Ад­ва­рот­ны пе­ра­клад з мо­вы шкла

Апублiкавана: 13 лютага 2025 Стужка Народная творчасць Мінск Вернісаж

Аўтар: СВІРЫН Ілья

Творы са шкла часта адносяць да дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Аднак ёсць аўтары, якія імкнуцца тую “завядзёнку” парушыць. Яны кажуць: гэты матэрыял здатны на большае, ніж проста ўпрыгожваць нашу рэчаіснасць, напаўняючы яе каляровымі водблескамі.

Экспазіцыя Аляксандра Трускоўскага, якая працуе ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, — пераканаўчы аргумент: шкло, прапушчанае праз рукі, розум і сэрца творцы, — гэта не толькі “прыгожа”. 

РОЗНЫЯ ВЫМЯРЭННІ 

“Шкло можа быць крохкім, функцыянальным, дэкаратыўным, яно можа быць радыкальным і няўмольным — надзвычай універсальнае медыя”, — гаворыцца ў эксплікацыі да выставы. Аўтар праекта спасціг усе гэтыя вымярэнні шкла. Ён даўно і плённа кіруе майстэрняй, якая робіць вітражы для храмаў і арыгінальныя сувеніры, а ў вольны час выкарыстоўвае сваё ўмельства і дасканалае валоданне матэрыялам (даволі складаным) для мастацкіх выказванняў. Вынікі няспешнай і ўдумлівай працы акурат і дэманструюцца ў залах на вуліцы Някрасава. 

— Калі мы з Сашам абмяркоўвалі будучую экспазіцыю, то адразу прыйшлі да высновы, што гэта павінна быць не рэтраспектыва, а цэласны праект, — кажа куратарка Дзіна Даніловіч. — Цягам некалькіх гадоў нашага супрацоўніцтва і камунікацыі мне стала зразумела, што мастак безу пынна знаходзіцца ў стане ўнутранага дыялогу. Яго хвалююць фундаментальныя тэмы: жыццё і смерць, прырода зла, місія творцы… На некаторыя з іх спрабуе адгукнуцца, некаторыя — толькі пазначыць. Ёсць пытанні, якія застаюцца без адказу або наогул яго не патрабуюць. Як, напэўна, у жыцці ва ўсіх. Адсюль і назва выставы — “[Не]асабістае пытанне”. 

ЯК ВЫГЛЯДАЮЦЬ ДУМКІ 

Што ж гэта за пытанні? І якія адказы? Тут кожны вольны здагадвацца сам. “Зачэпак” у экспазіцыі не тое каб многа: аўтар не схільны да шматслоўных тлумачэнняў. Замест гэтага ён “перакладае” свае развагі на ўласную мастацкую мову, у якой лексічнымі адзінкамі становяцца фактура і адценні шкла. 

Адна з серый так і называецца — “Думкі”. Рознакаляровыя шкляныя кружочкі — нібы спроба візуалізаваць мысленчы працэс. Як выглядаюць думкі паводле Аляксандра Трускоўскага? Вельмі… неаднародна, часам страката, бо адценні накладваюцца, змешваюцца. Пэўны кружочак выпадае з роўнага шэрага, парушаючы структуру. 

Некаторыя творы нагадваюць абстрактны жывапіс — хаця і зроблены з куды больш капрызнага матэрыялу, чым фарба. Але фактура шкла надае колерам нязвыклыя, больш глыбокія адценні. Гэта дзякуючы тэхналогіям, з якімі аўтар памайстэрску эксперыментуе, нязмушана і з сапраўднай цікаўнасцю адхіляючыся ад алгарытмаў. 

Скажам, “Сутнасць” зроблена з адкідаў, з таго пылу, што застаецца пасля працы. Аляксандр некалькі месяцаў збіраў яго ў майстэрні, каб даць “другаснай сыравіне” новае жыццё. 

У творы “Межы 2” шкло спалучаецца з металам. Кожны з гэтых матэрыялаў спазнаў уздзеянне высокай тэмпературы і трансфармаваўся. У працы “Прабачэнне” мастак пакрывае шкло матэрыялам-антаганістам — бруднай гліністай глебай, перамешанай з травою. Работа літаральна мае шмат слаёў. Але за імі праглядаецца аснова — люстэрка. 

Канцэптуальнае мастацтва многія называюць антонімам рамесніцтва. Аднак выстава даводзіць: аперыраваць сэнсамі куды ямчэй, калі ты дасканала валодаеш тымі навыкамі, якія лічаць рамесніцкімі.

Гэты мастак не заложнік умельства, — кажа Дзіна Даніловіч. — Але ж менавіта майстэрства дае творцу магчымасць трапнага візуальнага выказвання. 

Хаця часам аўтар наўмысна адмаўляецца ад свайго прафесіяналізму — нібы падкрэсліваючы, што не ў гэтым яго крэда. На выставе ёсць знойдзены аб’ект — кавалак дахоўкі, што аброс мохам. Ёсць візуальная рэпліка знакамітай п’есы “4.33”. Джон Кейдж маўчаннем ствараў часавую рамку для навакольных гукаў. Мастак робіць прыблізна тое самае: тры металічныя пустыя акружнасці — бы рамкі, якія глядач павінен запоўніць самастойна ў сваім уяўленні. 

Інсталяцыя Inside падаецца канцэптуальнай, непадуладнай інтэрпрэтацыі. Хаця насамрэч работа дэманструе тыя рэшткі творчага працэсу, якія звычайна застаюцца за кадрам, у майстэрні: дробныя кавалачкі шкла, пыл ад яго, скамечаная арматура для вітража, які не атрымаўся… 

ЗАПРАШЭННЕ Ў ВАНДРОЎКУ 

Больш за тое, мастак плоскасцю не абмяжоўваецца — ён смела ўвасабляе метафары ў прасторы. Дантаўскі вобраз лесу выяўлены Аляксандрам амаль літаральна: у выставачнай зале “выраслі” сапраўдныя дрэвы. Іх дапаўняе відэа — оптыка чалавека, які заблукаў у гушчары і мусіць рухацца навобмацак (гэтым словам і называецца твор). 

Яшчэ адна мультымедыйная інсталяцыя — “Нямоглыя словы” — спалучае напластаваныя адзін на адзін слаі шкла і гукавую частку. Разумныя словы (выбітных навукоўцаў і філосафаў) гэтаксама наслойваюцца ды ўтвараюць суцэльны гармідар, у якім сэнсы ўзаемна анігіліруюцца. 

Як і кожны дбайна прадуманы аповед, выстава мае кульмінацыю. Татальная мультымедыйная інсталяцыя “Рэха іншага сэнсу”, што займае асобную залу, літаральна занурвае ў сябе гледача. Размаітыя кавалкі шкла — а кожны з іх нечым адметны — нібы аскепкі ўспамінаў. Размытыя выявы, убачаныя з вагона цягніка, і гіпнатычны саўндтрэк, у якім да грукату колаў дадаецца крышталёвы перазвон, — быццам запрашэнне падарожнічаць углыб свядомасці. 

Наведвальнік выставы не разумее тэхналагічных нюансаў працы са шклом і, натуральна, не здатны трапіць у свядомасць мастака. Аднак насычаныя аўтарскай энергетыкай творы вабяць назіральніка. У іх карціць падоўгу ўглядацца, выкшталцоўваючы ўласны характар узаемадзеяння. 

І такім чынам атрымліваецца своеасаблівы адваротны пераклад — з адцягненай мовы мастацкага шкла на куды больш блізкія нам дыялекты пачуццяў і рэфлексіі. 

Ілья СВІРЫН 

Фота аўтара