Памятаць. Ганарыцца. Шанаваць

Апублiкавана: 01 сакавiка 2025 Стужка Тэатры Мінск

Аўтар: Данііл ПІЎКАРЭЦ

Стартаваў новы этап агульнарэспубліканскай акцыі “Разам з мастацтвам” — “Слава Пераможцам!”. Праект рэалізуецца Маладзёжным тэатрам эстрады пры падтрымцы Міністэрства культуры.

Сімвалічным пачаткам праекта стала цырымонія ўскладання кветак да стэлы “Мінск — горад-герой”, удзел у якой прыняў міністр культуры Рэспублікі Беларусь, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі. 

Урачысты старт акцыі адбыўся ў зале Перамогі Музея гісторыі Вялікай Айчынай вайны

— Вялікай Айчыннай вайне прысвечана ўжо мноства фільмаў, кніг і песень, але гэта зусім не нагода забыць пра жудасныя падзеі мінулага, — адзначыў Руслан Іосіфавіч. — Мы павінны працягваць гаварыць аб подзвігу нашых продкаў, многія з якіх ахвяравалі сваім жыццём дзеля таго, каб сёння над намі было мірнае неба. Важна зрабіць усё магчымае, каб не дапусціць паўтарэння той страшнай трагедыі. 

Дырэктар Маладзёжнага тэатра эстрады, дэпутат Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Сяргей Мядзведзеў расказаў, што галоўная задача акцыі — падкрэсліць уклад беларускага народа ў Перамогу, аддаць даніну памяці героям, якія ваявалі і працавалі дзеля вызвалення нашай краіны. Мэтавай аўдыторыяй традыцыйна стане моладзь. 

— Акцыя прысвечана 80-годдзю Вялікай Перамогі. Запланавана правесці 18 дыялогавых пляцовак па ўсёй Беларусі, — падкрэсліў Сяргей Мядзведзеў. — Гутаркі будуць напраўлены на захаванне памяці аб падзеях ваенных гадоў, подзвігу беларускага народа на фронце і ў тыле. Будуць ладзіцца і канцэртныя праграмы: у рэпертуар салістаў увойдуць як песні ваенных гадоў, так і сучасныя кампазіцыі. 

Гучыць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь

Мерапрыемства працягнулася ў зале Перамогі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Пад яго шкляным купалам адбылася ўрачыстая перадача ўнікальных франтавых лістоў салдата Чырвонай Арміі ад яго нашчадка, актывіста Чачэрскага аб’яднання краязнаўцаў Аляксандра Ганчарова. 

— У кожным салдацкім лісце адлюстраваны лёс сапраўднага героя, які прайшоў праз выпрабаванні ліхалецця, — сказаў дырэктар музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Варапаеў. — Цяпер у нашай установе знаходзіцца больш за 164 тысячы адзінак захоўвання. Кожны год фонды папаўняюцца новымі рэліквіямі. Перададзеныя франтавыя лісты-трохкутнікі зоймуць дастойнае месца ў экспазіцыі.

Падчас канцэртнай праграмы

Сапраўдным падарункам для гледачоў — прадстаўнікоў міністэрстваў і ведамстваў, навучэнцаў сталічных школ, каледжаў і ўніверсітэтаў — стала канцэртная праграма ў выкананні вакалістаў Маладзёжнага тэатра эстрады. Творчыя нумары прадставілі Вольга Булай, Аляксандр Сухараў, Андрэй Коласаў, Вольга Калеснікава і артысты ансамбля “Верасы”, выхаванцы Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя Уладзіміра Мулявіна. Таксама спевакі расказалі аб сваіх продках, якія ўнеслі ўклад у перамогу над фашызмам. Апроч гэтага, госці мерапрыемства маглі азнаёміцца з выставай юных мастакоў Беларусі і Расіі “Нашчадкі Вялікай Перамогі”. 

Першая сустрэча ў рамках акцыі адбылася 26 лютага ў Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. Хуткім часам дыялогавыя пляцоўкі арганізуюць у Беразіно і Чэрвене. 

Данііл ПІЎКАРЭЦ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА