“Полацкая набіванка”, “Спадчына”, “Памяць”… Што яшчэ ў спісе праектаў, на якія выдзелены гранты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферы культуры?
Гранты на 2025 год назначаны 46 спецыялістам, якія працуюць у галінах навукі, адукацыі, аховы здароўя, культуры і моладзевай палітыкі. Адпаведнае распараджэнне 27 студзеня падпісаў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.
За кошт гэтых фінансавых сродкаў будуць ажыццёўлены праекты, што забяспечваюць развіццё айчынных навуковых школ, павышэнне якасці падрыхтоўкі навучэнцаў і студэнтаў, распрацоўку новых метадаў дыягностыкі, лячэння захворванняў і рэабілітацыі пацыентаў; будуць рэалізаваны наватарскія культурныя і моладзевыя ініцыятывы.
Гранты Прэзідэнта прысуджаюцца штогод з 2013-га па выніках адкрытага конкурсу з улікам ацэнкі актуальнасці і значнасці праектаў для эканомікі і сацыяльнай сферы, маштабу практычнага выкарыстання здабыткаў, грамадскага прызнання.
Распараджэнне накіравана на падтрымку таленавітых спецыялістаў у прыярытэтных для краіны сферах дзейнасці.
У спісе тых, каму сёлета забяспечаны штомесячныя гранты Прэзідэнта, — пяць рупліўцаў культурнай галіны. Так, сродкі выдзелены Таццяне Бараненка, вядучаму навуковаму супрацоўніку Музея традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я, — на рэалізацыю праекта “Полацкая набіванка”; Юліі Кавалёвай, загадчыку аддзела экспазіцыйна-выставачнай работы Музея гісторыі горада Мінска, — на стварэнне віртуальнай выставы “Спадчына” на аснове экспазіцыі “Мастак. Грамадзянін. Герой” Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага; Лізавеце Пастушэнка, загадчыку падрыхтоўчага аддзялення Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, — на выкананне серыі графічных партрэтаў “Памяць”, прысвечанай дзеячам культуры і мастацтва — удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны; Вользе Палунчанка, галоўнаму бібліёграфу сектара інфармацыйна-бібліяграфічнага абслугоўвання аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, — на рэалізацыю праекта “Быць вартымі іх Вялікай Перамогі!”; Ірыне Пунчанка, загадчыку аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя К. Маркса ў Магілёве, — на ажыццяўленне інклюзіўнага выдавецкага праекта “Рэспубліка Беларусь у фармаце ТЫФЛА”.