Адраджаць, зберагаць, перадаваць патомкам

Прэзентацыя праекта “Традыцыі народнай культуры ў музейнай прасторы Беларусі і Расіі” прайшла ў Мінску.

Сярод ініцыятараў мерапрыемства — Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. На сустрэчу былі запрошаны расійскія калегі з Дзяржаўнага музея “Смаленская крэпасць”, іркуцкага архітэктурна этнаграфічнага музея “Тальцы”, выкладчыкі і студэнты сталічных ВНУ. Разам з супрацоўнікамі навуковатэарэтычнага, навуковаметадычнага штомесячніка “Беларускі гістарычны часопіс” адмыслоўцы абмяркоўвалі зберажэнне народнай культуры і папулярызацыю гісторыка-этнаграфічнай спадчыны ў скарбніцах дзвюх краін. 

Эдуард Багдановіч, Сяргей Піляк, Уладзімір Ціханаў

— Наша асноўная місія — адраджаць, захоўваць і перадаваць новаму пакаленню помнікі драўлянага дойлідства, беларускія песні, танцы, — распавёў дырэктар Музея народнай архітэктуры і побыту Эдуард Багдановіч. — Калі я вывучыў кірунак працы музеяў “Смаленская крэпасць” і “Тальцы”, Новасібірскага дзяржаўнага краязнаўчага музея, прыйшоў да высновы: нягледзячы на тое, што ў кожнай установы свая спецыфіка, мы займаемся адной справай! Падпісаны мемарандумы аб супрацоўніцтве, мы абменьваемся досведам, вывучаем новыя для сябе метады і формы работы. Гэта важная частка міжнародных адносін, якім надаём вялікае значэнне. 

ФУНДАМЕНТ БУДУЧЫНІ 

— Часцей за ўсё музеі ўзаемадзейнічаюць у фармаце выстаў: возяць экспазіцыі адзін да аднаго, рэалізоўваюць сумесныя праекты, — заўважыў дырэктар музея “Смаленская крэпасць” Сяргей Піляк. — Але мы з Беларускім дзяржаўным музеем народнай архітэктуры і побыту ступілі далей. 

Па выніках пленэру "Пад мірным небам"

У 2023 годзе прайшла І Міжнародная канферэнцыя “Традыцыі мінулага як фундамент будучыні”, арганізаваная прадстаўніцтвам Рассупрацоўніцтва ў Беларусі, Домам Масквы ў Мінску, музеем “Смаленская крэпасць” і Музеем народнай архітэктуры і побыту. Форум прымеркавалі да Дня Перамогі і Міжнароднага дня музеяў. У рамках канферэнцыі працавала выстава “Смаленская крэпасць у фондах бібліятэк і архіваў Саюзнай дзяржавы”, таксама правялі круглы стол. 

Летась у Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа ў скансэне пад Мінскам была прадстаўлена гісторыка-мастацкая экспазіцыя, якая расказвала пра вогненнае ліхалецце і пасляваеннае аднаўленне крапасной сцяны ў Смаленску. Мерапрыемства прадоўжылася пленэрам “Пад мірным небам” з удзелам студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. Глебава, Смаленскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Смаленскага аддзялення Саюза мастакоў Расіі. 

Таксама супрацоўнікі Музея народнай архітэктуры і побыту выязджалі ў Смаленск, дзе абмяняліся досведам з калегамі. 

ЗА ТЫСЯЧЫ КІЛАМЕТРАЎ 

— Захаванне традыцыйнай народнай культуры ў матэрыяльных носьбітах дае краіне культурную бяспеку за кошт захавання гістарычнай памяці. Без гэтага не будзе развіцця дзяржавы, — упэўнены дырэктар архітэктурна-этнаграфічнага музея “Тальцы” Уладзімір Ціханаў. 

Падчас прэзентацыі ў Мінску

Комплекс, размешчаны на Байкале, — самы буйны ў Расійскай Федэрацыі. На 70 гектарах — 217 аб’ектаў нерухомасці. Гэта 45 % ад запланаванага. Будаўніцтва вядзецца з улікам навуковага падыходу да гісторыкакультурнага захавання па этнагеографаэканоміка гаспадарчым прынцыпе. Установа з’яўляецца метадычным цэнтрам Сібіры і Далёкага Усходу па праблемах развіцця музеяў пад адкрытым небам. 

На пляцоўцы праекта "Сібір тут"

У ліпені 2024 года ў “Тальцах” была прадстаўлена беларуская хата (арыгінал 1910 года). Каб яе ўзнавілі, Уладзімір Ціханаў спецыяльна ездзіў у нашу краіну — для вывучэння дэталей. Экспазіцыю наведала беларуская дэлегацыя на чале з Эдуардам Багдановічам. Госці высока ацанілі працу калег і ўнеслі прапановы, каб надаць аб’екту яшчэ большую гістарычную дакладнасць. А ў верасні скарбніцы зладзілі анлайнвыставу куфраў са сваіх калекцый. 

АГУЛЬНЫЯ ДАЛЯГЛЯДЫ 

Дырэктар Новасібірскага дзяржаўнага краязнаўчага музея Антон Рубшаў у відэа звароце да ўдзельнікаў сустрэчы заявіў, што 2024-ы быў насычаны значнымі падзеямі. Вясной прайшлі Дні культуры Новасібірскай вобласці ў Рэспубліцы Беларусь. На некалькіх пляцоўках арганізатары прадставілі выставы, аб’яднаныя ў праект “Сібір тут”.

Дом П.І. Артасюка ў музеі "Тальцы" пасля рэстаўрацыі

У верасні ў рамках Дзён культуры Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі на базе Новасібірскага музея дэманстравалася экспазіцыя “Беларусь у рытме традыцый” са збору Нацыянальнага гістарычнага. 

— Супрацоўніцтва з беларускімі калегамі будзе працягнута, і нас чакаюць не менш яркія падзеі, — запэўніў Антон Рубшаў. 

Падчас прэзентацыі ў Мінску

Удзельнікі сустрэчы падкрэслілі ролю “Беларускага гістарычнага часопіса” як унікальнай пляцоўкі для міжнароднага абмену досведам і абмеркавалі далягляды супрацоўніцтва ў музейнай справе. У планах — сумесныя культурна-асветныя мерапрыемствы і адукацыйныя праекты, навуковыя канферэнцыі, круглыя сталы, выставы і іншыя імпрэзы. 

Святлана ЧЭКАЛАВА 

Фота аўтара і Уладзіміра ШЛАПАКА