Безліч творчых памкненняў

Апублiкавана: 28 студзеня 2025 Стужка Выяўленчае мастацтва Мінск Тэма

Аўтар: ГРЫНКЕВІЧ Віялета

Тэму “Адзінства нацыі праз культуру і мастацтва: нацыянальныя мастацкія праекты” абмеркавалі адмыслоўцы 14 студзеня ў Мінску. 

Ключавыя творчыя ініцыятывы, запланаваныя на 2025-ты, прадставілі члены Беларускага саюза мастакоў, спецыялісты музейнай справы ды іншыя дзеячы культуры Беларусі. 

Як адзначыў старшыня БСМ Глеб Отчык, за апошнія тры гады аб’яднанне зладзіла больш за 500 мерапрыемстваў унутры краіны і за мяжой. Плённым, паводле яго слоў, будзе і 2025-ты: 

— Запланавана чатыры праекты ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы. Першы стартуе ўжо ў студзені. Працягваецца супрацоўніцтва з Узбекістанам і Казахстанам: у перспектыве разгорнуцца дзве абменныя выставы і два пленэры. Што да сувязяў з Расіяй, да 300-годдзя Варонежскай губерні прадставім габелены Аляксандра Кішчанкі. Сумесна з Расійскім саюзам мастакоў рыхтуем экспазіцыю ў Палацы мастацтва, прымеркаваную да святкавання Вялікай Перамогі. Важна ведаць сваю гісторыю і адлюстроўваць яе праўдзіва, каб дабіцца вялікага грамадскага рэзанансу. 

Шэраг мастацкіх ініцыятыў ствараюцца ва ўзаемадзеянні з Аб’яднаным мемарыяльным музеем-запаведнікам Ю.А. Гагарына. 

— Дзякуючы садзейнічанню кіраўніцтва Беларусі і Беларускага саюза мастакоў рэалізавалі мноства яркіх ідэй, — расказала куратар міжнародных выставачных праектаў установы і пляменніца знакамітага касманаўта Наталля Гагарына. — У 2022-м, напрыклад, прадставілі працы народнага мастака Беларусі скульптара Івана Міско на радзіме Юрыя Гагарына. У 2023-м матэрыялы з нашых фондаў з’явіліся на экспазіцыі “Чакайце нас зоркі” ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Беларусі. Тут жа сёлета паўдзельнічаем у VII Міжнародным фестывалі “ТэкСтыльны букет”, а ў музеі-запаведніку Ю.А. Гагарына трэці раз адкрыем беларуска-расійскую выставу “Маміны рукі”, прысвечаную жанчынам, што выхавалі сапраўдных патрыётаў. 

Пра выставу “Разам. Да 30-годдзя інстытута прэзідэнцтва”, якая цяпер працуе ў Палацы мастацтва, распавёў лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь і сябра БСМ Канстанцін Касцючэнка: 

— На выставе дэманструюцца не толькі скульптурныя праекты, але і эскізы помнікаў, устаноўленых у Беларусі за апошнія дзесяцігоддзі. Глядач можа прасачыць нялёгкі шлях ад стварэння простай мадэлі да ўвасаблення яе ў жыццё. Многія з манументаў адлюстроўваюць шматвяковую гісторыю нашай краіны. 

Дарэчы, убачыць унікальныя экспанаты і працы вядомых жывапісцаў, графікаў і скульптараў можна да 2 лютага. Уваход на выставу вольны. 

Віялета ГРЫНКЕВІЧ