Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова “Культура і мастацтва” перадала ў дар Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя І.Х. Каладзеева больш за паўсотні мастацкіх фатаграфій работ беларускага савецкага скульптара, народнага мастака БССР, прафесара, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР Анатоля Анікейчыка.
Эксклюзіўныя кадры ляглі ў аснову выставы “Натхненне ў бронзе”, якая прысвечана творчасці знакамітага барысаўчаніна. Падтрымку праекту аказаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Аляксандр Шыпула.
А.А. Анікейчык (1932—1989) нарадзіўся ў Барысаве. Вучыўся на кафедры скульптуры ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце ў народных мастакоў А.А. Бембеля і А.К. Глебава. Затым тут жа выкладаў, загадваў кафедрай скульптуры. З 1958 года — актыўны ўдзельнік выставак. У 1962-м быў прыняты ў Саюз мастакоў БССР. Праца таленавітага майстра неаднаразова адзначалася высокімі ўзнагародамі, у тым ліку прэміяй Ленінскага камсамола БССР (1967) і Дзяржаўнай прэміяй БССР (1974). У 1972-м Анатолю Анікейчыку прысвоена званне “Народны мастак БССР”.
Таксама ў экспазіцыі прадстаўлены фотадакументы, кнігі і ілюстрацыі з фондаў краязнаўчага цэнтра бібліятэкі, якія расказваюць пра жыццёвы і творчы шлях таленавітага земляка. Наведвальнікі могуць убачыць твор Міколы Рыжага “Народны мастак Беларусі А. Анікейчык” з мастацкай калекцыі бібліятэкі і паглядзець відэафільмы, прысвечаныя скульптару.
Выстава ўрачыста адкрылася 20 студзеня. У мерапрыемстве ўдзельнічалі дырэктар РВУ “Культура і мастацтва” Наталля Кузняцова, парламентарый Аляксандр Шыпула. На цырымонію былі запрошаны заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, двойчы лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне”, уладальнік медаля Францыска Скарыны, лаўрэат прэміі Беларускага саюза літаратурна-мастацкіх крытыкаў, мастацтвазнаўца, мастацкі крытык, пісьменнік і публіцыст, сябар Анатоля Анікейчыка Барыс Крэпак, дачка скульптара Вольга Анікейчык. Сярод ганаровых гасцей таксама — прадстаўнікі мясцовай заканадаўчай і выканаўчай улады, устаноў культуры і адукацыі, грамадскіх арганізацый, іншыя.
— Мы вельмі ўдзячныя РВУ “Культура і мастацтва” за бясцэнны падарунак! Анатоль Анікейчык — адзін з самых таленавітых, вядомых і пры- знаных скульптараў, знакавая фігура ў айчынным мастацтве і гонар нашай зямлі, — сказала дырэктар Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І.Х. Каладзеева Алена Капыток. — Ён працаваў у перыяд актыўнага станаўлення і развіцця беларускай школы скульптуры і шмат у чым вызначыў яе лёс у другой палове ХХ стагоддзя. Глядач ведае гэтага майстра пераважна як скульптара-манументаліста. Анатоль Аляксандравіч удзельнічаў у стварэнні вядомых манументальных ансамбляў. Ён аўтар мемарыяльнага комплексу “Прарыў” на Ушаччыне, помніка Мікалаю Гастэлу і яго экіпажу ў Радашковічах, многіх іншых. Арганічна ўвайшла ў яго творчае жыццё купалаўская тэма: майстар прысвяціў шэраг помнікаў паэту. А наш горад немагчыма ўявіць без манумента У.І. Леніну на галоўнай плошчы, аўтарам якога таксама з’яўляецца Анатоль Анікейчык, архітэктары — Леанід Левін і Юрый Градаў.
— Анатоль Анікейчык — адзін з нямногіх мастакоў, якія атрымалі званне народнага, абмінуўшы прыступку “Заслужаны дзеяч мастацтваў”. Гэта шмат кажа пра найвышэйшы ўзровень яго творчасці, — адзначыў Барыс Крэпак.
— У нашай краіне праводзіцца вялікая праца па захаванні гістарычнай і культурнай спадчыны. Гэта аснова патрыятызму. І выстава “Натхненне ў бронзе” — адно з такіх значных мерапрыемстваў. Анатоль Анікейчык казаў: “Доўг мастака — ствараць творы, якія мабілізуюць высокія думкі, пачуцці і волю народа на будаўніцтва новага свету”. Гэты яго пасыл працягвае ўвасабляцца ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь, — падкрэсліў Аляксандр Шыпула.
Як узнікла ідэя праекта, распавяла дырэктар РВУ “Культура і мастацтва” Наталля Кузняцова.
— Неяк я застала кіраўніка прэс-клуба нашага медыяхолдынга Людмілу Крушынскую за разглядам вялікай колькасці архіўных фатаграфій, — прыгадвае Наталля Васільеўна. — Яна іх з такой пяшчотай перабірала! “На гэтых фота — работы Анатоля Анікейчыка, якія калісьці збіраў для будучай кнігі мой муж, Барыс Крэпак. На жаль, яе не выдалі — час быў няпросты, 1990-я, — растлумачыла Людміла Аляксееўна. — Паглядзіце, якія дзіўныя, рэдкія кадры! Шкада, ніхто іх не бачыць...” І тут нарадзілася ідэя: здымкам самае месца ў родным горадзе майстра — у Барысаве!
Ініцыятыву падтрымаў парла- ментарый Аляксандр Шыпула. Вырашылі перадаць фатаграфіі Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя І.Х. Каладзеева — сацыякультурнаму цэнтру, які мае шырокія магчымасці для выставачнай дзейнасці. Супрацоўнікі бібліятэкі паставіліся да дару адказна: прыгожа аформілі, размясцілі ў даступнай для наведвальнікаў прасторы. І цяпер адкрыць для сябе штосьці новае з жыцця і творчасці выбітнага скульптара зможа кожны ахвочы.
Выстава “Натхненне ў бронзе” для РВУ “Культура і мастацтва”, барысаўскай бібліятэкі і дэпутата А.В. Шыпулы — першы сумесны праект, але не апошні. Бо шанаваць і прымнажаць культурную спадчыну Радзімы — пачэсны абавязак кожнага патрыёта.
Святлана ЧЭКАЛАВА
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА