Мы гэта зробім

Апублiкавана: 14 лютага 2025 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Усебеларускі народны сход адбудзецца ў красавіку. Аб гэтым ішла гаворка на пасяджэнні Прэзідыума УНС. 

Прэзідэнт Беларусі, Старшыня УНС Аляксандр Лукашэнка правёў пасяджэнне Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу 11 лютага. 

Кіраўнік дзяржавы перадусім адзначыў, што пачатак гэтага года ў нашай краіне выдаўся вельмі актыўным у грамадска-палітычным плане. 

— Услед за электаральнай кампаніяй на красавік запланавана правядзенне чарговага пасяджэння Усебеларускага народнага сходу. І сённяшні Прэзідыум дасць старт падрыхтоўцы да гэтага важнейшага дзяржаўнага мерапрыемства, — анансаваў Прэзідэнт. 

У красавіку УНС будзе праводзіцца другі раз у яго новым канстытуцыйным статусе, а ўвогуле прайшло сем сходаў. Паводле Канстытуцыі, Усебеларускаму народнаму сходу адводзіцца стратэгічная роля па ўсёабдымнай абароне суверэнітэту краіны. 

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, на будучае пасяджэнне УНС вынесуць шэраг пытанняў. Адно з галоўных — выступленне Прэзідэнта са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і парламента. 

— Пасланне — гэта і справаздача перад людзьмі, і вызначэнне задач на перспектыву, і адказы на самыя жыццёвыя, актуальныя пытанні. Краіна ўступіла ў пяцігодку якасці. Дадзены старт Году добраўпарадкавання. Завяршаецца апошні год пяцігодкі (2021—2025 гадоў. — заўв. рэд.). Гэта абумоўлівае складанасць і комплекснасць задач, што стаяць перад намі, — патлумачыў кіраўнік дзяржавы. 

Наступнае пытанне звязана з новымі канстытуцыйнымі кантрольнымі паўнамоцтвамі УНС. Упершыню дэлегаты заслухаюць даклад прэм’ер-міністра аб выкананні праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і прымуць шэраг кадравых рашэнняў. 

Яшчэ адна тэма — арганізацыйная структура і камісіі УНС. Беларускі лідар заўважыў, што калі мы хочам мець эфектыўную дзяржаву, то пачынаць трэба з аптымізацыі кіраўніцкіх працэсаў, татальнай дэбюракратызацыі і жалезнай выканальніцкай дысцыпліны. 

— У канчатковым выніку ад гэтага залежыць давер народа. Усё, што мы абяцалі людзям разам з вамі ў перадвыбарную кампанію, мы абавязкова павінны рэалізаваць. І мы гэта зробім, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.