Крытэрыі поспеху ў лабірынтах фарбаў і ліній

Апублiкавана: 30 студзеня 2025 Стужка Выяўленчае мастацтва Мінск Тэма

Аўтар: СВІРЫН Ілья

Падводзячы вынікі 2024-га, многія ўдзельнікі арт-працэсу згадвалі Нацыянальную прэмію ў галіне выяўленчага мастацтва. Па-першае, яе ўручэнне адбываецца раз на тры гады – што надае падзеі значнасці. А па-другое, з’явілася выдатная традыцыя: у Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва прайшлі персаналкі чатырох лаўрэатаў. Таму на пачатку 2025-га варта перагартаць натхняльныя старонкі каталога пераможцаў прэміі.

АВАНГАРДЫСТ, ЯКІ ЎБАЧЫЎ АНЁЛА 

Віцяблянін Васіль Васільеў зарэкамендаваў сябе як паслядоўны адэпт авангарднага мастацтва. Яго мінімалістычныя інсталяцыі, скульптуры, лэнд арт, перформансы і жывапісныя палотны — творы канцэптуальныя, герметычныя, часам фармалістычныя. У іх не знойдзеш звыклых вобразаў і знаёмых сюжэтаў, здатных спарадзіць вокамгненны эмацыйны водгук. Хутчэй яны выклікаюць здуменне — што для мастацтва не так і блага.

Васіль Васільеў

Ад аўтара з такой рэпутацыяй не чакаеш нічога іншага, як чарговага пацвярджэння свайго крэда. Пагатоў ён ужо не ў такім веку, каб рабіць рэзкія піруэты — нядаўна адсвяткаваў 70-годдзе. Ды і віртуальная выстава, якая дэманструецца на сайце Полацкай мастацкай галерэі, сведчыць: у новых творах Васільеў працягвае абраную раней лінію. Назва аднаго з іх гаворыць сама за сябе: “Вельмі нізкі рэльеф”.

І вось таму ўганараваная Нацпрэміяй жывапісная серыя “Іерусалім. Спёка і холад вечнага горада” (фігуратыўныя карціны на евангельскія сюжэты) стала поўнай неспадзяванкай. Адкрыла гледачу зусім іншага Васільева.

…Хаця не, не зусім — і ўважлівы глядач гэта з часам разумее. Але, без сумневу, іншага. Не канцэптуаліста, які ўвасабляе задуму праз лаканічныя выказванні, а майстра жывапісу, здатнага ўразіць выкшталцонай манерай, глыбіннай асэнсаванасцю і цэльнасцю палатна. А яшчэ — неверагоднай трапнасцю кожнага вобраза, дэталі, жэсту…

Галоўнай дзейнай асобай тут часта выступае колер: прыкладам, Уваход Гасподні ў Іерусалім выяўляецца ў светлых блакітных адценнях. Часам вырашальную ролю адыгрывае кампазіцыя. Так, сюжэт Уваскрэсення Хрыстовага вырашаны досыць некананічна: паміж анёламдабравеснікам і чалавекам, якому тая вестка прызначаецца, — непрапарцыйна вялікая адлегласць, амаль пароўну падзеленая па гарызанталі паміж зямлёю і небам.

"Уваскрэсенне Хрыстова", Васіль Васільеў

Чаму ў сталага мастака, здавён схільнага да грунтоўнасці і асэнсаванасці, з’явілася памкненне звярнуцца да сюжэтаў, якія да яго былі адлюстраваныя ў тысячах твораў? Вядома, зусім не для таго, каб прапанаваць нейкую нечаканую іх інтэрпрэтацыю — чым грашаць многія сучасныя аўтары. Моднага і “актуальнага” новага прачытання Евангелля тут не знойдзеш — як і намёку на постмадэрнісцкія выкрунтасы, што апрыёры абясцэньваюць змест.

Болей за тое, творы Васільева цалкам магчыма ўявіць у інтэр’еры сучаснага храма — канешне, не царквы, дзе да іканапісу падыход асаблівы, а, напрыклад, касцёла. Хаця ўплыў візантыйскай традыцыі ў карцінах прасочваецца.

Думаецца, інтэнцыя аўтара была іншай — асабіста, праз уласны духоўны досвед, спрычыніцца да евангельскіх падзей, наблізіць іх да сябе. Тут мастак прыпадабняецца верніку, які асэнсоўвае пакуты, смерць і Уваскрэсенне Хрыста падчас сузіральных духоўных практыкаванняў. Тобок шукае масткі паміж Евангеллем і сабою.

“Біблія ўтрымлівае ў сабе ўсе патэнцыйныя сюжэты літаратуры, у ёй змешчаныя ўсе вечныя пытанні і канфлікты, якія непакояць чалавецтва”, — лічыць мастак.

Борхес бы з гэтым тэзісам, мабыць, паспрачаўся. Ды і ў карцінах ён не надта адлюстроўваецца. Сюжэты канкрэтныя, лакальныя, як і ў Евангеллі, — але пры гэтым касмічныя. Дзякуючы і самой сваёй сутнасці, і таленту мастака.

