Езуіцкі касцёл у Мсціславе некалькі разоў аказваўся ў цэнтры ўвагі неабыякавай да захавання гісторыка-культурнай спадчыны грамадскасці. Стараннямі мясцовых актывістаў трывожныя весткі аб стане архітэктурнага помніка даходзілі да самых высокіх кабінетаў.
Мясцовыя ўлады даўно спрабавалі ўратаваць гэты помнік архітэктуры XVIII стагоддзя. За кошт раённага бюджэту і ахвяраванняў месцічаў аднавілі некалькі будынкаў на тэрыторыі ансамбля былога калегіума езуітаў. У іх размясцілі дзіцячую школу мастацтваў і цэнтр дзіцячай творчасці. Аднак на сам касцёл тады сродкаў не хапіла.
У снежні 2017 года адна з яго сцен павалілася. Узнікла пагроза разбурэння ўсяго будынка. Яго абгарадзілі, а ў дзіцячых установах, якія знаходзяцца па суседстве, прыпынілі заняткі. Мясцовыя ўлады звярнуліся да жыхароў краіны з просьбай ахвяраваць на захаванне помніка архітэктуры. Быў створаны фонд “Адраджэнне гісторыка-архітэктурных помнікаў горада Мсціслава”. Інфармацыя пра касцёл і тое, што ён мае патрэбу ў дапамозе, з’явілася на сайтах Мсціслаўскага райвыканкама, Магілёўскага аблвыканкама, Міністэрства культуры. На рахунак дабрачыннага фонду пачалі паступаць грошы. Усяго сабралі каля 13 тысяч рублёў і распачалі супрацьаварыйныя работы. Але яны ішлі цяжка і марудна. Касцёл шмат гадоў знаходзіўся ў аварыйным стане. У працэсе адбылося яшчэ адно абвальванне. Замест часовых ахоўных канструкцый запатрабавалася паўнавартасная кансервацыя будынка. У 2020-м да вырашэння гэтай задачы падключыўся Кіраўнік дзяржавы.
Усяго са сродкаў рэспубліканскага бюджэту і фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва на выратаванне касцёла было выдаткавана 1 млн 680 тысяч рублёў. Пасля гэтага праца літаральна закіпела. І ў той жа год жыхары Мсціслава змаглі нарэшце ўздыхнуць з палёгкай — пагрозу разбурэння сваёй славутасці ўдалося ліквідаваць.