Час танцаваць

Апублiкавана: 08 лютага 2025 Стужка Харэаграфія Мінск

Аўтар: Аўтары

Пад такой назвай ужо ў чацвёрты раз стартуе Адкрыты рэспубліканскі конкурс харэаграфічнага мастацтва. Арганізатарам маштабнага сацыяльна-значнага праекта выступае Рэспубліканскі культурна-асветніцкі цэнтр Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 

Конкурс закліканы папулярызаваць харэаграфічнае мастацтва, далучаць людзей розных узростаў да нашай багатай культурнай спадчыны і захоўваць пераемнасць танцавальных традыцый сярод маладога пакалення. 

Традыцыйна спаборніцтва распачынае адборачны этап, які праходзіць у анлайнфармаце з 3 лютага па 13 сакавіка. Фінальны тур запланаваны на 5 красавіка: выступленні ўдзельнікаў адбудуцца на сцэне Вялікай залы Рэспубліканскага культурна-асветніцкага цэнтра Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Пераможцаў вызначаць у пяці намінацыях: класічны, эстрадны, бальны, сучасны і народны танец. Акрамя шчыльнай конкурснай праграмы прадугледжана і багатая адукацыйная — з майстар-класамі ад вядучых харэографаў Беларусі. 

Чакаецца, што пра свой талент заявяць больш за 1000 удзельнікаў. Пазмагацца за званне найлепшага мяркуюць салісты і калектывы з розных рэгіёнаў Беларусі і замежных краін. Сярод прэтэндэнтаў на перамогу — як дарослыя, так і дзеці з чатырох гадоў у сваіх узроставых катэгорыях. 

Майстэрства канкурсантаў будзе ацэньваць прафесійнае журы. У складзе — аўтарытэтныя дзеячы культуры і мастацтва, арганізатары і партнёры конкурсу. Старшыня — Святлана Гуткоўская, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, прафесар кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, кандыдат навук, член Прэзідыума Саюза музычных дзеячаў, член экспертнай камісіі фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, мастацкі кіраўнік ансамбля кафедры харэаграфіі — уладальніка Грандпрэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, уладальнік медаля Францыска Скарыны. 

Лаўрэаты І, ІІ і ІІІ ступеняў, а таксама пераможцы ў намінацыях будуць узнагароджаны дыпломамі і кубкамі. Уладальніка гранпры чакае буйны грашовы прыз — 200 базавых велічынь.