…У кожным разе, жывапісная серыя развейвае ўсе сумневы іранічных скептыкаў: Васільеў, як і яго славуты папярэднік, здатны намаляваць не толькі чорны квадрат.

ЛІНІІ, ШТО ЎТВАРАЮЦЬ ЛАБІРЫНТЫ 

Усевалада Швайбу можна назваць прадаўжальнікам слаўных традыцый беларускай графікі. Аднак адразу варта патлумачыць іх сутнасць: папершае, дбайнае засваенне акадэмічных умельстваў, а падругое, стварэнне на гэтым базісе ўласнай творчай манеры, якая праяўляецца не толькі ў адметнай стылістыцы, але найперш у аўтарскім мысленні.

Усевалад Швайба

Менавіта таму мэтры беларускай графікі настолькі непадобныя адзін да аднаго: наўрад ці нехта відушчы здатны зблытаць, скажам, творы Васіля Шаранговіча і Валерыя Славука. Працы Усевалада Швайбы таксама пазнавальныя, як кажуць, здалёк.

“Лініяй мастак імкнецца зафіксаваць той вобраз, які прыходзіць на розум або адкрыты ў пошуках і эскізах, а затым абрысы, напачатку ледзь чытэльныя, ледзь адрозныя, набываюць усё большую яснасць, нібы птушаня, аброслае пер’ем, гатовае выпрабаваць свае крылы і лёс, кідаецца з гнязда ў бездань невядомасці”, — так аўтар апісвае сваю творчую алхімію.

Вось ужо другая запар персанальная выстава мастака мае ў назве слова “лінія”. Не так даўно ён прэзентаваў “Лініі думкі”, затым — “Апярэнне ліній”.

І сапраўды, лінія для яго — асноўная лексічная адзінка, з дапамогай якой мастак стварае свой свет. Вядома, гэта можна сказаць пра многіх графікаў. Адметнасць у тым, што лініі Усевалада Швайбы найчасцей утвараюць лабірынт — прычым не толькі візуальны. Гэта яшчэ і палімпсест сэнсаў, часоў і культурных традыцый, дзе рэнесансавыя панны арганічна спалучаюцца са звыклым для жыхароў шматпавярховак геаметрызмам (творца прыдумаў класны неалагізм — Armaturamater). Гэта анамальная прастора, дзе эстэтычныя каардынаты ўвесь час мяняюцца, і таму яна вымагае ад гледача не столькі інтэрпрэтацыі, колькі эмацыйнага ў яе пагружэння.

Хто ведае, куды прывядзе гэты лабірынт. Але ж блукаць па ім цікава ды захапляльна. Спярша захапляешся самім тэхнічным узроўнем малявання — папраўдзе віртуозным. Потым разумееш, што аўтар ужо засвоіў гэтую мову на ўзроўні C2 і цяпер нязмушана прамаўляе на ёй.

"Armaturamater III", Усевалад Швайба

Аднак серыя “Хатынь”, якая і была ўганараваная прэміяй, на фоне іншай творчасці Усевалада Швайбы істотна вылучаецца. Найперш лаканізмам. Ён асабліва заўважны, калі мастак абірае не аловак, але алей ды палатно. Карціны часам нагадваюць плакаты (хаця пра “плакатнасць”, якой некалі ганілі утрапёных сацрэалістаў, тут казаць не выпадае).

Творца спрашчае сваю візуальную мову нібы наўмысна — каб як мага больш трапна данесці задуму і пачуццё. Напрыклад, абгарэлая дошка, аточаная ручніком, — нібы ў чырвоным куце… Або кранальны да слёз сімбіёз немаўляці і абгарэлага бервяна… Якія дэталі і дадатковыя сэнсы тут яшчэ патрабуюцца?

НАЗАД У МАЙСТЭРНЮ, AD OVUM 

Без сумневу, манументальныя творы прызначаны для грамадскіх прастораў. Ім патрэбны размах. Таму экспанаваць іх мадэлі ў сціплых выставачных залах — рашэнне рызыкоўнае. Тым болей калі твор ужо, як кажуць, “стаіць”, прычым жыўцом яго пабачыў кожны. Зразумела, што эскізы будуць выглядаць куды менш пераканаўча.

Аднак паколькі скульптар Аляксандр Шапо атрымаў Нацыянальную прэмію менавіта ў намінацыі манументальнага мастацтва, яму нічога не заставалася, як збудаваць экспазіцыю вакол уганараванага твора — “Дрэва дарог”. Для гэтага давялося нібы адкруціць час назад ды вярнуць сваю скульптуру, даўно ўсталяваную на станцыі метро “Вакзальная”, зноў у майстэрню, дзе яна некалі доўга выспявала.

