Захаваць гісторыка-культурную спадчыну нашай краіны ў многім удаецца дзякуючы фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва. Возьмем, да прыкладу, Нацыянальны мастацкі музей.
Ужо ў 1980-я стала зразумела, што ў пабудаванай пасля Вялікай Айчыннай вайны скарбніцы цесна. Было вырашана ўзвесці новы корпус побач. Будоўля распачалася ў 1991-м і праз год… спынілася з-за нястачы грошай.
Справа зрушылася з месца, калі летам 1999-га на чарговы юбілей Нацыянальнага мастацкага завітаў Аляксандр Лукашэнка. Тады была агучана ідэя стварэння цэлага музейнага квартала ў цэнтры беларускай сталіцы. Кіраўнік дзяржавы прапанову падтрымаў і ўзяў яе рэалізацыю пад кантроль. Пасля візіту падпісаў распараджэнне “Аб комплексным развіцці Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь”, якое дало старт аднаўленню будаўніцтва новага корпуса, перадачы музею суседніх будынкаў, іх рэстаўрацыі, музеефікацыі і аб’яднанню ў адзіны комплекс.
Новы будынак расчыніў дзверы 5 снежня 2006 года. Падчас урачыстай цырымоніі Прэзідэнта паінфармавалі: выставачныя плошчы павялічыліся больш як у чатыры разы. На аб’екце ўпершыню ў рэспубліцы выкарыстана найноўшае музейнае абсталяванне для падтрымання тэмпературнавільготнаснага рэжыму, аўтаматычнай пылаўборкі памяшканняў, укаранёны сучасныя сістэмы відэакантролю, захоўвання экспанатаў, унікальнае рэстаўрацыйнае абсталяванне — першы этап генеральнай рэканструкцыі Нацыянальнага мастацкага музея завершаны. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на неабходнасць заканчэння ўсіх рэстаўрацыйных і будаўнічых работ і даручыў ураду ўзяць на асобны кантроль праект абнаўлення музея. “Трэба падумаць, як зрабіць гэта хутчэй”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка і заўважыў, што хоць будаваць не проста, але дзяржава ідзе на стварэнне новых і рэканструкцыю важных культурна-гістарычных аб’ектаў.
Даручэнні Прэзідэнта былі выкананыя. Дзякуючы яго пастаяннай увазе ў 2021-м, пасля некалькіх гадоў будаўніча-рэстаўрацыйных работ, музейны комплекс быў дапоўнены рэстаўрацыйным і выставачным карпусамі.
Сёння мы назіраем чарговы этап развіцця галоўнай скарбніцы мастацтваў нашай краіны. Распараджэннем Аляксандра Лукашэнкі № 1рп ад 8 студзеня 2025 года з фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы культуры і мастацтва Нацыянальнаму мастацкаму музею Беларусі выдзелена 5 млн рублёў. Сродкі выдаткоўваюцца на працяг работ па стварэнні комплексу будынкаў музея і адзінай выставачнай прасторы карпусоў па вул. Леніна, 22 і вул. Леніна, 20. Рэалізацыя праекта зробіць значны ўклад у захаванне і памнажэнне культурнай спадчыны Беларусі.