З пачуццём гонару за краіну

Апублiкавана: 07 сакавiка 2025 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

На будаўніцтва Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі выдзеляць шэсць мільёнаў рублёў са сродкаў дзяржаўных капітальных укладанняў. 

Савет Міністраў удакладніў пералік будоўляў і аб’ектаў Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы на 2025 год. Адпаведная пастанова №127 ад 3 сакавіка апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. 

Згодна з дакументам, на ўзвядзенне Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі ў раёне вуліцы Арлоўскай у Мінску выдзеляць шэсць мільёнаў рублёў са сродкаў дзяржаўных капітальных укладанняў. Фінансаванне ахопіць праектныя і пошукавыя работы. Міністэрству эканомікі даручана ўлічыць аб’ект пры карэкціроўцы Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы, а Міністэрству фінансаў — накіраваць прадугледжаныя сродкі з рэспубліканскага бюджэту. 

Нагадаем: Указ №50, якім прадугледжваецца будаўніцтва ў 2025—2027 гадах у раёне вуліцы Арлоўскай у Мінску Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, парку народнага адзінства і стварэнне пастаяннай экспазіцыі музея, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 5 лютага. Аб’екту прысвоены статус Усебеларускай маладзёжнай будоўлі, да якой далучацца юнакі і дзяўчаты ў складзе студэнцкіх атрадаў. Рэалізацыя ўказа будзе садзейнічаць фарміраванню ў беларусаў пачуцця гонару за сваю краіну і датычнасці да яе гісторыі, культурнай, духоўнай спадчыны.