Да высокіх стандартаў

Апублiкавана: 24 студзеня 2025 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

У мэтах далейшага паляпшэння якасці жыцця людзей, канкурэнтаздольнасці айчынных тавараў, развіцця эканамічнага патэнцыялу краіны, удасканалення сацыяльных адносін. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 31, які дае старт пяцігодцы якасці. 

Дакумент быў зацверджаны 17 студзеня. Так, у Беларусі 2025—2029 гады аб’яўляюцца пяцігодкай якасці. 

Яна прадугледжвае ўсебаковыя пераўтварэнні, нацэленыя на дасягненне высокіх стандартаў жыцця, рост дабрабыту грамадства, павелічэнне эфектыўнасці эканомікі і кіраўніцкай дзейнасці, аптымізацыю вытворчых працэсаў, паляпшэнне характарыстык тавараў, работ, паслуг. 

Указ вызначыў стратэгічныя задачы ў эканоміцы, арганізацыі жыццядзейнасці людзей, сацыяльных адносінах і ў галіне права. Гэта — стаўпы, якія складаюць асновы функцыянавання дзяржавы. 

Сярод задач — адкрыццё новых сучасных прадпрыемстваў, лічбавая трансфармацыя, забеспячэнне тэхналагічнага суверэнітэту, далейшы рост даходаў насельніцтва, прымяненне справядлівай сістэмы цэнаўтварэння, павышэнне нараджальнасці і паляпшэнне дэмаграфічнага патэнцыялу, пашырэнне прынцыпаў здаровага ладу жыцця. 

Павінны быць забяспечаны даступнасць і высокія стандарты адукацыі, медыцынскай і сацыяльнай дапамогі, развіццё жыллёвакамунальнай, транспартнай інфраструктуры, тэлекамунікацый. 

Паляпшэнню якасці жыцця людзей таксама будзе садзейнічаць далейшая дэбюракратызацыя, зніжэнне адміністрацыйнай нагрузкі на грамадзян і бізнес. 

У прыярытэце пяцігодкі — падтрыманне агульна нацыянальнага дыялогу, умацаванне інстытута сям’і, традыцыйных маральных каштоўнасцей, патрыятызму, павышэнне палітычнай і прававой культуры, забеспячэнне стабільнасці прававога рэгулявання. 

У дакуменце адзначана, што рэалізаваць задачы, зрабіць пяцігодку эфектыўнай і плённай можна толькі дзякуючы супольнай дзейнасці дзяржаўных органаў, арганізацый усіх формаў уласнасці, насельніцтва. У сувязі з гэтым будзе прадоўжана фарміраванне разумення асабістай адказнасці грамадзян за агульны вынік, захаванне незалежнасці краіны. 

Прэзідэнт даручыў Ураду сумесна з аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам прадугледзець мерапрыемствы па дасягненні задач пяцігодкі якасці ў праграмах (планах) развіцця Беларусі, галін эканомікі, рэгіёнаў.