Кінапраекты, культурна-відовішчныя мерапрыемствы, творчыя задумы. З чым ідуць грамадзяне на прыём да міністра? Якія ідэі і пытанні патрабуюць разгляду?
У Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь асабісты прыём грамадзян, іх прадстаўнікоў і прадстаўнікоў юрыдычных асоб вядзецца паводле графіка, які апублікаваны на афіцыйным сайце ведамства. Пад нумарам адзін у дакуменце значыцца Руслан Іосіфавіч Чарнецкі: міністр прымае заяўнікаў у першую сераду месяца з 8.00 да 13.00. Вось і 5 лютага дзверы кіраўніка галіны былі адчынены для наведвальнікаў.
Міністр культуры, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі разгледзеў усе пытанні, якія паступілі ад неабыякавых грамадзян — прадстаўнікоў нашай сферы. Тэматыка тычылася стварэння кінапраектаў, у тым ліку анімацыйных фільмаў, уключэння ў рэестр арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў, прапаноў па рэалізацыі творчых праектаў. Так, народны артыст Беларусі Уладзімір Васільевіч Гасцюхін унёс свае прапановы па развіцці кінематаграфіі ў нашай краіне.
Падчас асабістага прыёму ўсім заяўнікам былі дадзены тлумачэнні. Па некаторых зваротах прынята рашэнне больш дэталёвай прапрацоўкі. Таксама дадзены даручэнні супрацоўнікам ведамства.