Аляксандр Шапо 

Сапраўды, на яго выставе ў НЦСМ цяжка было пазбыцца ўражання, нібы ты трапіў у майстэрню скульптара. На невялічкай плошчы — самыя розныя артэфакты: праекты помнікаў, камерныя інтэр’ерныя скульптуры, літаграфіі... Усё як і ў майстэрні, дзе пануе творчы хаос — прынамсі на думку наведвальніка. А вось гаспадар там пачуваецца вельмі ўтульна. Бо тое, што старонняму чалавеку здаецца нечым разнародным, спалучае сама асоба аўтара.

А яшчэ гэтыя аскепкі спалучае тэма дарогі, шляху. Не толькі ў геаграфічным, але і ў гістарычным і нават метафізічным вымярэнні. Побач са скульптурамі — літаграфічны партрэт Рагвалода.

“Вянозны малюнак твару — карта рэк на шляху з варагаў у грэкі, шляху, які вызначаў лёс героя і ўсяго Полацкага княства як калыскі беларускай дзяржаўнасці”, — тлумачыць аўтар.

Майстэрня — гэта прастора, дзе думкі мастака пераплаўляюцца ў вобразы, а потым спакваля ўвасабляюцца ў матэрыяле. На маленькай выставе Аляксандра Шапо такі няспешны шлях прасочваецца дэталёва. Ды і наогул: як прызнаецца скульптар, экспазіцыя адлюстроўвае яго шматгадовыя разважанні на тэму беларускай ідэнтычнасці.

"Іаан", Аляксандр Шапо

Скажам, на выставе можна было зразумець, што вобраз дойліда Іаана, які ўрэшце ўвасобіўся ў помніку на вуліцы Полацка, напачатку ўяўляўся скульптару зусім іначай. На эскізе, датаваным 1999 годам, стваральнік Спаскага храма выглядае натхнёна ды экспрэсіўна — ён нібы нясе ў свет духоўнасць і хараство. А вось для фінальнага варыянту аўтар свайго героя моцна пераасэнсаваў. Манах і дойлід сузірае тое самае хараство, нібы дараванае звыш.

…Так, толькі ў майстэрні мастака можна даведацца, што скульптура на станцыі метро бярэ ідэйныя вытокі… ад крыжа Еўфрасінні. Не выпадае таму здзіўляцца: творчыя дарогі, як той спяваў, не пазначаныя на картах, і на іх не бывае ДАІ.

РАЗГЛЕДЗЕЦЬ У ЗАРОДКУ 

У намінацыі “Дэбют” бадай самае важнае — уручыць яе менавіта пачаткоўцу, каб павысіць самаацэнку ды натхніць на новыя здзяйсненні. Так бы мовіць, разгледзець талент у зародку.

Студэнтцы БДАМ Марце Шчэрбіч, якой трохі болей за 20, дакладна пасуе роля дэбютанткі. Вось таму і выстава зусім невялікая, а яе назва — “Пачатак” — не патрабуе метафарычных інтэрпрэтацый: яе цалкам можна разумець літаральна.

Марта Шчэрбіч

Але нават па дробнай жменьцы твораў відаць: мастачка пачала творчых шлях не з амбітых маніфестаў, а з адточвання ўласнага майстэрства. У акадэмічных партрэтах яна выкшалцоўвае ўменне трапна ўхапіць характар героя. Зрэшты, можна меркаваць, што Марта на гэтым не спыніцца. Некаторыя з яе твораў — як, напрыклад, “Лялька” — ужо пошук уласных тэмаў і вобразаў. Гэта асабліва адчуваецца на шматфігурнай карціне “Калейдаскоп”, дзе банальная сітуацыя (пакупнікі гародніны ля латка) разгортвае цэлую галерэю персанажаў, кожны з якіх самабытны. Успаміны пра дзіцячы сон, пра паход на рынак нібы расплюшчваюць гледачу вочы на тое, у якім дзіўным свеце мы жывём і якія ўсе розныя.

"Калейдаскоп", Марта Шчэрбіч

* * *

Вядома, у мастацтве кожны прамаўляе ад сябе — і ўганараваныя прэміяй не выключэнне. Аднак агулам усё ж можна вызначыць пэўныя трэнды — своеасаблівыя крытэрыі поспеху. Найперш гэта прафесіяналізм, добра набітая акадэмічнымі штудыямі рука. Прафесіяналізм лётчыкааса, які здатны выканаць самы рызыкоўны манеўр з вокамгненнай лёгкасцю — і, галоўнае, без страху, бо ён скоўвае. Той прафесіяналізм, які настолькі ўвабраўся ў кроў, ажно яго нават не адчуваеш. Хіба ведаеш, што рука дакладна не падвядзе.

А другі абавязковы складнік — аўтарскія інтэнцыі. Невытлумачальныя, часам спантанныя і рызыкоўныя. Тут нешта ідзе ад галавы, нешта — ад сэрца, нешта ад рукі, якая “тчэ забыўшыся”… Але ў выніку здараецца тая алхімія, што і пераўтварае рамяство ў мастацтва. 

Ілья СВІРЫН