлай. Такія творы робяць людзей чысцейшымі, натхняюць, дораць надзею і сілу для таго, каб не здавацца, станавіцца лепш. 

Падтрымку і клопат з боку настаяцельніцы манастыра падчас здымак падкрэсліў рэжысёр фільма. 

— Стараліся не парушаць асновы, якімі жыве святыня. Далікатна і беражліва ставіліся да размеранасці, што пануе там. Вельмі прыемна, што насельніцы ўсяляк дапамагалі нам працаваць, — сказаў Уладзімір Луцкі. 

Гасцям прадставілі таксама ўнікальную фотавыставу, прысвечаную рэстаўрацыі Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку. Канцэртную праграму падрыхтавалі калектывы Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. Глінкі і Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. 

Віялета ГРЫНКЕВІЧ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА