Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур з 9 па 14 лютага правёў стажыроўку для беларусаў Карэліі.
Мерапрыемства прайшло ў рамках рэалізацыі падпраграмы “Беларусы ў свеце” дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2021—2025 гады. У Мінск прыбыла дэлегацыя актыву рэгіянальнай грамадскай арганізацыі “Нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Карэліі”. Мэта — вывучэнне беларускай культуры і гісторыі для далейшага распаўсюджвання інфармацыі сярод суайчыннікаў у Рэспубліцы Карэлія (Расійская Федэрацыя).
Геаграфія стажыроўкі шырокая, праграма — насычаная. Так, падчас паездкі ў Гомельскую вобласць нашы суайчыннікі схілілі галовы ў мемарыяльным комплексе “Дзецям — ахвярам вайны” і перадалі ў музей відэаўспаміны вязня нямецкага канцлагера, ураджэнкі Беларусі. У Светлагорскім раёне наведалі мемарыял “Ала” і памятны знак, прысвечаны аперацыі “Баграціён”. У Светлагорскім краязнаўчым музеі перадалі дакументальныя матэрыялы ўдзельнікаў аперацыі, ураджэнак Беларусі і Расіі. У Кастрычніцкім раёне дэлегацыю з Карэліі чакалі майстар-класы па традыцыйных відах рамёстваў, беларускім вакале, бытавых танцах і нацыянальнай кухні. Ветліва гасцей сустракалі і ў замкавым комплексе “Мір”, і ў Нацыянальным гісторыкакультурным музеі-запаведніку “Нясвіж”, і ў сталіцы: адбыліся экскурсіі на легендарную фабрыку “Камунарка”, у Храм-помнік у гонар Усіх Святых. Пабывалі нашы суайчыннікі і ў іншых цікавых мясцінах. Пра іх уражанні і вынікі стажыроўкі — у наступным нумары газеты “Культура”.