Умацоўваючы супрацоўніцтва

Апублiкавана: 08 сакавiка 2025 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Тэатр, кіно, турызм — намечаныя напрамкі ўзаемадзеяння. Міністр культуры, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі правёў сустрэчу з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Турэцкай Рэспублікі ў Беларусі Гючлю Джэмам Ышыкам.

На сустрэчы, якая адбылася 4 сакавіка, абмяркоўвалася развіццё культурнага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі. Асаблівую цікавасць турэцкі бок выказаў ва ўзаемадзеянні ў сферах тэатра, кіно і турызму. 

Гючлю Джэм Ышык уручыў Руслану Чарнецкаму вітальны ліст міністра культуры і турызму Турэцкай Рэспублікі Мехмета Нуры Эрсоя. У адказ кіраўнік нашага ведамства запэўніў у гатоўнасці ўмацоўваць дзелавыя сувязі і сяброўскія адносіны паміж дзяржавамі. 

Падчас размовы пасол Турцыі заўважыў, што ўжо меў магчымасць наведаць шэраг устаноў культуры Беларусі. Ён часты госць у Вялікім тэатры, з задавальненнем глядзіць пастаноўкі праслаўленага калектыву. Вылучыў Гючлю Джэм Ышык і высокі ўзровень арганізацыі экспазіцыі ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, якая адлюстроўвае перажыты боль і нязломны патрыятызм народа. Спадар Ышык звярнуў увагу на тое, што музей карыстаецца папулярнасцю, асабліва ў падрастаючага пакалення. Гэта з’яўляецца сведчаннем вялікай павагі да гісторыі сваёй краіны і грунтоўнага падыходу да патрыятычнага выхавання моладзі.