Пад увагай Першага

Апублiкавана: 01 лютага 2025 Стужка Афіцыйна Магілёў і вобласць

Аўтар: Аўтары

Захаванне гісторыка-культурнай спадчыны краіны фінансуецца з розных крыніц. Ільвіная доля расходаў пакрываецца рэспубліканскім і мясцовымі бюджэтамі. У патоку дзяржаўных сродкаў асаблівае месца займаюць грошы з фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва. Іх выкарыстоўваюць у тым ліку ў складаных спантанных сітуацыях. Зрэшты, аб’ект, аб якім размова сёння, мадэрнізавалі планава.

Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі — філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь — каштоўны не толькі ўнікальнай калекцыяй, але і сам па сабе, як будынак. Гэта помнік архітэктуры канца XVII — пачатку XVIII стагоддзя ў стылі позняга барока. Дом належаў сям’і магілёўскіх купцоў Аношкаў. У маі 1780-га ў ім спыняўся імператар Аўстрыі Іосіф ІІ, які прыбыў у горад для сустрэчы з расійскай імператрыцай Кацярынай ІІ. 

Больш за сто гадоў, з 1815-га да 1917-га, у будынку знаходзіўся Магілёўскі дваранскі сход. З архіўных дакументаў вядома, што прадстаўнікі роду Бялыніцкіх-Біруляў звярталіся ў гэты орган для пацвярджэння шляхецтва. Такім чынам, старадаўнія сцены аказаліся звязаны з беларускай фаміліяй, вядомай з канца XVI стагоддзя. 

Рашэнне аб адкрыцці ў Магілёве філіяла Дзяржаўнага мастацкага музея БССР, прысвечанага Вітольду Бялыніцкаму-Бірулю (1872— 1957), найбуйнейшаму пейзажысту ХХ стагоддзя, ураджэнцу Магілёўскай губерні, было прынята ў 1977-м. Для размяшчэння скарбніцы выбралі двухпавярховы асабняк. Яго рэканструявалі, надбудаваўшы трэці паверх. Да адкрыцця філіяла ў снежні 1982 года падрыхтавалі ўнікальныя экспанаты: арыгіналы карцін, прадметы пластыкі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, мэблю і асабістыя рэчы, перададзеныя ўдавой мастака Аленай Аляксееўнай. 

Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі заўсёды займаў асаблівае месца ў культурнай прасторы Магілёва. Аднак за 30 гадоў экспазіцыя маральна і фізічна састарэла, сталі непрыдатнымі камунікацыі. У 2013-м скарбніцу закрылі на капітальны рамонт. Паспяхова завяршыць яго ў запланаваныя тэрміны дапамаглі сродкі з фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва. Абноўлены музей расчыніў дзверы 1 верасня 2018 года. Сёння гэта значны экспазіцыйны і культурны цэнтр рэгіёна. Ён адпавядае ўсім патрабаванням сусветных стандартаў і можа прымаць выставы самага высокага ўзроўню.