Пад такім лозунгам прайшоў чарговы хатні матч хакейнага клуба “ДынамаМінск” у Кантынентальнай хакейнай лізе. У перадматчавых актыўнасцях прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства культуры і творчыя калектывы.
Сталічны клуб сустракаўся з омскім “Авангардам”. На “МінскАрэне” — аншлаг: больш за 15 тысяч заўзятараў. Перад пачаткам матча прагучаў дзяржаўны гімн у выкананні заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М.Я. Фінберга” на чале з яго мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам Максімам Рассохам. Сімвалічнае ўкідванне шайбы зрабіў міністр культуры Рэспублікі Беларусь, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі.
— Насамрэч спорт і мастацтва маюць больш агульнага, чым здаецца на першы погляд. Перадусім гэта заўсёды пра сапраўдныя эмоцыі, майстэрства і прыгажосць. І кожны прысутны сёння на “Мінск-Арэне” змог у гэтым пераканацца! Пераплятаючы розныя і непадобныя сферы жыцця, мы ствараем рэальнае супрацоўніцтва, гармонію і адзінства, — адзначыў Руслан Чарнецкі ў сваім тэлеграм канале.
Паказальна, што ў промароліку да матчу разам з хакеістамі клуба зняліся заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, салістка Вялікага тэатра Беларусі Людміла Хітрова, мастак, член Беларускага саюза мастакоў Міхаіл Крот і музыкант аркестра імя М.Я. Фінберга Аляксей Махвіц.