Сёння гэта падаецца неверагодным, але ўсяго 50 гадоў таму імя Напалеона Орды ў Беларусі было практычна невядомае. Як і яго цудоўныя малюнкі, якія захавалі ў другой палове XIX стагоддзя аблічча нашай архітэктурнай спадчыны. Памяць аб знакамітым земляку ў Іванаўскім раёне пачалі ўваскрашаць мясцовыя бібліятэкары у 1970-х.
Рупліўцы скрупулёзна збіралі інфармацыю, перапісваліся з архівамі, гісторыкакраязнаўчымі музеямі і людзьмі, якія мелі дачыненне да творчасці ці жыцця Орды. З цягам часу да справы падключыліся журналісты і краязнаўцы. Аднак да ўвекавечвання памяці выбітнага дзеяча беларускай культуры дайшлі толькі на мяжы тысячагоддзяў.
У 1997-м у Іванаве з’явіўся помнік Напалеону Орду, што да гэтага часу застаецца адзіным у свеце. Затым у яго радавым маёнтку ў Варацэвічах пачаліся раскопкі, рэканструкцыі і будаўніцтвы. У выніку з’явіліся музей, галерэя і адноўленая ў першасным выглядзе сядзіба. Менавіта яна прываблівае ўсіх, хто цікавіцца выдатнай асобай і лёсам беларускага Напалеона.
Стан сядзібы падчас рэканструкцыі ў 2018 годзе
Начальнік аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама Валянціна Барадзінчык успамінае, што на аднаўленне аб’екта ў адпаведнасці з распараджэннем Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з фонду па падтрымцы культуры і мастацтва было выдзелена 824 тысячы рублёў. Сёння сядзіба з’яўляецца часткай Раённага музейнага комплексу імя Напалеона Орды.
— І адыгрывае вялікую ролю ў культурным жыцці раёна, — адзначае Валянціна Андрэеўна. — Гэта асабліва значны аб’ект. Папярэднія працы па аднаўленні памяці і спадчыны вялікага земляка вяліся нашай творчай інтэлігенцыяй больш за 40 гадоў. І дзякуй Богу, нас пачулі і падтрымалі на рэспубліканскім узроўні.
Паводле слоў Валянціны Барадзінчык, сёлета, калі Іванава з’яўляецца культурнай сталіцай, музей і сядзіба стануць месцам правядзення многіх значных мерапрыемстваў. У прыватнасці, традыцыйнага творчага праекта “Музычная гасцёўня Напалеона Орды”. Ён прымеркаваны да чарговай гадавіны з дня нараджэння мастака і адбудзецца зусім хутка — у пачатку лютага. У рамках праекта плануецца выступленне Нацыянальнага акадэмічнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь імя М.Я. Фінберга. Адбудуцца бясплатныя экскурсіі для школьнікаў, сустрэчы з творчай інтэлігенцыяй, экскурсы ў гісторыю творчай спадчыны Орды. Гэта цэлы цыкл тэматычных мерапрыемстваў, якія традыцыйна праводзяць у Іванаўскім раёне да дня нараджэння земляка.
Сучасны выгляд сядзібы
Радавая сядзіба Ордаў была аднапавярховым будынкам з мансардай, невялікімі вокнамі і гонтавым дахам. Даўжыня 38 метраў, шырыня — 19. Парадны фасад выкананы ў выглядзе чатырохкалоннага двухпавярховага порціка з невялікім балконам. У будынку было паўтара дзясятка пакояў, мноства печаў, камін — тыповая для Палесся канца XVIII стагоддзя дваранская сядзіба. Так яна выглядае і на малюнку Напалеона Орды.
Падчас імпрэзы
— Нам удалося ўзнавіць у сядзібе Варацэвічы асаблівую атмасферу, — кажа Валянціна Барадзінчык. — Людзі глыбока пранікаюцца аўрай, якая там пануе. Прыязджаючы, яны чуюць музычныя творы аўтараў ХІХ стагоддзя ў выкананні нашых калектываў. Бачаць літаграфіі, створаныя па малюнках Напалеона Орды. Яго здабыткі вельмі каштоўныя. Яны заслугоўваюць нашай удзячнай памяці і належнай увагі.
Выбітны мастак, кампазітар і музыкант Напалеон Орда пражыў яркае жыццё і пакінуў значны след у культуры. Ён сябраваў з Адамам Міцкевічам, Іванам Тургеневым, Анарэ дэ Бальзакам, Стэндалем, Фрэдэрыкам Шапэнам, Феранцам Лістам, Джаакіна Расіні, Джузэпэ Вердзі, Палінай Віярдо. Як кампазітар Напалеон Орда — аўтар больш за 20 паланэзаў, мазурак, вальсаў, накцюрнаў, полек, серэнад, а таксама рамансаў і песень на словы Вітніцкага і Плуга. Яго падручнік “Граматыка музыкі”, выдадзены ў 1873-м, многія гады быў адным з найлепшых дапаможнікаў па тэорыі музыкі.
Напалеон Орда быў дырэктарам Італьянскай оперы ў Парыжы. Па яго дакладных малюнках, зробленых падчас вандровак, мы ведаем, як выглядалі ўжо зніклыя палацы, замкі і паркі шматлікіх краін сярэдзіны XIX стагоддзя. Яго працы і сёння найкаштоўнейшыя для гісторыкаў, архітэктараў, рэстаўратараў.
Экспанат музея
Мастак пакінуў каля 200 замалёвак толькі па Беларусі. Усяго ж у яго спадчыне больш за 1150 акварэляў і графічных работ. Сярод іх архітэктурныя жамчужыны, палацы і замкі Алжыра, Германіі, Галандыі, Іспаніі, Літвы, Польшчы, Партугаліі, Украіны, Францыі.
У 1873 годзе ў Варшаве вый шаў першы том збору літа графій Напалеона Орды. На вокладцы намаляваны родны маёнтак Варацэвічы. Выяву суправаджае кранальны подпіс аўтара: “Уласнасць роду Орда на працягу 300 гадоў да 1831 года — месца незабыўнае і дарагое аўтару”.
Віктар ГАЎРЫШ