Маладыя, ваш выхад!

Апублiкавана: 03 сакавiка 2025 Стужка Музыка Мінск Конкурсы

Аўтар: ЧЭ­КА­ЛА­ВА Свят­ла­на

Магчымасць выступіць на вялікай сцэне зноў прадастаўлена юным талентам: у краіне праходзяць абласныя (Мінскі гарадскі) этапы Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні XXIV Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі.

Арганізатары фестывалю, які ладзіцца ў Маладзечне з 1993 года, — Міністэрства культуры, Мінскі аблвыканкам, Маладзечанскі райвыканкам, заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Нацыянальны акадэмічны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь імя М.Я. Фінберга, Белтэлерадыё-кампанія. Конкурс праходзіць у тры этапы: першы — раённы, гарадскі, другі — абласны, Мінскі гарадскі, трэці — рэспубліканскі, заключны. Удзельнікі — моладзь ва ўзросце ад 16 да 31 года. 

ВІДАВОЧНАЯ ЗАЦІКАЎЛЕНАСЦЬ 

У Гродзенскім дзяржаўным каледжы мастацтваў 30 снежня сабраліся канкурсанты з розных куточкаў гэтага краю. 

— Гучалі песні “Белая Русь” (І. Капланаў, Т. Таўкачова), “Куточак Беларусі” (Я. Алейнік, Ю. Быкава), “Васільковае неба” (Я. Алейнік, А. Вавілаў) і іншыя — вядомыя і любімыя. Адзін выканаўца — дзве песні беларускіх аўтараў, — расказала метадыст каледжа Наталля Чабатарэвіч. 

Злата Раковіч, Гомель

Журы, якое ўзначальвала дырэктар Гродзенскага каледжа Ірына Махалёва, звяртала ўвагу на сам твор, на тое, як ён пададзены гледачу, на знешні выгляд выканаўцы, яго артыстызм і харызму. 

— Выбраць найлепшых няпроста: узровень падрыхтоўкі даволі высокі. Ды і ўдзельнікаў значна больш, чым у папярэднія гады, — 31 чалавек, — заўважыла старшыня журы. — Таму раіліся доўга. У выніку ў тройку лідараў увайшлі Аляксей Кавалевіч з г.п. Вялікая Бераставіца, гарадзенка Дар’я Велясевіч і Агата Шкелко са Слоніма. 

АЦЭНЬВАЮЦЬ ПРАФЕСІЯНАЛЫ 

Магілёўскую вобласць у заключным этапе конкурсу будуць прадстаўляць мастацкі кіраўнік прадзюсарскага цэнтра “Ступені” абласной філармоніі Дар’я Чэслаўская, навучэнка Магілёўскай гарадской гімназіі №1 Арына Пехцерава і выхаванка музычнай студыі “Артыст” Анастасія Пуш, якія абышлі 16 супернікаў. 

Дар'я Чэслаўская, Магілёў

— На адборачным туры працавала высокапрафесійнае журы пад старшынствам дырэктара Магілёўскай дзіцячай школы мастацтваў №1 імя І.М. Лучанка Ірыны Пякарскай, — распавяла дырэктар Палаца культуры вобласці Ірына Жаркоўская. — Гэта галоўны спецыяліст аддзела народнай творчасці, культурна-дасугавай дзейнасці і ўстаноў адукацыі ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Вольга Волахава, артыст-вакаліст, вядучы майстар Магілёўскай абласной філармоніі, уладальнік медаля Францыска Скарыны Вольга Гарнічар, кіраўнік узорнай вакальнай студыі “Планета” Палаца культуры вобласці Вольга Гардзеенка. Разам з масцітымі калегамі працавала Ганна Рыбакова, выкладчыца цыклавой камісіі “Эстрадныя спевы” Магілёўскага ДКМ, уладальніца гран-пры Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні “Маладзечна-2022” і спецыяльнага прыза імя Уладзіміра Мулявіна. Што да ўзроўню канкурсантаў, то ён быў, на думку журы, высокім: магілёўская зямля багатая талентамі! 

ПРЫЕМНА ЗДЗІВІЛІ 

Ад Гомельскай вобласці за права выступіць у фінале Нацыянальнага конкурсу “Маладзечна-2025” змагаліся 11 выканаўцаў. 

Кацярына Лысая, Брэст

— Канкурсанты звярнуліся да кампазіцый, якія можна аднесці да беларускай класікі: гучалі творы Алены Атрашкевіч, Юрыя Семянякі, Ігара Лучанка, прычым з новымі аранжыроўкамі і аркестроўкамі. Гэта было па-настальгічнаму атмасферна, — адзначыла старшыня журы, мастацкі кіраўнік Гомельскай абласной філармоніі Вікторыя Чарнова. — Ужо традыцыйна ўражвае выканальніцкае майстэрства вакалістаў з Рагачова. Адна з іх, Лізавета Свірыдава, выйшла ў фінал. Разам з ёй вікторыю святкавалі гамяльчанкі Ангеліна Самалётава і Злата Раковіч. 

Галоўная мэта фестывалю — адраджаць, развіваць і рабіць папулярнымі найлепшыя традыцыі і дасягненні нацыянальнай культуры і мастацтва, а таксама выяўляць і падтрымліваць таленавітых юнакоў і дзяўчат.

Злата спявае з дзяцінства, аднак у музычнай школе не вучылася. Таму, паступаючы ў Гомельскі дзяржаўны каледж мастацтваў імя Н.Ф. Сакалоўскага, перажывала. Але ўсё склалася: да талентаў у Беларусі ставяцца трапятліва! Адпрацавала два гады настаўніцай па класе эстрадных спеваў у г.п. Акцябрскі, затым прайшла праслухоўванне на вакансію артыста-вакаліста ў Гомельскай абласной філармоніі. 

— Дзяўчына валодае выдатным голасам з запамінальным тэмбрам і шырокім дыяпазонам. У яе эстрадна-джазавы вакал, лёгкі, рухомы. А сама яна пазітыўны, светлы чалавек, — кажуць пра Злату калегі. 

Дар'я Велясевіч, Гродна

На адборачным туры выканала песні “Слуцкія ткачыхі” (М. Багдановіч, У. Мулявін) і “Жняя” (Я. Купала, Р. Козыраў), праспяваць якую ў суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі ім. М.Я. Фінберга — самая вялікая яе мара. 

К ЛОПАТ ПРА КОЖНАГА 

У Брэсцкай вобласці ўдзельнічалі 18 канкурсантаў. 

— Сярод іх школьнікі, навучэнцы ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі і студэнты ВНУ, работнікі ўстаноў культуры, удзельнікі аматарскіх творчых калектываў, — пералічвае вядучы метадыст па вакальна-харавым мастацтве Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Марыя Аласюк. — Прагучалі аўтарскія беларускія песні, напісаныя для эстраднага выканання, а таксама народныя творы ў сучаснай апрацоўцы: моладзь з задавальненнем звяртаецца да вытокаў і імкнецца развіваць нацыянальнае мастацтва! Але не заўсёды ў пачаткоўцаў атрымоўваецца знайсці “свой” рэпертуар ці правільна яго паднесці. Таму мы не проста ацэньваем выступленне, але і даём парады, якія дапамогуць у далейшым развіцці. 

Прадстаўляць першы рэгіён у Маладзечне будуць жыхарка Брэста Кацярына Лысая і выканаўцы з Баранавічаў Мілена Юрчык і Анастасія Старавойтава. 

Святлана ЧЭКАЛАВА 

Фота ўдзельніц фестывалю