Ёсць шанц — ёсць плён

Апублiкавана: 22 студзеня 2025 Стужка Музыка Мінск Падзеі

Аўтар: ГАЎРЫШ Віктар

Трэці сезон запар навагодні тэатралізаваны паказ Гарадскога палаца культуры “Орша” збірае сяброў Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь. Гэтым разам на свяце “Алімпійская Ёлка” аршанцы прадставілі ў сталіцы праграму “Навагодняя алімпіяда Дзеда Мароза, або Космас наш!”.

НАВІДАВОКУ 

Два яскравыя паказы наведалі з бацькамі каля 1500 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 3 да 13 гадоў. Гэта дзеці і ўнукі чэмпіёнаў і прызёраў Алімпійскіх гульняў, ветэранаў спорту, прадстаўнікоў спартыўных і іншых арганізацый. Сярод гасцей таксама выхаванцы сацыяльных устаноў краіны. Юных гледачоў чакалі маляўнічыя лакацыі, разнастайныя актыўнасці, атракцыёны, авіясімулятар і фотазона. 

Самай захапляльнай часткай мерапрыемства стаў арыгінальны маштабны тэатралізаваны паказ. Папярэднічала яму святочная прамова Прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі. Віктар Лукашэнка пажадаў дзецям моцнага здароўя, актыўна займацца спор-там і спазнаваць новае. 

У праграме прыняла ўдзел першая беларуская касманаўтка Марына Васілеўская. У паказе былі задзейнічаны каля сотні спецыялістаў і юных выхаванцаў цыркавога, танцавальных і вакальных калектываў Гарадскога палаца культуры “Орша”. 

ЗАКУЛІССЕ 

Над канцэпцыяй навагодняга свята шчыравалі дырэктар ГПК “Орша” Алена Дземух і рэжысёр Дарыя Гусакова. У сцэнарыі яны павінны былі ўлічыць шэраг патрабаванняў, якія выставіў НАК. Па словах Алены Дземух, распрацоўваць нешта крэатыўнае пад дакладна вызначанае спецыфічнае заданне заўсёды цяжэй, чым займацца свабоднай творчасцю. 

— Заказчык паставіў задачу адлюстраваць алімпійскую тэматыку, — распавяла кіраўніца ўстановы культуры. — Мы — творчыя людзі, далёкія ад спорту, таму спачатку было цяжка. Але па выніку гэтая ёлка НАКа стала лепшай з трох, якія мы зрабілі. 

Алена Дземух адзначае, што для палаца праект каштоўны тым, што дае магчымасць вывезці таленавітых дзяцей з правінцыі на вялікую пляцоўку. Не сакрэт, што выканаўцы і калектывы з глыбінкі не так часта выступаюць на мерапрыемствах рэспубліканскага ўзроўню, у вялікіх залах ці на арэнах. Па словах дырэктара, на гэта ёсць аб’ектыўныя прычыны. Рэжысёры, якія ўвесь час працуюць у Мінску, звычайна запрашаюць сталічных майстроў сцэны. Як прафесійных, так і самадзейных. Пастаноўшчыкі ведаюць іх узровень і задзейнічаюць тых, у кім упэўнены, каб атрымаць гарантаваны вынік, што натуральна. Але для калектываў і выканаўцаў з рэгіёнаў гэта пэўны бар’ер у развіцці. 

— Алімпійская ёлка — шанц трапіць на вялікую сцэну, на тэлебачанне, — гаворыць Алена Дземух. — І для кожнага ўдзельніка нашага шоу навагоднія гастролі ў Мінску становяцца адной з самых запамінальных падзей у жыцці. Для маленькіх артыстаў з Оршы паехаць у сталіцу на два-тры дні і выступаць на вялікай сучаснай пляцоўцы азначае атрымаць творчы зарад і ўпэўненасць у тым, што іх мастацтва запатрабавана гледачом. 

ПАД КЛЮЧ 

Варта падкрэсліць, што Палац культуры “Орша” робіць гэты тэатралізаваны паказ “пад ключ”: не толькі стварае канцэпцыю і сцэнарый, музычнае і сцэнічнае афармленне, але і шые касцюмы. Усім гледачам запомніліся яркія і тэхналагічныя вобразы касмічных піратаў, вакал іх правадыра — зялёнай змяі — сімвала 2025 года, артыстызм Дзеда Мароза, Снягуркі і іх памочнікаў. Уразілі спецыяльна напісаныя для сёлетняга свята песні, яскравыя цыркавыя нумары і харэаграфія. Але галоўнае, што адрознівае гэтае шоу ад звычайнага дзіцячага ранішніка, — сцэна-графія. Выкарыстанне сучасных тэхналогій дазволіла стварыць атмасферу сапраўднага касмічнага падарожжа, аб’яднаўшы ў адну прастору сцэну і глядзельную залу. Зрэшты, апошнюю такой можна назваць толькі ўмоўна, бо праграма змяшчала шмат інтэрактыўных элементаў. 

ЗОРНЫ ЧАС 

На навагоднім свяце НАКа можна было сустрэць зорак спорту — пераможцаў Алімпіяд розных гадоў з дзецьмі: Аляксандра і Андрэя Багдановічаў, Аляксея Абалмасава, прызёраў гульняў Магамеда Арыпгаджыева і Марыну Літвінчук, Аляксандра Раманькова з унучкай. Адзін з найлепшых беларускіх футбалістаў Аляксандр Глеб прыйшоў на Алімпійскую ёлку разам з сям’ёй. 

Пабачыць захапляльнае відовішча змаглі не толькі спартыўныя знакамітасці і іх дзеці, але і мільёны беларусаў. Тэлеверсію шоу “Навагодняя алімпіяда Дзеда Мароза, або Космас наш!” Гарадскога палаца культуры “Орша” паказалі 31 снежня на тэлеканале “Беларусь-1”. 

Віктар ГАЎРЫШ 

Фота Ульяны КАСЦЮНІНАЙ