Праект віртуальны, грант рэальны

Апублiкавана: 27 лютага 2025 Стужка Музеі Мінск Гранты

Аўтар: ЧЭ­КА­ЛА­ВА Свят­ла­на

Гранты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь сёлета атрымаюць 46 спецыялістаў, якія працуюць у сферах навукі, адукацыі, медыцыны, культуры і моладзевай палітыкі. Сярод іх — Юлія Кавалёва, загадчык аддзела экспазіцыйна-выставачнай работы Музея гісторыі горада Мінска.

Грант прызначаны на стварэнне віртуальнай выставы “Спадчына” на аснове экспазіцыі “Мастак. Грамадзянін. Герой” Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага — структурнага падраздзялення Музея гісторыі горада Мінска. Па задуме Юліі Кавалёвай, ён дапаможа выкарыстоўваць інтэрактыўныя тэхналогіі ў рабоце арганізацый культуры і пасадзейнічае захаванню дасягненняў нацыянальнага мастацтва. 

Юлія Віктараўна — прафесіянал: скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці “Музейная справа. Ахова гісторыка-культурнай спадчыны”. Кандыдат культуралогіі: у 2023 годзе абараніла дысертацыю па тэме, прысвечанай музеям гісторыі гарадоў у Беларусі і замежных краінах. У Музеі гісторыі горада Мінска працуе з 2010-га, была непасрэднай удзельніцай праектаў, звязаных з творчасцю Міхаіла Савіцкага, напісала некалькі навуковых артыкулаў і правяла шмат экскурсій. Упэўнена: праект, які іх установа мае намер рэалізаваць з дапамогай гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферы культуры, вельмі важны. 

САМЫ ВЯЛІКІ ФОНД 

Мастацкая галерэя Героя Беларусі, народнага мастака Беларусі і СССР, ганаровага грамадзяніна горада Мінска Міхаіла Савіцкага адкрылася 7 верасня 2012 года і ўваходзіць у структуру Музея гісторыі горада Мінска. Экспазіцыя адлюстроўвае асноўныя этапы творчасці знакамітага мастака з канца 1950-х да 2010-га. 

— У нас самы вялікі фонд жывапісных і графічных работ Міхаіла Андрэевіча. Экспануюцца асобныя творы мастака і вядомыя цыклы, у тым ліку “Чорная быль” і іншыя, — распавядае Юлія Кавалёва. — Сабраны творы з розных калекцый: як нашага, так і Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея. 

Мемарыяльная калекцыя ўключае 1200 адзінак захоўвання: апроч галерэі, ёсць музейная частка, экспанаты якой прадстаўлены для ўсеагульнага агляду толькі часткова. Каб азнаёміць максімальна шырокую аўдыторыю з творчасцю Міхаіла Савіцкага і яго біяграфіяй і ў тым ліку паказаць прадметы, якія цяпер недаступныя для агляду, супрацоўнікі галерэі звярнулі ўвагу на новы для сябе фармат — віртуальную выставу. А для рэалізацыі ідэі вырашылі выкарыстоўваць наяўны мультыборд.

СКЛАДАЛЬНІКІ ІНІЦЫЯТЫВЫ 

— У віртуальнай экспазіцыі “Спадчына” плануем прадставіць у першую чаргу дакументы, — тлумачыць Юлія Віктараўна. — Яны будуць цікавыя не толькі даследчыкам! Многія з іх звязаны з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Міхаіл Андрэевіч прайшоў пекла фашысцкіх канцлагераў і свае ўспаміны аб тым страшным часе ўвасобіў у творах цыкла “Лічбы на сэрцы”. Пасля ліхалецця атрымліваў ад былых вязняў шмат кранальных лістоў: у кожным — бясконцы боль і падзяка за захаванне гістарычнай праўды. 

Наведвальнікі змогуць таксама ўбачыць калекцыю фотаматэрыялаў, якія адлюстроўваюць шырокую грамадскую дзейнасць Міхаіла Савіцкага: ён з’яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, быў знаёмы з многімі вядомымі людзьмі. Не застанецца без увагі і сямейны фотаархіў, дзякуючы якому асоба вялікага мастака раскрываецца з іншага боку: ён — звычайны, добры чалавек, клапатлівы сем’янін, гасцінны гаспадар. 

У праект будуць уключаны малавядомыя графічныя работы ранняга перыяду творчасці Міхаіла Савіцкага. Цікавасць уяўляюць і друкаваныя выданні: напрыклад, кнігі з аўтографамі знакамітых людзей, якія раскажуць пра асяроддзе, паплечнікаў і сяброў, а ўзнагароды мастака — пра прызнанне яго таленту на самым высокім узроўні. 

— Мы не абмяжуемся экспанатамі са сваіх фондаў: плануем звярнуцца ў іншыя ўстановы культуры, беларускія і замежныя, бо работы Міхаіла Андрэевіча захоўваюцца ў Траццякоўскай галерэі ў Маскве і ў Нацыянальнай галерэі Балгарыі ў Сафіі, у многіх беларускіх музеях, Нацыянальнай бібліятэцы і Акадэміі навук Беларусі, — звяртае ўвагу Юлія Кавалёва. — Такім чынам атрымаем поўны віртуальны збор мастацкіх твораў нашага знакамітага суайчынніка. Працягнем папаўняць і наяўную калекцыю відэаматэрыялаў аб жыцці і творчасці Міхаіла Савіцкага. 

ДЛЯ ЮНЫХ ЭКСКУРСАНТАЎ 

Адной з самых складаных у тэхнічным плане, але пры гэтым вельмі важнай часткай віртуальнага праекта стане раздзел, прызначаны для маленькіх наведвальнікаў галерэі. Не ўсе ведаюць, што Міхаіл Савіцкі калісьці афармляў дзіцячыя кнігі. Між тым гэта цікавыя работы. На іх аснове, з дадаткам сучасных элементаў, будуць распрацаваны інтэрактыўныя праграмы для юных экскурсантаў. Віктарыны, складанне пазлаў з карцінамі мастака, іншыя актыўнасці дазволіць арганізаваць мультыборд. Такім чынам можна прыцягнуць падрастаючае пакаленне да вывучэння спадчыны вялікага беларускага мастака і гісторыі роднага горада і краіны. 

Асабліва карпатлівай мусіць стаць праца па афармленні віртуальнага праекта. На думку аўтара, яно павінна быць не толькі эстэтычным, але і простым, каб кожны з наведвальнікаў лёгка арыентаваўся ў прапанаваным меню. Але, вядома ж, пры неабходнасці дапамогу акажа наглядчык залы. 

— У перспектыве — распрацоўка спецыяльнага сайта, які дасць доступ да часткі экспанатаў віртуальнай выставы інтэрнэт-карыстальнікам па ўсім свеце. Многія музеі ствараюць сваю копію ў лічбавай прасторы, і гэта добры спосаб захавання і папулярызацыі гістарычнай і культурнай спадчыны, — лічыць Юлія Кавалёва. 

Святлана ЧЭКАЛАВА 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА