Новы аб’ект гонару

Апублiкавана: 08 лютага 2025 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Нацыянальны гістарычны музей Беларусі і парк Народнага адзінства плануецца пабудаваць ў 2025—2027 гадах. Кіраўнік дзяржавы зацвердзіў адпаведны дакумент. 

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 5 лютага падпісаў Указ № 50, якім прадугледжваецца будаўніцтва ў 2025—2027 гадах Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, парку Народнага адзінства, а таксама стварэнне пастаяннай экспазіцыі музея. Працы разгорнуцца ў Цэнтральным раёне Мінска на ўчастку паміж праспектам Пераможцаў, вуліцай Арлоўскай і ракой Свіслач. Ва ўзвядзенні новых аб’ектаў прымуць актыўны ўдзел студэнцкія атрады: музею прысвоены статус Усебеларускай маладзёжнай будоўлі. 

Рэалізацыя Указа пасадзейнічае фарміраванню ў беларусаў пачуцця гонару за сваю краіну і прыналежнасці да яе гісторыі, культурнай і духоўнай спадчыны. 

Якім будзе новы Нацыянальны гістарычны музей? Пытанні яго будаўніцтва, архітэктурнае рашэнне і змястоўнае напаўненне абмяркоўвалася на прэзідэнцкай нарадзе яшчэ летась — напярэдадні Дня народнага адзінства, што адзначаецца 17 верасня. Разглядалася планіровачнае рашэнне будынка, які паўторыць контур карты Беларусі. Што тычыцца парка Народнага адзінства, то ён мусіць стаць часткай водназялёнага дыяметра горада. Як заўважыў тады Кіраўнік дзяржавы, пляцоўка для музея падабрана аптымальна — яго ўзвядзенне завершыць аблічча раёна, які ў народзе называюць кварталам беларускай дзяржаўнасці: побач з Палацам Незалежнасці, будынкам Вярхоўнага Суда, плошчай Дзяржаўнага сцяга. Размяшчэнне абавязвае, таму Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў: “Музей павінен стаць своеасаблівай візітнай карткай краіны. Захапляць як сучасным архітэктурным абліччам, так і ўнутраным напаўненнем”. Новы музей закліканы стаць важным элементам захавання гістарычнай памяці народа і аб’ектам гонару для беларусаў.