Ад усёй душы

Апублiкавана: 10 студзеня 2025 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Рэспубліканская акцыя “Ад усёй душы” — сапраўдны сімвал клопату і павагі да старэйшых. Дабрачынны марафон праходзіць з 26 снежня па 15 студзеня. 

Праект праводзіцца па ініцыятыве Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ўжо трэці раз. Мэта — у навагодні час стварыць святочны настрой для прадстаўнікоў старэйшага пакалення, атуліць іх клопатам і прыцягнуць да гэтай справы моладзь. Менавіта ідэя сувязі пакаленняў працінае ўсю акцыю, якая праходзіць у два этапы. Першы — падрыхтоўка да ўрачыстасцей: упрыгожванне дамоў пажылых людзей, выраб сувеніраў, навядзенне парадку. Другі — віншавальны. Сацыяльныя пансіянаты, установы аховы здароўя, аддзяленні дзённага знаходжання наведваюць кіраўнікі дзяржаўных органаў, дэпутацкага корпусу, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. 

Не застаецца ўбаку і сфера культуры: 3 студзеня ў Вялікі тэатр Беларусі запрасілі больш за тысячу пажылых людзей. Цёплыя, душэўныя словы ім са сцэны сказаў міністр культуры Руслан Чарнецкі. Да віншаванняў далучылася міністр працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка. 

Для паважаных гледачоў дзіцячая студыя тэатра зладзіла канцэрт “Калядная зорка”. Юныя таленты пада рылі праграму, складзеную з навагодніх і калядных песень і гімнаў. Упрыгожаннем урачыстасцей сталі выступленні салістак оперы Дыяны Трыфанавай і Алены Золавай. Кранальным атрымалася віншаванне ветэранаў сцэны Вялікага тэатра ў камернай зале. Жадаючыя змаглі паглядзець і прадстаўленне ў фае — казку “Дзень нараджэння Снежнай каралевы”. Яскравай фінальнай кропкай свята стаў паказ чароўнага балета “Шчаўкунок” П.І. Чайкоўскага ў пастаноўцы В. Елізар’ева.