Кіно, здольнае натхніць

Апублiкавана: 03 лютага 2025 Кiно Кіно Мінск Падзеі

Аўтар: ГРЫНКЕВІЧ Віялета

У шырокі пракат выйшла карціна “Птушка фенікс Аляксея Талая”. Над ёй працавала каманда Нацыянальнай студыі “Беларусьфільм” на чале з рэжысёрам Уладзімірам Луцкім.

Работа айчынных дакументалістаў прысвечана дзіўнай і натхняльнай гісторыі Аляксея Талая — заснавальніка дабрачыннага фонду, кавалера ордэна Дружбы Расійскай Федэрацыі, спартсмена-паралімпійца, матывацыйнага спікера. У 16 гадоў ён падарваўся на міне часоў Вялікай Айчыннай вайны, страціў рукі і ногі, але памацнеў духам. Жыццё гэтага чалавека — чарада пераадоленняў, сапраўдная барацьба з пераменамі лёсу, што адлюстраваны ў фільме. 

Аляксей Талай з гледачамі ў кінатэатры "Беларусь" 

Прэм’ерныя паказы праходзілі 22 студзеня ва ўсіх рэгіёнах краіны. Вялікі размах культурная падзея набыла ў сталічным кінатэатры “Беларусь”, дзе сабраліся прадстаўнікі дзяржаўных ведамстваў і грамадскіх арганізацый, сябры здымачнай групы, у тым ліку галоўны герой карціны. З прывітальным словам да гледачоў звярнуўся рэжысёр стужкі Уладзімір Луцкі

— Упершыню мы з Аляксеем сустрэліся вясной 2024-га. Актыўная праца пачалася ў верасні і дастаткова хутка завяршылася, — распавёў рэжысёр. — Доўга думаў, як паказаць на экране чалавека такога неардынарнага лёсу. Аднойчы выпадкова ўбачыў фразу: “У Бога быў план, каб гісторыя майго жыцця стала надзеяй для іншых” — і ўсё аказалася на сваіх месцах. 

Уладзімір Луцкі падзякаваў Аляксею Талаю за давер, падкрэсліў, што ніякія рэжысёрскія хітрыкі не мелі б сэнсу без шчырага супрацоўніцтва. Герой карціны выказаў падзяку кіраўніцтву краіны і Міністэрству культуры за рашэнне экранізаваць няпросты жыццёвы шлях. 

— У роднай Беларусі я змог знайсці сябе, здабыць сілы і ўзляцець, як птушка фенікс, калі, здавалася б, ужо нельга было чакаць нічога добрага, усё страчана і наперадзе толькі цемра і імгла, — заявіў Аляксей Талай. — Мая сям’я, сябры зрабілі сапраўдны подзвіг, дапамаглі паспяхова рэалізавацца. Наша карціна здольная натхніць, яна дазваляе чалавеку паверыць у свае сілы, каб справіцца з цяжкасцямі. 

Фільм, як адзначыў Уладзімір Луцкі, падыходзіць для розных катэгорый гледачоў незалежна ад узросту. Убачыць “Птушку фенікса Аляксея Талая” можна ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. 

Віялета ГРЫНКЕВІЧ 

Фота аўтара і Уладзіміра ШЛАПАКА