Прадухіліць карупцыю

Апублiкавана: 13 студзеня 2025 Стужка Афіцыйна Мінск Тэма

Аўтар: Аўтары

Колькі ні кажы “нельга”, злоўжыванне службовым становішчам не знікае. Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь абагульніла інфармацыю, звязаную з парушэннямі заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй.

Аналіз праводзіўся ў рамках плана работы камісіі па супрацьдзеянні карупцыі Міністэрства культуры на 2024-ы, зацверджанага пратаколам пасяджэння камісіі па супрацьдзеянні карупцыі ад 29 снежня 2023 года № 9. У выніку былі вызначаны напрамкі, што прывялі да парушэння антыкарупцыйнага заканадаўства. 

Афармленне абавязацельстваў па выкананні абмежаванняў, устаноўленых антыкарупцыйным заканадаўствам 

Выяўлены парушэнні артыкула 17 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб барацьбе з карупцыяй” ад 15 ліпеня 2015 года № 305З — адсутнасць адрозненняў у змесце абавязацельстваў па выкананні абмежаванняў, устаноўленых антыкарупцыйным заканадаўствам незалежна для дзяржаўных службовых асоб і асоб, якія да іх прыраўнаваны. 

Даведка: названы артыкул змяшчае забарону на выкананне іншай аплатнай працы дзяржаўнымі службовымі асобамі. Важна ра зумець, што абмежаванне датычыцца не ўсіх такіх асоб, а толькі кіраўнікоў, іх намеснікаў і галоўных бухгалтараў у дзяржаўных арганізацыях. 

Урэгуляванне канфлікту інтарэсаў 

Устаноўлены факты недастатковага кантролю за прадухіленнем і ўрэгуляваннем канфлікту інтарэсаў і, адпаведна, за выкананнем часткі першай артыкула 21 Закона РБ “Аб барацьбе з карупцыяй”. Згодна з ёй, дзяржаўная службовая асоба мусіць пісьмова паведаміць непасрэднаму кіраўніку аб узнікненні канфлікту інтарэсаў або магчымасці яго ўзнікнення, як толькі з’явяцца адпаведныя звесткі, і мае права пісьмова заявіць самаадвод ад прыняцця рашэння, ад удзелу ў прыняцці рашэння або ад іншых дзеянняў па службе (працы), якія выклікаюць ці могуць выклікаць канфлікт інтарэсаў. 

Даведка: найчасцей канфлікт інтарэсаў звязаны з прыёмам на працу або прасоўваннем па працы, улікам працоўнага часу, размеркаваннем прэмій для работнікаў, выбарам пастаўшчыка тавараў або выканаўцы паслуг. 

Перавышэнне службовых паўнамоцтваў з карыслівай зацікаўленасці

Выяўлена злачынства, якое адносіцца да часткі 2 артыкула 426 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў, учыненае з карыслівай або іншай асабістай зацікаўленасці). 

Даведка: устаноўлены выпадак, калі работнікі, якія атрымалі прэмію, павінны былі аддаць яе пэўную частку кіраўніку. Гэта перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў, учыненае з карыслівай або іншай асабістай зацікаўленасці. У адпаведнасці з часткай 2 артыкула 426 КК РБ яно з’яўляецца крымінальным злачынствам (кіраўнік караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух да шасці гадоў са штрафам або без штрафу і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю). 

Ажыццяўленне закупак 

Зафіксаваны правапарушэнні, якія ствараюць умовы для карупцыі, пры арганізацыі і правядзенні дзяржаўных закупак. Акрэсленыя выпадкі звязаны з тым, што быў няправільна вызначаны від адпаведных працэдур. 

Даведка: пункт 1 артыкула 18 Закона Рэспублікі Беларусь ад 13 ліпеня 2012 года № 419З “Аб дзяржаўных закупках тавараў (работ, паслуг)” змяшчае вычарпальны пералік відаў працэдур дзяржаўнай закупкі. 

Больш за ўсё карупцыйных рызык датычыцца закупкі тавараў (работ, паслуг) за кошт як уласных сродкаў арганізацый, так і бюджэтных. На гэтую сферу прыпадае звыш дзвюх трацін усіх карупцыйных праяў. 

Да карупцыйных рызык адносіцца і неналежны ўлік працоўнага часу. Размова пра адсутнасць кантролю за тым, як асобныя работнікі выконваюць графік працы, і адлюстраванне ў табелях недакладнай колькасці фактычна адпрацаваных гадзін, што прыводзіць да незаконнага ўзбагачэння. 

Папярэджанне непажаданых праяў 

У Міністэрстве культуры лічаць: адзін з напрамкаў прафілактыкі азначаных правапарушэнняў — ацэнка карупцыйных рызык як найважнейшы элемент антыкарупцыйнай палітыкі. Яна дазваляе забяспечыць адпаведнасць антыкарупцыйных мерапрыемстваў спецыфіцы дзейнасці арганізацыі і рацыянальна выкарыстоўваць рэсурсы для папярэджання непажаданых праяў. 

Ідэнтыфікаваць рызыкі можна, выяўляючы зоны з агульным павышаным карупцыйным фактарам. 

Прадухіленне карупцыі павінна быць накіравана ў першую чаргу на выключэнне карупцыйных рызык, у тым ліку праз распрацоўку і прыняцце адпаведных лакальных прававых актаў, канкрэтызацыю паўнамоцтваў службовых асоб, сістэмнае навучанне і павышэнне кваліфікацыі работнікаў.