Сапраўднае мастацтва

Апублiкавана: 19 лютага 2025 Стужка Музыка Мінск Дата

Аўтар: ЧЭ­КА­ЛА­ВА Свят­ла­на

Вось ужо 85 гадоў захавальнікам і папулярызатарам народнай музыкі, твораў сучасных айчынных кампазітараў і шэдэўраў сусветнай класікі з'яўляецца найстарэйшы хор краіны — заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р. Шырмы.

БІБЛІЯ БЕЛАРУСКАЙ ПЕСНІ 

— Рыгор Шырма — выбітны дзеяч беларускага мастацтва, сапраўдны патрыёт, — распавядае галоўны дырыжор капэлы Вольга Янум. — Ён паходзіў з беднай сялянскай сям’і — і ў яго лёсе было шмат складаных момантаў. Але Рыгор Раманавіч здолеў захаваць адданасць свайму роднаму: краю, мове, музыцы. У Вільні ён арганізаваў беларускі ансамбль народнай песні і танца. З часам, калі савецкая ўлада ўсталявалася ва ўсёй Беларусі, яго запрасілі ў Мінск. Асноўным напрамкам калектыву, якім ён кіраваў, было выкананне народнай песні ў акадэмічнай харавой манеры. 

Рыгор Шырма быў збіральнікам песень, для іх харавых апрацовак арганізаваў выдатных айчынных кампазітараў. Як старшыня Саюза кампазітараў БССР, натхніў іх на напісанне не проста аранжыровак, а арыгінальных твораў. Закаханымі ў народную песню былі і яго паслядоўнікі, якія маюць дачыненне да хору: вялікія музыканты Віктар Роўда і Уладзімір Раговіч, Ларыса Шымановіч і Людміла Яфімава. Важнай лічыць выпрацаваную лінію і цяперашні кіраўнік калектыву Вольга Янум. 

— Беларускую песню мы прадстаўляем усюды, дзе выступаем. Так, на нядаўнім фестывалі “Царыца песня” ў Новасібірску 90% нашай праграмы складала беларуская музыка і аўтарскія сачыненні кампазітараў Алега Хадоскі, Алены Атрашкевіч, Андрэя Саўрыцкага, Анастасіі Бэндэрскай, — адзначае Вольга Яўгенаўна. — І, вядома, творы з анталогіі Рыгора Шырмы. Гэта своеасаблівая біблія беларускай песні для кампазітараў, асабліва маладых: з яе дапамогай нараджаецца сапраўднае нацыянальнае мастацтва — самабытнае, ні на што іншае не падобнае, якое перадае характар нашага чалавека, яго ўнутранае і духоўнае жыццё. 

ПРОСТЫЯ І ВАЖНЫЯ ІСЦІНЫ 

Летась адбыўся канцэрт “Вечар беларускіх прэм’ер”, знакавая падзея для ўсяго сучаснага айчыннага харавога мастацтва. Вялікая зала філармоніі была поўная: людзі з задавальненнем ідуць менавіта на харавую музыку, і гэта дарагога вартае! 

Галоўны дырыжор лічыць вельмі важным, каб у кожнай праграме прысутнічала прэм’ера. А ў гэтай іх было дзве. У першым аддзяленні прагучала паэторыя Алены Атрашкевіч “Таямніцы быцця. Ісціны ад Амара Хаяма” — фундаментальнае харавое сачыненне, якое нагадвае людзям пра простыя, але такія важныя ісціны, як, напрыклад, “Не рабі зла”. У другім — выконвалася Сімфонія №2 для змешанага 16-галоснага хору а капэла “Поры года” Алега Хадоскі. На стварэнне кожнай з 12 частак аўтара натхнілі святы беларускага каляндарна-абрадавага цыкла. Усе песні выкарыстаны ў першародным выглядзе — такімі, як склаў іх народ. Самабытнае, незвычайнае, неймавернае гучанне! На думку Вольгі Янум, гэта новы ўклад таленавітага кампазітара ў скарбонку беларускага нацыянальнага мастацтва. 

САМАЕ ГАЛОЎНАЕ — ЛЮБОЎ 

Юбілейны канцэрт харавой капэлы “Вібрацыі часу” адбудзецца 20 лютага. Як і папярэднія, праграма будзе адпавядаць канцэпцыі калектыву: прагучыць музыка, напоўненая духоўнасцю. Вольга Яўгенаўна прыадкрывае заслону падзеі, што мае адбыцца неўзабаве: 

— Чакаюцца прэм’еры. Адна — сачыненне з новага зборніка Алены Атрашкевіч. Другая — твор для хору, ханга і ўдарных інструментаў, які напісала малады кампазітар, артыст капэлы Кацярына Сянкевіч. У першым аддзяленні мяркуем паказаць свае адносіны да сённяшняга свету. У прыватнасці, прагучыць Рэчытатыў і харал В. Кузняцова на словы А. Сент-Экзюперы — кранальны твор пра тое, што дае сэнс жыццю… Уключым у праграму і фрагменты літургіі “Захаваны анёл” Радзівона Шчадрына. Некалькі твораў Георгія Свірыдава гледачы пачуюць у выкананні знакамітага барытона з Санкт-Пецярбурга Кірыла Жаровіна. А другое аддзяленне прысвецім народнай песні. Распрацавана спецыяльная пастаноўка — будзе вельмі прыгожа! 

АГУЛЬНАЯ ІДЭЯ 

У складзе харавой капэлы 63 таленавітыя асобы, якіх Вольга Янум з’яднала ў зладжаную каманду. 

— Наш калектыў — прафесійныя музыканты, кожны мае выдатную адукацыю і ўласнае ўяўленне аб творах і іх выкананні. Але хор — гэта калі ты сваё індывідуальнае здольны падпарадкоўваць агульнай ідэі. І ў гэтым таксама праяўляецца прафесіяналізм! Мая задача — аб’яднаць іх упэўненасцю: тое, што робім разам, — правільна. Я транслюю пасыл, а артысты з дапамогай голасу, эмоцый, энергіі перадаюць яго зале. Удалося ўжо шмат. Але няма мяжы дасканаласці, кожны раз хочацца зрабіць яшчэ лепш. І няўхільна рухаемся наперад, мэта — вельмі высокая выканальніцкая прыступка. Кожны з нас разумее: мы не проста іграем і спяваем “для сябе”, а прадстаўляем сваю краіну, у тым ліку і за мяжой — хор шмат гастралюе, спяваем на розных мовах. Але ж першарадная ўвага — роднаму беларускаму гледачу. Штогод выпускаем паўнавартасныя канцэртныя праграмы, ужо шмат гадоў выступаем арганізатарамі фестывалю “Песнапення Вялікага посту”, удзельнічаем у харавых канцэртах “Час пакаяння”, якія праходзяць па блаславенні Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. 

Выступленне капэлы на Усерасійскім фестывалі "Царыца песня" ў Новасібірску

Няма сумнення ў тым, што калектыў, створаны 2 лютага 1940 года, і надалей будзе працаваць плённа і самааддана, прымнажаючы гонар і славу беларускага музычнага мастацтва. 

Святлана ЧЭКАЛАВА 

Фота з архіва Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Р. Шырмы