Культура выбудоўвае масты

Якія аспекты міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы культуры прыярытэтныя для нашай краіны? Адказ на гэтае ды іншыя пытанні – у інтэрв’ю з начальнікам аддзела міжнароднага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння са сродкамі масавай інфармацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Вікторыяй Ратабыльскай.

— Беларусь вядзе шматвектарную палітыку ва ўсіх сферах. У тым ліку і ў культуры, — распавядае Вікторыя Леанідаўна. — Кіраўніцтва нашай краіны пракладвае масты сяброўства ў розныя рэгіёны планеты. Адпаведна, перад намі ставяцца задачы, непарыўна звязаныя з агульнымі задачамі дзяржавы ў гэтых рэгіёнах. 

У 2025 годзе ў нас запланаваны Дні культуры ў Іране, Індыі, Казахстане, Узбекістане. На беларускай зямлі мы чакаем творчыя калектывы з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, В’етнама, Азербайджана. Прапрацоўваецца пытанне аб візіце міністра культуры, спорту і моладзі Султаната Аман у Беларусь і правядзенні Дзён культуры гэтай краіны. Вядзецца работа па арганізацыі тэатральных гастроляў і выставачных праектаў. 

Беларусь сёлета старшынюе ў ЕАЭС. Запланавана сустрэча міністраў культуры краін-удзельніц у рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. 

Геаграфія нашых кантактаў пашыраецца. Летась у Нікарагуа выступалі салісты Вялікага тэатра. Іх майстэрства было адзначана на самым высокім узроўні. Пачалася работа па арганізацыі канкрэтных праектаў з Манголіяй. Ужо некалькі гадоў актыўна фармуюцца і развіваюцца адносіны з краінамі Афрыкі. Сапраўднай сенсацыяй летась для беларусаў стала Зімбабвэ. Творчы калектыў з далёкай краіны прыняў удзел у “Славянскім базары ў Віцебску”, асаблівым госцем фестывалю стала першая лэдзі гэтай дзяржавы. 

Асобна трэба адзначыць дзейнасць Міністэрства культуры ў міжнародных арганізацыях. У 2024-м у Парагваі на пасяджэнні Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА прынята рашэнне аб уключэнні элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Выцінанка — традыцыйнае мастацтва выразання з паперы ў Беларусі” ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. У спісе ЮНЕСКА цяпер шэсць беларускіх элементаў. Сёлета працуем над уключэннем туды намінацыі “Неглюбская народная тэкстыльная традыцыя”. 

Мы плануем актыўна ўзаемадзейнічаць з калегамі ў рамках Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і мерапрыемствах па лініі БРІКС. 

Усяго арганізацыямі і ўстановамі Міністэрства культуры ў 2024 годзе падпісана 609 дакументаў аб міжнародным супрацоўніцтве. Прадстаўнікі нашай краіны прынялі ўдзел у розных культурных мерапрыемствах больш як у 50 краінах свету. Беларусь плануе архітэктуру культурных сувязей з улікам не толькі сучаснасці. Мы глядзім у будучыню. Але заўсёды памятаем аб мінулым.

— Традыцыйна важным напрамкам у сферы культурнага супрацоўніцтва для нас з’яўляецца Расія. Чым быў адметны мінулы год і якія планы на гэты? 

— У снежні 2024-га адбылося сумеснае пасяджэнне калегій міністэрстваў культуры Беларусі і Расіі. Там было заяўлена аб прадаўжэнні мерапрыемстваў, раней зацверджаных урадамі нашых краін, якія атрымалі фінансаванне з бюджэту Саюзнай дзяржавы або сталі традыцыйнымі. Гэта праект Саюзнай дзяржавы “Капітальны рамонт, рэстаўрацыя, рэканструкцыя, музеефікацыя збудаванняў Брэсцкай крэпасці ў мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой»”, спецыяльная канцэртная пляцоўка на свяце “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”), фестываль творчасці інвалідаў “Разам мы можам больш” і многія іншыя праекты. Асобная ўвага надаецца культурным мерапрыемствам, прымеркаваным да святкавання 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. 

Зацверджаны План супрацоўніцтва паміж міністэрствамі культуры Беларусі і Расіі на 2025 год. Дакумент прадугледжвае 75 мерапрыемстваў. Кожнае з іх стане значнай падзеяй у культурным жыцці дзвюх дзяржаў. Гэта маштабныя музейныя і мастацкія выставы, гастролі тэатральных і музычных калектываў, стажыроўкі, навукова-практычныя канферэнцыі і семінары, конкурсы, фестывалі, іншыя мерапрыемствы. Культура — гэта вельмі дынамічная і крэатыўная сфера. Праектаў заўсёды аказваецца нашмат больш, чым прадугледжваецца дакументам. Традыцыйна вынікі нашай сумеснай працы падвядзём у канцы 2025-га, калі ў рамках Дзён культуры Расіі ў Беларусі будзем праводзіць чарговае сумеснае пасяджэнне калегій міністэрстваў культуры. 

Падводзячы вынікі 2024 года, мы з задавальненнем пераканаліся ў тым, што ўсталяваныя сувязі нават з такімі аддаленымі куткамі РФ, як, напрыклад, рэгіёны Далёкага Усходу. Адкрыццём стала Амурская вобласць з яе самабытнай культурай. 

Нашы сувязі з сяброўскай Расіяй датычацца і ўзаемнай падтрымкі ініцыятыў, якія вылучаюцца нашымі дзяржавамі на міжнародных пляцоўках. Так, падтрымліваем ініцыятыву Расіі аб правядзенні конкурсу “Інтэрбачанне”, які пройдзе ў Маскве і Маскоўскай вобласці. Упэўнены: праект стане яркай міжнароднай культурнай падзеяй.

— Апошнія гады на вядучыя пазіцыі сярод партнёраў Беларусі выходзіць Кітай. А як развіваецца супрацоўніцтва з гэтай краінай у сферы культуры?

— Узаемадзеянне рэгулюецца шэрагам двухбаковых пагадненняў. З кітайскімі калегамі мы працуем па Плане супрацоўніцтва паміж міністэрствамі культуры дзвюх краін на 2023—2026 гады. 

У беларускіх вышэйшых навучальных установах сферы культуры сёння вучацца больш за 1200 кітайскіх студэнтаў. Гран-пры “Золата «Лістапада»” ХХХ Мінскага міжнароднага кінафестывалю атрымала работа кітайскага рэжысёра Чжан Чжуна “Чан’ань, Сіань”. Нядаўна з поспехам прайшлі гастролі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь у дзесяці буйных гарадах Кітая. Плённа развіваецца супрацоўніцтва ў галіне бібліятэчнай і музейнай спраў. Так, у Нацыянальнай бібліятэцы адкрыўся Кітайскі цэнтр кнігі. Паспяхова рэалізуюць сумесныя праекты ў Нацыянальным мастацкім музеі, Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, Мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой” і музеі “Замкавы комплекс «Мір»”. 

З гонарам магу сказаць, што нашу культуру ведаюць на ўсіх кантынентах. І ў гэтым ёсць немалая заслуга Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь! 

Віктар ГАЎРЫШ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА