Прысвечаная юбілею Генадзя Аўсяннікава ўрачыстасць праходзіла 19 лютага ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я. Купалы, якому знакаміты артыст прысвяціў амаль 70 гадоў свайго жыцця.
У творчай скарбонцы майстра — больш за 100 роляў у творах беларускай, рускай класічнай і замежнай драматургіі і звыш 70 — у кінафільмах. Яркія сцэнічныя вобразы знакамітага артыста — Пустарэвіч (“Паўлінка”, Янка Купала), Васіль (“Вечар”, Аляксей Дудараў), Францішак (“Час жыцця”, Освальд Заграднік), Максім (“Лявоніха на арбіце”, Андрэй Макаёнак) ды многія іншыя. І сёння, нягледзячы на паважны ўзрост, ён задзейнічаны ў шасці пастаноўках Купалаўскага тэатра.
Прывітаць юбіляра прыехаў Міністр культуры, заслужаны ар- тыст Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі Ён агучыў віншаванне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі і адзначыў каласальны ўклад Генадзя Аўсяннікава ў развіццё беларускага і савецкага тэатра.
— Вы для нас прыклад, наш настаўнік, жывая легенда, — падкрэсліў Руслан Чарнецкі. — На вашых спектаклях мы разумеем, як трэба іграць, што такое арганічнае існаванне на сцэне, стварэнне вобразу і праца над роляй. Гэта тая школа, якую завяшчалі заснавальнікі і якую нам перадаюць такія мэтры. Купалаўцы, вам вельмі пашанцавала, што ёсць Генадзь Сцяпанавіч, які аддае сваё жыццё гледачам.
Юбіляр выказаў падзяку краіне, ураду і асабіста Прэзідэнту за ўвагу да яго асобы.
— Моцна люблю Беларусь і гатовы ёй служыць, колькі хопіць сіл, — сказаў майстар сцэны.
Мерапрыемства завяршылася паказам легендарнай камедыі “Паўлінка” з удзелам Генадзя Аўсяннікава ў ролі Пранціся Пустарэвіча.
Зала доўга апладзіравала юбіляру, які з удзячнасцю атрымліваў віншаванні ад адданых прыхільнікаў і калег.