Сучасны погляд на вайну

Жанравыя карціны, партрэты, пейзажы, нацюрморты. На выставе “Сцяг Перамогі” ўсе творы сцвярджаюць: вайна — велізарная чалавечая трагедыя, памяць пра якую жыве ў кожнай нашай сям’і.

ПАТРЫЯТЫЧНЫ ПРАЕКТ 

Экспазіцыя работ сучасных расійскіх майстроў разгарнулася 29 студзеня ў Нацыянальным мастацкім музеі. Культурнапатрыятычны праект прысвечаны святкаванню 80-годдзя Перамогі і заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Сцяг Перамогі — сімвал гордасці, гонару і годнасці народа, які адолеў страшнага ворага. Выстава дэманструе, як падзеі ліхалецця адлюстроўваюцца і інтэрпрэтуюцца аўтарамі, што нарадзіліся пасля трагедыі. Іх творы ўжо паказваліся ў некаторых рэгіёнах Беларусі. У чэрвені 2024 года работы экспанаваліся ў Музеі гісторыі Магілёва, а з ліпеня да верасня — у Музеі абароны Брэсцкай крэпасці. 

Падчас адкрыцця выставы “Сцяг Перамогі” прагучалі творы ў выкананні лаўрэата міжнародных конкурсаў, стыпендыята спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Аляксандра Палякова і студэнтак Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.І. Глінкі Анастасіі Мамановіч, Надзеі Малышавай і Марыны Спецыян.

Арганізатары праекта — Расійскі клуб праваслаўных мецэнатаў і Рускае культурна-асветніцкае таварыства. Аўтарам канцэпцыі выступае член праўлення секцыі жывапісу Маскоўскага саюза мастакоў, народны мастак Расійскай Федэрацыі, акадэмік Расійскай акадэміі мастацтваў Пётр Стронскі. Куратары — навуковы супрацоўнік і загадчык выставачнага аддзела Нацыянальнага мастацкага музея Франц Корзун і Аляксей Мацюшонак. 

КАШТОЎНАЯ ПРАКТЫКА 

Як адзначыла падчас адкрыцця экспазіцыі генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага Ганна Конанава, папулярны ў другой палове XIX і першай чвэрці XX стагоддзя фармат перасоўных праектаў адраджаецца цяпер з асаблівай сілай. Гэтая практыка вельмі каштоўная, таму што адзіная асветніцкая думка аб’ядноўвае некалькі рэгіёнаў і нават краін. Галоўную галерэю сталічнай скарбніцы напоўнілі карціны вядомых сучасных мастакоў Расіі, якія маюць высокія дзяржаўныя ўзнагароды. Па словах Ганны Конанавай, многія палотны былі напісаны ў 2010, 2014 і 2023—2024 гадах. Гэта зусім свежыя творы, і тым больш каштоўным становіцца здзейсненае ў іх асэнсаванне гістарычных падзей. 

Так, Пётр Стронскі прадставіў у межах праекта партрэт свайго бацькі — ветэрана Вялікай Айчыннай. На карціне паказана, як ён перачытвае франтавыя лісты трыкутнікі, што пасылаў маці з фронту, а на фоне сыходзяць на вайну яшчэ чатыры браты. Другая работа — партрэт легендарнага Георгія Шырокага, марскога пехацінца, які абараняў Малую зямлю пад Новарасійскам і Ленінград.

СУМЛЕННЕ І ДУХ 

Настаяцель парафіі ў гонар Усіх Святых Мінскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы протаіерэй Фёдар Поўны заявіў, што вялікае мастацтва заклікана захоўваць гісторыю і асаблівы духоўны стан чалавека, а таксама адлюстроўваць у часовых з’явах вечнасць, інакш яно робіцца дэкаратыўным і прыкладным. Мастацтва нароўні з малітвай — адзін з дзейсных спосабаў народа зберагаць гістарычную праўду. “Малітва часцей за ўсё праўдзівая, калі ідзе ад шчырага сэрца, ад шчырай любові да Бога, — лічыць протаіерэй. — Вялікае вечнае мастацтва таксама павінна быць праўдзівым. Яго цэнзары — сумленне і дух мастака: калі дух мастака чуе Дух Божы, палотны таксама робяцца малітвай”. Па словах Фёдара Поўнага, перамога 1945 года — найвялікшая падзея для нашых народаў, якая адпавядае ўзроўню біблейскай бітвы добрых сіл з сіламі цемры, а Сцяг Перамогі — сімвал руйнавання цемры нацызму. 

Андрэй Рамасюкоў. "Я забіты пад Ржэвам" 

“Чым далей мы будзем адыходзіць у часе ад 1945-га, тым больш рэальная гісторыя будзе міфалагізавацца, — мяркуе святар. — Толькі мастацтва і вялікая літаратура захаваюць дух праўды”. 

АГУЛЬНАЕ ІМКНЕННЕ 

На выставе дэманструецца больш за 40 жывапісных, графічных і скульптурных твораў некалькіх пакаленняў. Сярод аўтараў — народныя мастакі Расійскай Федэрацыі Пётр Стронскі, Антон Сцякольшчыкаў, Людміла Юга, заслужаны мастак Расійскай Федэрацыі Аляксандр Полазаў, правадзейны член Расійскай акадэміі мастацтваў Аляксей Буртасенкаў, ганаровы член Расійскай акадэміі мастацтваў Барыс Сяргееў, іншыя вядомыя майстры выяўленчага мастацтва. У экспазіцыі прадстаўлены палотны, прысвечаныя сюжэтам ваеннага часу, партрэты ветэранаў Вялікай Айчыннай, ілюстрацыі да літаратуры пра ліхалецце, пейзажы, нацюрморты, філасофска-сімвалічныя кампазіцыі. Пры ўсёй стылістычнай разнастайнасці работ у іх праглядаецца агульнае імкненне — паказаць стаўленне да вайны як да вялізнай чалавечай трагедыі, памяць пра якую захоўваецца ў кожнай сям’і дагэтуль. 

Выстава будзе працаваць па 24 лютага. 

Антон РУДАК 

Фота аўтара