Шчырыя пажаданні і творчыя падарункі: народная артыстка Беларусі Тамара Міронава адзначыла 75-гадовы юбілей. З днём нараджэння легендарную купалаўку павіншаваў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.
Віншавальны адрас Тамары Міронавай ад Прэзідэнта ўручыў міністр культуры, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі: урачыстасць праходзіла ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы 4 лютага.
“Усё Ваша жыццё непарыўна звязана з беларускай культурай. Самабытным, непаўторным талентам і нястомнай творчай дзейнасцю Вы ўносіце важкі ўклад у развіццё айчыннага мастацтва”, — гаворыцца ў адрасе. У ім Кіраўнік дзяржавы адзначыў шматгадовае служэнне Тамары Міронавай легендарнай сцэне Купалаўскага тэатра, якое заслугоўвае глыбокай павагі і прызнання. “Спадзяюся, што Вы і ў далейшым гэтак жа натхнёна будзеце працаваць на карысць роднай Беларусі”, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка і пажадаў народнай артыстцы моцнага здароўя, поспехаў ва ўсіх справах, шчасця і дабра быту.
Легендарная купалаўка прыняла шчырыя віншаванні і творчыя падарункі ад калег і сяброў тэатра. Таксама ў святочны дзень адбыўся паказ спектакля “Апошні атракцыён”, прымеркаваны да 75-гадовага юбілею Тамары Міронавай.