Прастора цудаў і радасці

Апублiкавана: 18 лютага 2025 Стужка Цырк Мінск

Аўтар: ГРЫНКЕВІЧ Віялета

Новая праграма “Планета «Цырк»” разгарнулася ў Белдзяржцырку з 1 лютага па 11 мая. На манежы — вальтыжоры, жанглёры, трансфармацыя, канатаходцы, дрэсіраваныя мядзведзі, сабачкі і коткі, клоўны і многае іншае.

Як адзначыў дырэктар Белдзяржцырка Уладзімір Шабан, з году ў год распрацоўваецца чатыры ўнікальныя праграмы. Кожная з іх ствараецца ў строгай адпаведнасці з патрабаваннямі сучаснага гледача.

 Артыстка Наталля Майхроўская

— Імкнёмся не паўтарацца, дзеля чаго рэгулярна маніторым нашу галіну ў розных краінах, у прыватнасці ў Расіі, — расказаў кіраўнік. — Канвеер — гэта страшная з’ява, калі губляецца творчасць. Мы робім эксклюзіў. Адбіраем нумары, якія падабаюцца публіцы. Самыя любімыя можам прадставіць некалькі разоў. Запрашаем прызнаных артыстаў з высокім узроўнем майстэрства. Шмат адрэналіну, лёгкасці, смеху — на кантрастах пабудавана “Планета «Цырк»”.

ТРА­ПЯТ­КІ СТАРТ

 Адкрывае грандыёзнае шоу нумар “Арыгінальныя акрабаты на рускай палцы” — узор аднаго з самых складаных, небяспечных жанраў цыркавога мастацтва.

 — Галоўны атрыбут — тры лёгкаатлетычныя шасты для скачкоў у вышыню, змацаваныя асаблівым спосабам, — распавёў кіраўнік нумара, артыст Мас- коўскага цырка Нікуліна на Каляровым бульвары Ілья Цюфяеў. — Два ніжнія ціснуць на верхні, што і забяспечвае спружыністасць. Даўжыня кожнай палкі — пяць метраў, а шырыня — усяго дзесяць сантыметраў. Прызямленне на такі невялікі ўчастак патрабуе сур’ёзнага майстэрства.

 У Мінску арыгінальныя акрабаты не ўпершыню. Апошні раз прыязджалі ў 2017-м на конкурс, дзе заваявалі срэб- ра. Цяпер вярнуліся з гастроляў у Казані.

 — Доўгі час не супадалі графікі, таму не маглі патрапіць сюды, — растлумачыў Ілья Цюфяеў. — Для беларускага манежа нумар крыху змянілі: дадалі маляўнічы балетны элемент, дзякуючы чаму выступленне стала ярчэйшым.

 Прывезлі таксама “Вальтыж” — разнавіднасць акрабатыкі, заснаваную на падкідванні і перакідванні верхняга артыста ніжнім без ужывання адмыс- ловых прынад.

БА­РА­ЦЬ­БА З ГРА­ВІ­ТА­ЦЫ­ЯЙ

У працяг захапляльных акрабатычных трукаў — “Ілюзія-трансфармацыя” пад кі- раўніцтвам Ніны Сяверынай. Гэта яркае спалучэнне фокусаў з пераапрананнем і харэаграфіі. Сукенкі, што кардынальна адрозніваюцца па фасоне і колеры, змяняюцца за лічаныя секунды пад прыцэлам сотняў вачэй.

 Яшчэ адна перліна “Планеты «Цырк»” — “Жанглёр” Сямёна Крачынава, якога з беларускай сталіцай звязвае не толькі прафесійнае, але і асабістае.

 "Кола смеласці", Андрэй Пагарэлаў

— Бацькі — Віктар і Святлана — гастралявалі ў Мінску з нумарам “Цётачка з Бразіліі” ў 1986-м. Тут я і нарадзіўся. “У пілавінні”, як кажуць у нашым асяродку, — распавёў Сямён Крачынаў.

 Вяртанне ў Белдзяржцырк, па прызнанні артыста, — здзяйсненне даўняй мары:

 — Перамовы з кіраўніцтвам пачаліся ў 2011-м. Нарэшце ўсё атрымалася. Гэта пляцоўка першага класа, сапраўдны эталон. Дзякуючы Мінскаму міжнароднаму фестывалю мае вялізную вядомасць. Каб аказацца тут, артысты праходзяць вялікі шлях. За маімі плячыма — мноства конкурсаў і значных прызоў. Напрыклад, золата, што ўзяў у Італіі і ў Расіі, у цырку Нікуліна. Разам з жанглёрам змагаюцца з гравітацыяй на “Планеце…” і беларускія паветраныя гімнасты: Анастасія Каваленка лятае пад купалам у скрыпічным ключы, а Наталля Нарышкіна з Глебам Казленкам — у кальцы.

 НА МА­НЕ­ЖЫ БРА­ТЫ МЕН­ШЫЯ

Шырока ў новай праграме прадстаўлены нумары з жывёламі. Гэта “Дрэсіраваныя сабакі” Яўгена Камісаранкі, “Сузор’е Вялікай Мядзведзіцы” Рэната Касеева, “Дрэсіраваныя коткі” Асель Саралаевай і “Наезнікі на конях” Андрэя Астаф’ева — фінальны акорд усяго шоу.

"Наезнікі на конях" пад кіраўніцтвам Андрэя Астаф'ева

 — Нашы “артысты” — маладыя, вясёлыя, з запалам, — расказаў кіраўнік нумара. — Займацца з імі пачалі нядаўна. У некаторых у Мінску дэбют.

 З сабакамі і гусямі выступае і клоўнскі дуэт Гіоргі Кашыа і прадстаўніцы расійскай цыркавой дынастыі Наталлі Майхроўскай. На беларускі манеж, дарэчы, артыстка ў чацвёртым пакаленні выходзіла ўжо дзясяткі разоў.

 — Клаўнада — квінтэсэнцыя цырка. Мы мусім спалучаць элементы розных жанраў і пры гэтым заставацца смешнымі. Развесяліць, выклікаць шчырую эмоцыю радасці нашмат складаней, чым, напрыклад, прымусіць суперажываць. Таму кожная сустрэча з гледачом — сапраўдны выклік, — распавяла Наталля Майхроўская. — У сілу сваёй нязграбнасці мая гераіня ўвесь час трапляе ў недарэчныя сітуацыі. А паліцыянт — напарнік — ганяецца за парушальніцай спакою. Старая як свет гісторыя.

 НА­ТХНЁ­НА Ў БУ­ДУ­ЧЫ­НЮ

 Распавядаць пра дзівосны сусвет і яго жыхароў можна доўга. Але галоўнае, як справядліва адзначыў мастацкі кіраўнік цырка Вітаўтас Грыгалюнас, што на “Планеце…” пануюць толькі станоўчыя эмоцыі, згода, узаемаразуменне і радасць. І неўзабаве гэтая атмасфера ахопіць іншыя цыркавыя пляцоўкі.

 — У сакавіку паедзем на фестываль у Іспанію, — падзяліўся планамі Уладзімір Шабан. — Адгукаемся на такія прапановы, каб абменьвацца культурнымі дасягненнямі, выбудоўваць дыялог, паказваць сваё майстэрства за мяжой.

 Адкрытасць і супрацоўніцтва на карысць развіцця мастацтва, як падкрэсліў дырэктар установы, — нязменная мэта для планеты пад назвай “Цырк”.

 Ві­яле­та ГРЫН­КЕ­ВІЧ

 Фота Кацярыны БІЛАН