Новыя творчыя адценні

Апублiкавана: 28 лютага 2025 Стужка Музыка Віцебск і воблась

Аўтар: Аўтары

Падрыхтоўка да Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” ідзе поўным ходам. Распрацоўваецца канцэртная праграма. Абнаўляюцца пляцоўкі. Вялікая рэканструкцыя чакае галоўную сцэну. А надоечы арганізатары прадставілі свежы фірмовы стыль форуму. 

— Штогод мы стараемся напоўніць традыцыйны сімвал фестывалю актуальнымі ідэямі ў адпаведнасці з сучаснымі тэндэнцыямі і павевамі. Менавіта таму наш васілёк няспынна пераўвасабляецца і расцвітае новымі творчымі адценнямі, — паведамляе дырэкцыя Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. — Так, у 2025-м фірмовы стыль у поўнай меры адлюстроўвае імкненне да рэалізацыі ідэй смелых, неардынарных. 

Як тлумачаць арганізатары, дынаміка, зафіксаваная ў графічных канстантах, сімвалізуе іскру моцнай імпрэсіі, шчырага ўсплёску эмоцый ад свята. Фіялетава-сінія адценні і светлавыя элементы ствараюць атмасферу зіхатлівага творчага настрою, з якім асацыююцца фестывальныя канцэрты ў жыхароў і гасцей горада на Дзвіне. 

Па задуме мастака-дызайнера Яўгеніі Гурчанка, аўтара стылю, васілёк стаў лёгкім і празрыстым, нібы набрыняў таямнічай магіяй сцэнічнага святла. Ён рассыпаецца на мноства іскрынак, якія запальваюць творчым полымем новыя зоркі на нябесным палатне горада мастацтваў. Мігатлівыя адценні дадаюць візуальнай прывабнасці, ствараюць выключны вобраз, запрашаючы да вандроўкі па глыбінях гісторыі.