Прэзентацыя дакументальна-біяграфічнага нарыса “Наш Прэзідэнт” адбылася 20 студзеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. У складзе аўтарскага калектыву выдання — Наталля Эйсмант, Аляксандр Карлюкевіч, Уладзімір Пярцоў і Аляксандр Радзькоў.
Як адзначыла прэс-сакратар Прэзідэнта Наталля Эйсмант, аўтары доўга выношвалі ідэю, шукалі стыль падачы матэрыялу і форму кнігі. Аб яе падрыхтоўцы Прэзідэнт не ведаў працяглы час. У жніўні 2024 года выданне легла на галоўны працоўны стол нашай краіны, Прэзідэнт паглядзеў. Не было ніякіх адзнак, ніякіх рэакцый, толькі адзінае даручэнне: кнігу павінны пачытаць людзі розных узроставых, сацыяльных груп. Яе пачыталі праграміст і пенсіянер, дэпутат і дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі, кіраўнік аднаго з цэнтральных СМІ, профільныя эксперты па самых важных напрамках. У кожнага былі свае меркаванні і прапановы. Аўтары ўлічылі іх і дашліфавалі выданне — атрымалася сапраўды экспертна-народная праца.
У першай частцы, якая расказвае аб дзяцінстве, юнацтве, універсітэцкіх гадах і ваеннай службе, можна ўбачыць сапраўдны эксклюзіў — копіі камсамольскай характарыстыкі Аляксандра Лукашэнкі і яго студэнцкай залікоўкі. Прадстаўлены рукапісныя тэзісы кіраўніка дзяржавы, зробленыя ў момант удзелу ў Генасамблеі ААН у верасні 2015 года ў Нью-Ёрку.
Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пярцоў адзначыў, што кніга не проста ўяўляе сабой маналітны нарыс, які складаецца з трох частак, але і ўключае вялікую колькасць дакументальных матэрыялаў, ксеракопій і фатаграфій з архіваў Адміністрацыі Прэзідэнта, прэс-службы кіраўніка дзяржавы, інфармацыйнага агенцтва БЕЛТА, іншых выдавецтваў ды сродкаў масавай інфармацыі. У выданне ўключаныя выступленні і матэрыялы сустрэч Прэзідэнта з лідарамі розных дзяржаў, выступленні з трыбуны ААН.
Доктар педагагічных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі Беларусі Аляксандр Радзькоў, гаворачы аб асобе кіраўніка дзяржавы, заўважыў, што прырода заклала ў Аляксандра Лукашэнку лідарскія задаткі. Нашага Прэзідэнта вылучаюць такія асабістыя якасці, як воля, цяга да ведаў, арганізаванасць, уменне вызначыць аўтарытэтных людзей, адказнасць у прыняцці рашэнняў. Паводле слоў прафесара, аўтары пастараліся раскрыць станаўленне асобы Прэзідэнта, філасофію фарміравання эканомікі, напружанасць работы кіраўніка дзяржавы і няпростыя міжнародныя пытанні.
Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі і кіраўнік выдавецтва “Беларусь” Аляксандр Карлюкевіч выказаў вялікую падзяку ўсім калектывам, якія садзейнічалі ў падрыхтоўцы кнігі, у тым ліку выдавецкіх дамоў “Звязда” і “Беларусь сегодня”, Беларускага тэлеграфнага агенцтва, іншым рэдакцыям. Асобныя словы — роднай ВНУ Прэзідэнта — Магілёўскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя А.А. Куляшова, супрацоўнікі якога дапамагалі ў пошуку пэўных матэрыялаў і ўнікальных здымкаў.
Як паведамілі на прэзентацыі, набыць кнігу “Наш Прэзідэнт” можна ў цэнтральных кнігарнях і крамах “Першы”.
Антон РУДАК