Выставу, прымеркаваную да выбараў Прэзідэнта, зладзіў Беларускі саюз мастакоў.
Экспазіцыя “Разам. Да 30-годдзя інстытута прэзідэнцтва ў Рэспубліцы Беларусь” разгарнулася ў Палацы мастацтва. Да ўвагі наведвальнікаў — дасягненні ўнітарных прадпрыемстваў ГА “БСМ”: Мастацкага і Скульптурнага камбінатаў. Як адзначыў падчас адкрыцця старшыня творчага саюза Глеб Отчык, сярод краін СНД толькі Беларусь захавала такія прадпрыемствы. Яны былі мадэрнізаваныя і паспяхова працуюць. Таксама на выставе прадстаўлены работы айчынных дзеячаў мастацтва, якія з 1994 па 2024 год атрымалі ганаровыя званні, іншыя высокія дзяржаўныя ўзнагароды. Тут можна ўбачыць творы Аляксандра Кішчанкі, Паўла Масленікава, Анатоля Арцімовіча, Івана Міско, Уладзіміра Тоўсціка і Міхаіла Савіцкага (адзінага мастака, які атрымаў званне Героя Беларусі).
Па словах першага намесніка старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталлі Шаранговіч, ад задумы да рэалізацыі выставы прайшло даволі часу: адбор прац (у фондах саюза, у майстэрн я х творцаў), сістэматызацыя, пошукі экспазіцыйнага рашэння. Назва праекта не выпадковая: мастакі сапраўды разам з дзяржавай уносяць немалы ўклад у фарміраванне яе годнага іміджу. Дзяржава, у сваю чаргу, дапамагае і падтрымлівае іх. За выдатныя творчыя дасягненні ў нацыянальнай культуры, асабісты ўклад у развіццё беларускага выяўленчага мастацтва і актыўны ўдзел у мастацкім жыцці краіны члены Беларускага саюза мастакоў рэгулярна вылучаюцца на атрыманне розных узнагарод і прэмій.
Размешчаныя ў дзвюх залах рэспубліканскай галерэі работы амаль 70 аўтараў вызначаюцца жанравай (жывапіс, станковая і манументальная скульптура, кераміка, габелены) і тэматычнай разнастайнасцю. Сярод галоўных — тэма вайны і генацыду беларускага народа (работы Усевалада Швайбы, Канстанціна Касцючэнкі), спорт (творы Мікалая Апіёка, Віктара Гаўрылава), чарнобыльская трагедыя (дыптых Віктара Барабанцава), хараство беларускай прыроды (пейзажы Паўла і Уладзіміра Масленікавых). У фотаздымках і макетах можна ўбачыць манументальныя помнікі і маштабныя грамадскія аб’екты, зробленыя сіламі Мастацкага і Скульптурнага камбінатаў.
Як слушна заўважыў Аляксандр Шпакоўскі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, тут можна прасачыць гісторыю сучаснай Беларусі і гісторыю сівой даўніны. Як трагічныя старонкі, так і цяперашнія дасягненні.
Квінтэсэнцыю праекта выказаў палітолаг Аляксей Дзермант: “Гэта выстава — вынік 30-годдзя сапраўды незалежнай дзяржавы. Жывапісцы, скульптары мелі магчымасць ствараць у мірнай цудоўнай краіне. Сёння не ўсе нашы суседзі маюць такую магчымасць. І не здарма мы звязваем гэтыя поспехі з фігурай Прэзідэнта, бо менавіта ён вызначыў лёс краіны”. Выступоўца адзначыў, што творцы здолелі захаваць найлепшыя традыцыі яшчэ савецкай школы. Цяпер перад імі і ўсімі намі стаіць задача, таксама акрэсленая Прэзідэнтам: перадаць наступным пакаленням самыя важкія здабыткі, забяспечыўшы пераемнасць. І ў нашай краіны заўсёды будзе чым ганарыцца.