Такі надпіс упрыгожыў Нацыянальную бібліятэку Беларусі ў дні, калі мы святкуем агульны поспех: за Аляксандра Лукашэнку прагаласавала 86,82 % выбаршчыкаў.
Вынікі цяперашняй электаральнай кампаніі Цэнтральная выбарчая камісія падвядзе 3 лютага, а 27 студзеня яе старшыня Ігар Карпенка абвясціў:
— Згодна з патрабаваннямі артыкула 79 Выбарчага кодэкса, можна лічыць, што выбары Прэзідэнта адбыліся, калі ў галасаванні прыняло ўдзел больш за палову грамадзян Рэспублікі Беларусь, уключаных у спіс выбаршчыкаў. Па папярэдніх звестках, у спісы грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах, былі ўключаны 6 903 994 выбаршчыкі. Бюлетэні атрымалі 5 916 834, што склала 85,7 % грамадзян, уключаных у спісы, прынялі ўдзел 5 916 195, або 85,69 %. Такім чынам, выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь адбыліся.
Ігар Карпенка таксама сказаў, якую колькасць галасоў атрыма- лі кандыдаты. Так, Алег Гайдукевіч набраў 119 272 галасы (2,02 %), Ганна Канапацкая — 109 760 (1,86 %), Аляксандр Лукашэнка — 5 136 293 (86,82 %), Сяргей Сыранкоў — 189 740 (3,21 %), Аляк- сандр Хіжняк — 102 729 (1,74 %). Супраць усіх кандыдатаў прагаласавала 213 277 чалавек (3,6 %). Такім чынам, найбольшая колькасць галасоў аддадзена за Аляксандра Лукашэнку.
З пераканаўчай перамогай на выбарах Аляксандра Рыгоравіча віншуюць замежныя лідары і кіраўнікі міжнародных арганізацый. Найлепшыя пажаданні перадаюць жыхары нашай краіны. Сярод іх — шматлікая армія работнікаў культуры, якія стваралі ўрачысты настрой падчас электаральнай кампаніі. Выбары ў Беларусі — не проста важная палітычная падзея, а сапраўднае свята. У гэты дзень участкі для галасавання становяцца цэнтрамі культурнага жыцця, дзе пануе атмасфера адзінства і радасці.
Так, у Віцебскай вобласці 26 студзеня было арганізавана каля 1200 імпрэз. У Мінску канцэрты таксама прайшлі на ўсіх участках — удзельнічалі як народныя, заслужаныя артысты краіны, так і самадзейныя калектывы.
Творцы радавалі выбаршчыкаў і на Гомельшчыне: прафесіяналы і аматары — усе падзяліліся талентам. Толькі на Мазыршчыне выступіла больш за 45 гуртоў.
Святочная атмасфера панавала ў кожным куточку краіны, і ў кожным былі свае праекты. Вакальны ансамбль “Вераснёвіца” Магілёўскай дзіцячай школы мастацтваў № 7 прадставіў праграму “Мая краіна — мая Беларусь!”. Дом культуры Наваельні Дзятлаўскага раёна правёў канцэрт “Наш выбар, наш лёс” сумесна з духавым аркестрам. Народны хор “Бярозкі” з Улукаўскай дзіцячай школы мастацтваў Гомельскага раёна і работнікі цэнтральнай бібліятэкі забяспечвалі добры настрой пад лозунгам “За стабільную Беларусь! Выбіраем разам!”. Гурты Лельчыцкага краю натхнялі гледачоў пад дэвізам “Беларусь адзіная”, народны ансамбль песні “Рэха Астраўца” — пад слоганам “Беларусь — імя святое”. А ўдзельнікі калектыву мастацкай творчасці Хойніцкага раённага Дома культуры, фота якіх упрыгожвае вокладку сённяшняга нумара газеты “Культура”, зараджалі выбаршчыкаў радкамі папулярнай песні: “За васильковую! Миролюбивую! Такую гордую! Такую милую!” Нашы героі ўпэўнены: “Беларусь — краіна таленавітых людзей, і калі ты працавіты, то абавязкова даб’ешся поспеху. Ад кожнага з нас залежыць, якой будзе наша Радзіма заўтра”. З гэтым нельга не пагадзіцца.