Натхненне ў бронзе

Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова “Культура і мастацтва” перадала ў дар Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя І.Х. Каладзеева больш за паўсотні мастацкіх фатаграфій работ беларускага савецкага скульптара, народнага мастака БССР, прафесара, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР Анатоля Анікейчыка.

ПРЫСВЯЧЭННЕ ЗЕМЛЯКУ 

Эксклюзіўныя кадры ляглі ў аснову выставы “Натхненне ў бронзе”, якая прысвечана творчасці знакамітага барысаўчаніна. Падтрымку праекту аказаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Аляксандр Шыпула

А.А. Анікейчык (1932—1989) нарадзіўся ў Барысаве. Вучыўся на кафедры скульптуры ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце ў народных мастакоў А.А. Бембеля і А.К.  Глебава. Затым тут жа выкладаў, загадваў кафедрай скульптуры. З 1958 года — актыўны ўдзельнік выставак. У 1962-м быў прыняты ў Саюз мастакоў БССР. Праца таленавітага майстра неаднаразова адзначалася высокімі ўзнагародамі, у тым ліку прэміяй Ленінскага камсамола БССР (1967) і Дзяржаўнай прэміяй БССР (1974). У 1972-м Анатолю Анікейчыку прысвоена званне “Народны мастак БССР”.

Таксама ў экспазіцыі прадстаўлены фотадакументы, кнігі і ілюстрацыі з фондаў краязнаўчага цэнтра бібліятэкі, якія расказваюць пра жыццёвы і творчы шлях таленавітага земляка. Наведвальнікі могуць убачыць твор Міколы Рыжага “Народны мастак Беларусі А. Анікейчык” з мастацкай калекцыі бібліятэкі і паглядзець відэафільмы, прысвечаныя скульптару. 

ГОНАР БАРЫСАЎШЧЫНЫ 

Выстава ўрачыста адкрылася 20 студзеня. У мерапрыемстве ўдзельнічалі дырэктар РВУ “Культура і мастацтва” Наталля Кузняцова, парламентарый Аляксандр Шыпула. На цырымонію былі запрошаны заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, двойчы лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне”, уладальнік медаля Францыска Скарыны, лаўрэат прэміі Беларускага саюза літаратурна-мастацкіх крытыкаў, мастацтвазнаўца, мастацкі крытык, пісьменнік і публіцыст, сябар Анатоля Анікейчыка Барыс Крэпак, дачка скульптара Вольга Анікейчык. Сярод ганаровых гасцей таксама — прадстаўнікі мясцовай заканадаўчай і выканаўчай улады, устаноў культуры і адукацыі, грамадскіх арганізацый, іншыя. 

— Мы вельмі ўдзячныя РВУ “Культура і мастацтва” за бясцэнны падарунак! Анатоль Анікейчык — адзін з самых таленавітых, вядомых і пры- знаных скульптараў, знакавая фігура ў айчынным мастацтве і гонар нашай зямлі, — сказала дырэктар Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І.Х. Каладзеева Алена Капыток. — Ён працаваў у перыяд актыўнага станаўлення і развіцця беларускай школы скульптуры і шмат у чым вызначыў яе лёс у другой палове ХХ стагоддзя. Глядач ведае гэтага майстра пераважна як скульптара-манументаліста. Анатоль Аляксандравіч удзельнічаў у стварэнні вядомых манументальных ансамбляў. Ён аўтар мемарыяльнага комплексу “Прарыў” на Ушаччыне, помніка Мікалаю Гастэлу і яго экіпажу ў Радашковічах, многіх іншых. Арганічна ўвайшла ў яго творчае жыццё купалаўская тэма: майстар прысвяціў шэраг помнікаў паэту. А наш горад немагчыма ўявіць без манумента У.І. Леніну на галоўнай плошчы, аўтарам якога таксама з’яўляецца Анатоль Анікейчык, архітэктары — Леанід Левін і Юрый Градаў. 

— Анатоль Анікейчык — адзін з нямногіх мастакоў, якія атрымалі званне народнага, абмінуўшы прыступку “Заслужаны дзеяч мастацтваў”. Гэта шмат кажа пра найвышэйшы ўзровень яго творчасці, — адзначыў Барыс Крэпак

— У нашай краіне праводзіцца вялікая праца па захаванні гістарычнай і культурнай спадчыны. Гэта аснова патрыятызму. І выстава “Натхненне ў бронзе” — адно з такіх значных мерапрыемстваў. Анатоль Анікейчык казаў: “Доўг мастака — ствараць творы, якія мабілізуюць высокія думкі, пачуцці і волю народа на будаўніцтва новага свету”. Гэты яго пасыл працягвае ўвасабляцца ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь, — падкрэсліў Аляксандр Шыпула. 

ДОБРАЯ СПРАВА 

Як узнікла ідэя праекта, распавяла дырэктар РВУ “Культура і мастацтва” Наталля Кузняцова

— Неяк я застала кіраўніка прэс-клуба нашага медыяхолдынга Людмілу Крушынскую за разглядам вялікай колькасці архіўных фатаграфій, — прыгадвае Наталля Васільеўна. — Яна іх з такой пяшчотай перабірала! “На гэтых фота — работы Анатоля Анікейчыка, якія калісьці збіраў для будучай кнігі мой муж, Барыс Крэпак. На жаль, яе не выдалі — час быў няпросты, 1990-я, — растлумачыла Людміла Аляксееўна. — Паглядзіце, якія дзіўныя, рэдкія кадры! Шкада, ніхто іх не бачыць...” І тут нарадзілася ідэя: здымкам самае месца ў родным горадзе майстра — у Барысаве! 

Ініцыятыву падтрымаў парла- ментарый Аляксандр Шыпула. Вырашылі перадаць фатаграфіі Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя І.Х. Каладзеева — сацыякультурнаму цэнтру, які мае шырокія магчымасці для выставачнай дзейнасці. Супрацоўнікі бібліятэкі паставіліся да дару адказна: прыгожа аформілі, размясцілі ў даступнай для наведвальнікаў прасторы. І цяпер адкрыць для сябе штосьці новае з жыцця і творчасці выбітнага скульптара зможа кожны ахвочы. 

ПАЧЭСНЫ АБАВЯЗАК 

Выстава “Натхненне ў бронзе” для РВУ “Культура і мастацтва”, барысаўскай бібліятэкі і дэпутата А.В. Шыпулы — першы сумесны праект, але не апошні. Бо шанаваць і прымнажаць культурную спадчыну Радзімы — пачэсны абавязак кожнага патрыёта. 

Святлана ЧЭКАЛАВА 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА