На гэтым святочным тыдні адзначаюць заслугі людзей, якія зрабілі Беларусь больш багатай маральна. Кіраўнік дзяржавы ўручыў прэміі “За духоўнае адраджэнне”, спецпрэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва і прэмію “Беларускі спартыўны Алімп”.
— Калядныя дні ствараюць асаблівую атмасферу і натхняюць на добрыя справы. Гэтак было спрадвеку, — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да ўдзельнікаў урачыстасці, якія сабраліся ў Палацы Рэспублікі 8 студзеня. — Такім мы разумеем гэта светлае свята i сёння. У ім вытокі нашай цырымоніі ўшаноўвання ў першыя дні новага года лаўрэатаў прэміі “За духоўнае адраджэнне” і спецыяльных прэмій Прэзідэнта. А само мерапрыемства ўжо стала традыцыяй суверэннай Беларусі. І мы не ўяўляем гэтыя чароўныя дні без прыгожага ўрачыстага моманту — моманту заслужанай славы нашых дастойных людзей.
Па словах лідара, усе лаўрэаты — падзвіжнікі і творцы сапраўднага мастацтва, захавальнікі душы беларускага народа.
Гэта дзеячы культуры, якія захоўваюць і ўзбагачаюць нацыянальную скарбніцу, абуджаюць цікавасць да народных рамёстваў, выхоўваюць павагу да нашых традыцый.
Сярод узнагароджаных таксама свяшчэннаслужыцелі, дактары, сацыяльныя работнікі, спартсмены — людзі, якімі кіруюць самыя шчырыя пачуцці: вернасць свайму прызванню і любоў да роднай зямлі.
— Асабліва важна гэта цяпер, калі краіна рыхтуецца адзначыць свяшчэнную дату — 80-годдзе Вялікай Перамогі, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Мы беражліва захоўваем памяць аб мінулым, упэўнена рухаемся наперад і смела глядзім у будучыню.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што поспех лаўрэатаў натхняе беларусаў на новыя справы, бо ў аснове іх дзейнасці — духоўнасць і маральнасць, жыватворны эліксір для культуры, трывалай сувязі пакаленняў і традыцый. Яны і аснова адзінства нацыі, якая ведае сваю гісторыю, шануе спадчыну і клапоціцца пра будучыню. Аснова таго, што вызначае характар народа.
— Духоўнасць і маральнасць — фундамент моцнай, незалежнай дзяржавы, — акцэнтаваў Прэзідэнт. Па яго словах, дзякуючы такім патрыётам, стваральнікам, наша родная Беларусь застаецца астраўком міру, спакою, чалавекалюбства і міласэрнасці.
— Як бы нехта ні імкнуўся нас сёння расхістаць, нічога не атрымаецца, — упэўнены лідар. — Мы зберажом сваю краіну. Яна ўжо належыць нашым дзецям і ўнукам. Таму мы павінны падумаць пра іх будучыню, і мы думаем. Мы ўсё зробім у будучай пяцігодцы, каб наша краіна назаўсёды забыла праблему захавання сваёй дзяржаўнасці.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў:
— Трэба зберагчы мір для Беларусі. І мы зробім гэта разам з вамі.
Прэзідэнт павіншаваў усіх з Нараджэннем Хрыстовым, пажадаў міру, дабрабыту і “ўсміхацца, весяліцца і радавацца”.