Царэўна Лебедзь, Руслан і Людміла, рыбак і рыбка. Знаёмыя з дзяцінства персанажы ўвасобленыя ў розных тэхніках і жанрах. У Бабруйскім мастацкім музеі пануе пушкініяна.
Гэтая выстава — працяг плённага супрацоўніцтва Бабруйскага мастацкага музея з расійскабеларускім калекцыянерам і экспертам Дзмітрыем Чарняковым. Першым вопытам быў праект “Медальернае мастацтва краіны Саветаў” у 2020 годзе: экспанаваная калекцыя налічвала больш за трыста памятных медалёў. Аматары яе ацанілі, а на сайце музея з’явіўся відэасюжэт. Новая сумесная ініцыятыва прысвечана 225-годдзю з дня нараджэння А.С. Пушкіна. У экспазіцыю ўвайшлі экслібрысы, медальерыка, мініяцюрныя і мікрамініяцюрныя кнігі, скульптура малых формаў, лакавыя мініяцюры. Усё тэматычна дапаўняюць акварэлі С. Абрамава, графіка У. Самачэрнава, кераміка А. Концуба.
Дзмітрый Чарнякоў шырока вядомы ў асяроддзі адмыслоўцаў і калекцыянераў не толькі зборамі музейнага ўзроўню, але і прафесійным веданнем прадмета: па кожным экспанаце дае вычарпальную інфармацыю аб паходжанні, мастацкіх вартасцях і калекцыйнай каштоўнасці. У ліку найбольш цікавых напрамкаў — творчасць вялікага рускага паэта і пушкінская тэма, якая разнастайна прадстаўлена рознымі відамі мастацтваў і рамёстваў.
Асноўным кампанентам экспазіцыі з’яўляецца экслібрыс. Ён даўно перастаў быць толькі дэкаратыўнай этыкеткай, якая ўклейваецца ў кнігу для абазначэння ўладальніка, і з’яўляецца самастойным кірункам мініяцюрнай друкаванай графікі. А з канца ХІХ стагоддзя — яшчэ і прадметам калекцыянавання. Неабавязковасць прывязкі да густу заказчыка дазваляе аўтарам у поўнай меры выказваць свае літаратурныя інтарэсы, што матывавала жанравае развіццё экслібрыса. Ён у нейкім сэнсе стаў элітарным мастацтвам. Для творцы праца з такім малым фарматам — найтанчэйшая каліграфія выканання ў спалучэнні з закладзеным сэнсам — выдатны спосаб прафесійнага і інтэлектуальнага самавыяўлення.
У экслібрысе асоба і здабыткі вялікага паэта атрымалі шырокае адлюстраванне, якое адпавядае яго статусу ў літаратуры. Графікі практычна ўсіх рэспублік СССР, у большай ці меншай ступені, звярталіся да спадчыны рускага класіка. Сярод мноства імёнаў сваімі працамі ў экспазіцыі прадстаўлены эстонцы, украінцы, беларусы… Пушкініяна прысутнічае і ў работах мастакоў Закаўказзя, Сярэдняй Азіі. Мадэрнісцкая ўяўленне асобы Пушкіна прапануе сучасны расійскі мастак Ю. Люкшын. Адзін з яго экслібрысаў выкарыстаны для афішы выставы. Упрыгожваннем экспазіцыі стаў партрэт паэта ў выкананні вядомага майстра афорта Ю. Лаўрухіна. Сотні экслібрысаў у самых розных тэхніках адлюстроўваюць гісторыю і геаграфію пушкінскай тэмы ў гэтым кірунку графікі.
Больш за сто медалёў, барэльефаў і плакетаў прадстаўляюць пушкініяну ў медальерным мастацтве і металапластыцы. Як і мастакіграфікі, многія вядомыя медальеры прынялі ўдзел у развіцці гэтай тэмы. Самы ранні экспанат выставы — медаль акадэміка Імператарскай Акадэміі мастацтваў І. Чукмасава 1862-га, створаны да 25-годдзя смерці паэта, — першае прысвячэнне класіку ў медальерным мастацтве. Шэраг твораў датуюцца канцом XIX — пачаткам XX ст. Шырока прадстаўлены савецкі перыяд. Тэматыка медалёў уключае розныя юбілеі, асяроддзе паэта, цытаты, пушкінскія месцы, усё, што так ці інакш звязана з яго імем.
Сярод скульптур малых формаў прывабліваюць статуэткі, зіхатлівыя фарфоравай белізной. Тут адзін з варыянтаў-эскізаў М. Анікушына да помніка Пушкіна ў Санкт-Пецярбургу. Ёсць і праца У. Лемпарта з выявай паэта і яго героя Анегіна на беразе Нявы. Тэма папулярная: калісьці была прапанаваная і нават агучаная ў вершах самім класікам. Прыцягваюць увагу два бюсты, адзін з якіх сімвалічна ўпрыгожаны залатым пяром.
У экспазіцыі амаль сотняй экспанатаў прадстаўлена і кніжная пушкініяна — у мініяцюрных і мікрамініяцюрных выданнях: “Яўген Анегін”, паэмы і казкі, вершы і эпіграмы. Некаторыя зборнікі выйшлі ў двух і трох тамах, асобныя — серыямі. Самае ж малое выданне мае памер старонак 2х1,5 см.
Яшчэ адна частка экспазіцыі — шкатулкі з лакавымі мініяцюрамі на сюжэты любімых з дзяцінства казак і вядомых твораў. Гэта таксама каліграфія, але ўжо маляўнічая. Прыкладам, паэма “Руслан і Людміла” двойчы прадстаўлена тэмай Лукамор’я ў выкананні майстроў Палеха і Холуя. У найтанчэйшых роспісах Палеха таксама бітва Руслана з галавой, Царэўна Лебедзь, Спячая царэўна... У інтэрпрэтацыі школы Холуя — “Казка пра рыбака і рыбку”, Мсцёры — “Мяцеліца” з “Аповесцяў Белкіна”.
Ужо само адкрыццё выставы паказала, што творчасць Аляксандра Пушкіна застаецца актуальнай і запатрабаванай у беларусаў. Сярод наведвальнікаў было шмат аматараў і адмыслоўцаў, вялікая колькасць маладых людзей. Гучалі вершы, завязаліся зносіны, узнікалі дыскусіі…
Выстава “Пушкініяна” ў Бабруйскім мастацкім музеі працягнецца да 23 лютага.
Генадзь БЛАГУЦІН,
старшы навуковы супрацоўнік Бабруйскага мастацкага музея