Ордэны, медалі і ганаровыя званні: дзяржаўных узнагарод удастоены 45 прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці. Сярод іх — пяць рупліўцаў на ніве культуры.
Адпаведны Указ №79 Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 27 лютага. Згодна з дакументам, медалём “За працоўныя заслугі” ўзнагароджана начальнік ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч.
Медалём Францыска Скарыны адзначаны заслугі генеральнага дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Кацярыны Дулавай, рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Наталлі Карчэўскай і мастака-рэстаўратара аддзела навукова-фондавай работы Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Юрыя Кегелева.
Указам таксама прысвоены ганаровыя званні Рэспублікі Беларусь. Так, заслужаным артыстам стаў вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Пятро Ламан.
Ордэны, медалі і ганаровыя званні прысвоены прадстаўнікам розных сфер дзейнасці за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, смеласць і рашучасць, праяўленыя пры выратаванні людзей, заслугі ў воінскай службе, ахове дзяржаўнай мяжы, барацьбе са злачыннасцю. Дзяржаўнымі ўзнагародамі адзначана праца тых, хто ўнеслі значны асабісты ўклад у рэалізацыю сацыяльна-эканамічнай палітыкі, ваенна-патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення, развіццё вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі і трактарабудавання. Сярод узнагароджаных таксама работнікі грамадзянскай авіяцыі і АПК, гандлю і грамадскага харчавання, аховы здароўя, адукацыі і спорту.