Рэканструкцыя мемарыяльнага комплексу вязням Азарыцкага лагера смерці — прыклад захавання гістарычнай памяці. Тым, хто стаіць за гэтай высакароднай справай, прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Сярод лаўрэатаў — загадчык філіяла “Мемарыяльны комплекс вязням Азарыцкага лагера смерці” Калінкавіцкага краязнаўчага музея Зінаіда Хлебавец, загадчык навукова-асветніцкага аддзела Гомельскага абласнога музея ваеннай славы Вікторыя Заяц і начальнік бюро галоўных інжынераў праекта інстытута “Гомельграмадзянпраект” Вольга Ачапоўская.
Сёння Азарычы — невялікі спакойны гарадскі пасёлак у Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці. Але ў 1944-м тут разгарнуліся бадай самыя жудасныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Фашысцкія акупанты стварылі паблізу мястэчка сістэму канцэнтрацыйных лагераў. Іх ахвярамі стала больш за 20 тысяч мірных жыхароў.
— Немцы сагналі на балоты старых, жанчын і дзяцей — усіх, каго лічылі “дарэмнымі едакамі” і “абузай для войска”, — распавядае кіраўнік мемарыяльнага комплексу Зінаіда Хлебавец. — Чырвоная армія наступала, таму лагеры размясцілі на пярэднім краі абароны, зрабіўшы вязняў жывым шчытом. Тэрыторыю абгарадзілі калючым дротам, а падыходы да яе замініравалі.
Менавіта пад Азарычамі фашысты ўпершыню масава выкарысталі бактэрыялагічную зброю — сыпны тыф. Ворагі звозілі хворых у асобныя вёскі, а потым падсялялі да здаровых у канцлагеры. Інфекцыя перадавалася натуральным шляхам вельмі хутка.
Зінаіда Хлебавец
— Той сакавік быў суровым і снежным, тэмпература вагалася ад нуля да пятнаццаці градусаў марозу, — падкрэслівае Зінаіда Мікалаеўна. — Каб сагрэцца, выратаваць сябе і дзяцей, людзі здымалі адзенне з мёртвых. Чыстай вады не было, вязням даводзілася піць з балота. Усё гэта спрыяла распаўсюджванню хваробы. Згодна з падлікамі, сярэдняя працягласць жыцця ў лагеры не перавышала трох дзён. В
язні былі вызвалены 19 сакавіка 1944 года войскамі 65-й арміі пад камандаваннем генерал-лейтэнанта Паўла Батава. З палону выратавалі больш за 33 тысячы чалавек.
Першы памятны знак на месцы лагера смерці з’явіўся ў 1954-м дзякуючы намаганням настаўніка гісторыі Уладзіміра Макатрава. Праз 11 гадоў тут узвялі мемарыяльны комплекс. Пытанне яго рэканструкцыі доўга хвалявала былых вязняў, музейшчыкаў і ўсіх неабыякавых: інфармацыю аб трагедыі належыць даносіць да шырокай грамадскасці. За справу ўзялася ініцыятыўная група Азарыцкага сельвыканкама, створаная ў 2021-м.
— Мы падрыхтавалі праект абнаўлення комплексу да ўдзелу ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў, арганізаваным Гомельскай абласной асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў, — расказвае Зінаіда Хлебавец. — Ідэю падтрымалі прадстаўнікі выканаўчай улады, садзейнічалі і вядучыя СМІ. Праектная дакументацыя была распрацавана спецыялістамі інстытута “Гомельграмадзянпраект” пад кіраўніцтвам Вольгі Ачапоўскай. Будаўніцтва стартавала ў сакавіку 2023 года.
Неўзабаве пачынанне атрымала дадатковую дзяржаўную дапамогу. Згодна з пастановай Савета Міністраў, палова сродкаў, заробленых падчас красавіцкага рэспубліканскага суботніка, была пералічана Гомельскаму аблвыканкаму на рэканструкцыю мемарыяла. У выніку працы ўдалося завяршыць за дзевяць месяцаў. Урачыстае адкрыццё комплексу адбылося 9 снежня 2023-га.
— З’явіліся новыя скульптурныя кампазіцыі. Напрыклад, памятны знак у гонар ваенных медыкаў, якія своечасова лакалізавалі эпідэмію і выратавалі тысячы жыццяў. Яшчэ — аб’ект “Камяні прасвятлення”. Гэта чатыры стэлы, на кожнай з якіх размешчана пано з павялічанымі архіўнымі фотаздымкамі. Адной з дамінантаў комплексу стала сяміметровая Вежа памяці. На яе чорных мармуровых плітах выбіты гісторыі былых вязняў лагера, — паведаміла Зінаіда Мікалаеўна.
Акрамя таго, падчас рэканструкцыі ўзвялі інфармацыйны музейны павільён. У ім працуе пастаянная экспазіцыя з інтэрактыўнымі элементамі. Тэрыторыя мемарыяла была пашырана да 1,75 гектара.
— Летась да нас прыехала больш за 14 тысяч чалавек. Сярод наведвальнікаў шмат моладзі, для якой Азарычы сталі сапраўднай адукацыйнай прасторай. І гэта цудоўна, бо, каб памятаць, трэба ведаць, — лічыць Зінаіда Хлебавец.
Значны ўклад у рэканструкцыю ўнёс калектыў Гомельскага абласнога музея ваеннай славы. Спецыялісты распрацавалі канцэпцыю экспазіцыі для інфармацыйнага павільёна.
— Тэме генацыду беларускага народа ў нашай установе прысвечана цэлая зала, — адзначае загадчык навукова-асветнага аддзела Музея ваеннай славы Вікторыя Заяц. — Кожны раз на экскурсіях расказваем пра трагедыю Азарычаў. Калі нас запрасілі паўдзельнічаць у абнаўленні мемарыяла, мы з радасцю прыступілі да працы.
Вікторыя Заяц
У экспазіцыі раскрываецца гісторыя мястэчка ў розныя гады, але акцэнт зроблены на ваенным перыядзе. На адным баку павільёна паказаны твары акупантаў — выканаўцаў тэрору. Мы размясцілі гэтыя выявы, каб людзі ведалі, хто нясе адказнасць за страшныя падзеі. Насупраць — сцяна ў светлых тонах. На ёй — фотаздымкі вязняў і іх вызваліцеляў, воінаў Савецкай арміі. Усе гэтыя матэрыялы дазваляюць зразумець, што вайна — трагедыя, якая ніколі не павінна паўтарыцца.
Данііл ПІЎКАРЭЦ